Адкрыты прыём заявак на прэмію імя Ежы Гедройца

Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскі Інстытут у Менску абвяшчаюць пяты сезон Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.

Сёлета журы прэміі будзе працаваць паводле новага прынцыпу: асноўныя рашэнні будуць прымацца згодна з кансэнсусам. Галасаваннем будуць вырашацца толькі спрэчныя пытанні па доўгім і кароткім спісах, пераможцы ж будуць вызначацца толькі кансэнсусам сябраў журы. Сябры журы складуць фармулёўку, за што кнізе прысуджаецца I месца. Журы прэміі будзе названае ў снежні.

gedroyc_2016_712
