ВЫБАР ПАМІЖ ЦЭНТРАМ І ПЕРЫФЕРЫЯЙ

Напрыканцы кастрычніка ў межах «Восеньскага салона з Белгазпромбанкам» Менск наведалі вядомыя на сусветнай арт-сцэне эксперты — Аэса Сігуронсдоцір, Гаспарэ Манас, Дытар Роелстратэ, а таксама Мікалай Палажчанка і Абігайл Вінаград.

Куратары не толькі ацанілі працы беларускіх мастакоў, прадстаўленых на «Салоне», вызначыўшы пераможцаў, прайшліся па сталічных музеях і галерэях, пазнаёміліся з мясцовай арт-супольнасцю, але таксама правялі шэраг адукацыйных сустрэч. На жаль, для менскай публікі іх прыезд не стаў падзеяй: лёгкае здзіўленне выклікала паўпустая канферэнц-зала Палаца мастацтваў, хоць уваход на мерапрыемствы быў вольным. Найбольш цікавай, на маю думку, аказалася сустрэча з бельгійцам Дытэрам Роелстратэ, які працуе ў куратарскай групе маштабнай выставы сучаснага мастацтва — documenta 14, якая адбудзецца ў 2017 годзе ў нямецкім Касэлі. Адзначу, што ўпершыню за ўсю гісторыю documenta (а праводзіцца яна раз на 5 гадоў, пачынаючы з 1955-га, і з’яўляецца на сённяшні дзень найважнейшай падзеяй у сусветным арт-полі) наступная экспазіцыя будзе размешчана не толькі ў Касэлі, але і ў Афінах.

Дытэр Роелстратэ распавёў пра тое, чаму быў абраны менавіта гэты грэчаскі горад і чым прыцягвае яго як куратара Усходняя Еўропа.

Скрыншот www.documenta.de/en/

Скрыншот www.documenta.de/en/

Дытэр Роелстратэ: Я з адукацыі не куратар, не гісторык мастацтва, хутчэй, філосаф, і мяне цікавіць у першую чаргу сувязь паміж працамі і ідэямі мастакоў, тое, як мастацтва становіцца формай мыслення. Як куратар я ўспрымаю твор у якасці напісання пэўнага трохмернага тэксту.

Давайце разгледзім карціну Рафаэля Санці «Афінская школа». Тут мне больш за ўсё падабаецца ейны цэнтр: там адбываецца драма, якая адлюстроўвае заходнюю філасофскую думку. Гэта канфлікт паміж Платонам і Арыстоцелем. Платон паказвае на нябёсы, дзе, на ягоную думку, знаходзяцца ідэі. Маладзейшы за Платона Арыстоцель сцвярджае, што ўсе ідэі — на зямлі. Рафаэль жа арганізаваў дыялог так, што Арыстоцель паказвае нават не столькі на зямлю, колькі на тых, хто глядзіць на карціну. На маю думку, сучаснае мастацтва і вызначаецца канфліктнай сітуацыяй: пытаннем пра тое, дзе ж знаходзяцца ідэі — на нябёсах альбо на зямлі? На карціне можна таксама пабачыць фігуру Дыягена, які таксама сыграў тут сваю ролю: ён застаецца абыякавы да таго, куды хто паказвае — на нябёсы ці на зямлю…

pic-8

Рафаэль Санці «Афінская школа». Крыніца: www.abc-people.com/

Чаму я пачынаю з гэтай карціны Рафаэля? Таму што наступная documenta мае слоган «Вучыцца ў Афінаў». Выстава ладзіцца ў нямецкім Касэлі, горадзе, блізкім да мяжы паміж усходняй і заходняй Нямеччынай, і ў значнай ступені гэтае месца — прадукт халоднай вайны. Унікальнасць documenta 14 заключаная ў тым, што яна будзе праводзіцца ў двух гарадах — Касэлі (гістарычная глеба выставы) і ў Афінах (праўда, зала з карціны Рафаэля «Афінская школа» месціцца ў Рыме). Такім чынам, Касэль — калыска documenta, Афіны — калыска заходняй цывілізацыі.

У сучасным мастацтве актуальна вучыцца ў пэўнага горада. Вось зараз праходзіць Кіеўская біенале пад назвай «Кіеўская школа», гэта значыць, можна вучыцца ў Кіева, а падчас знаходжання тут я вучуся ў Менска. Калі вернемся да Касэля і Афінаў — зразумела, гэтыя два гарады вельмі адрозніваюцца. Тыя, хто бываў у Касэлі, ведаюць, што гэта вельмі чысты, правінцыйны, бяспечны, сумны горад. Афіны — вялікая сталіца, 4 мільёны жыхароў, брудны, шумны, небяспечны горад, але — прыгожы.

Касэль больш за ўсё ідэнтыфікуецца з выставай: на ўездзе шыльда «Дакументаштат». Гэтая падзея адбываецца тут раз на пяць гадоў, у іншы час Касэль — гэта дзірка пасярод Германіі. Дарэчы, можна ўвязаць паміж сабой Касэль і Менск — гарады былі практычна разбураны падчас Другой сусветнай вайны. Касэль быў цэнтрам ваеннай прамысловасці, таму яго моцна бамбілі саюзнікі. Горад хутка аднавіўся, у стылістыцы заходняй Германіі 1950-х, і адрозніваецца ад савецкага стылю гэтых гадоў. Дзве рэчы робяць Касэль знакамітым — documenta і браты Грым, дом якіх захаваўся ў цэнтры горада, там зрабілі дом-музей братоў Грым (дарэчы, там я зараз жыву). Браты Грым праславіліся тым, што збіралі народныя казкі, і ў documenta яны адыгрываюць сваю ролю (у якасці духоўнікаў). Мае калегі з куратарскай групы вельмі зацікаўленыя наратыўнай часткай казак братоў Грым. Ну і куратарская праца — гэта збольшага таксама гаварэнне «казак-гісторый» (у англійскай мове, дарэчы, «гісторыя» у сэнсе расповеду — частка панятка «гісторыя» ў фундаментальным сэнсе). Усё гэта ўплывае на тое, што мы чакаем і як расказваем ды вызначаем гісторыю мастацтва.

documenta3

Скрыншот www.documenta.de/en/

Ёсць багата духоўных, ментальных і іншых сувязяў паміж Касэлем і Афінамі. Цяпер вядзецца шмат гарачых дэбатаў з нагоды эканамічных адносін паміж Германіяй і Грэцыяй. І фактычна цяперашні сусветны фінансавы крызіс можна звесці да сутнасці адносін паміж гэтымі дзвюма краінамі.

Калі выходзіць за гэтыя рамкі, можна разважаць пра тое, што такое міфы Старажытнай Грэцыі. А гэта, у значнай меры, міф, створаны нямецкай фантазіяй. Я маю на ўвазе нямецкіх даследчыкаў-археолагаў: Генрыха Шлімана ды Іагана Вінкельмана, якія вынайшлі «класічную антычнасць». Немцам фактычна і належыць міф пра тое, што Старажытная Грэцыя — гэта калыска заходняй цывілізацыі. Можна правесці паралелі: афінскі Акропаліс і касэльскі Фрыдэрыцыянум, першы публічны музей у Еўропе (дзе праходзіць вялікая частка documenta 14). Калі казаць пра напружаныя адносіны паміж Мэркель і Цыпрасам, трэба яшчэ ўспомніць, што першым каралём незалежнай Грэцыі быў немец Атон І з Баварыі. Вось колькі розных сувязяў паміж Германіяй і Грэцыяй…

Адна з прычын таго, што Афіны абраныя паралельным горадам правядзення documenta 14, — той факт, што Афіны ў еўрапейскім прадстаўленні сімвалізуюць поўдзень. Гэта таксама выбар паміж цэнтрам і перыферыяй. Касэль геаграфічна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, але насамрэч гэта ніякі і не цэнтр. У той час як паўднёвыя Афіны — месца нараджэння заходняй цывілізацыі — размяшчаюцца на ўскраіне Еўропы, а наогул горад гэты паходзіць больш на Блізкі Усход, чым на Еўропу. Цяпер востра стаіць пытанне бежанцаў, яны трапляюць у Нямеччыну якраз праз Грэцыю, і менавіта Афіны становяцца брамаю ў Еўропу.

Скрыншот www.documenta.de/en/

Скрыншот www.documenta.de/en/

Калі казаць пра маю работу на documenta, я працаваў у Музеі сучаснага мастацтва ў Чыкага, быў куратарам некалькіх выставаў, раскажу пра адну. Яна называлася «Шлях лапат. Мастацтва як археалогія». Я паспрабаваў вызначыць метафарычную сувязь паміж мастацтвам і археалогіяй і звярнуў увагу на тое, што ў апошнія 10 гадоў усё больш мастакоў звяртаюцца да мінулага і робяць усё гэтак жа, як археолагі. Яны кажуць, што спрабуюць нешта «знайсці і адкапаць». Выстава пачалася ў 2009 годзе з майго эсэ, гэта значыць — спачатку быў тэкст, а потым знайшлася серыя аб’ектаў. Адным з іх стала скульптура вялікага памеру — лагатып ТV «HISTОRY».

Я хацеў гэтым сказаць, што музей сёння — свайго роду таксама «канал / крыніца гісторыі». І фактычна ўвесь свет мастацтва можа быць HISTОRY — каналам, адкуль можна даведацца пра забытыя падзеі мінулага.

Усходняя Еўропа, дарэчы, — урадлівая глеба для такіх пошукаў: тут многае душылася і было закінута. Але калі грамадства спрабуе занадта хутка пазбавіцца ад свайго мінулага (цяпер — савецкага), заўсёды знойдуцца мастакі, якія ўкажуць на гэта.

Выстава documenta 14 пройдзе ў Касэле і Афінах з 10 чэрвеня па 17 верасня 2017 года.

Тэкст падрыхтавала Ала Шарко

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology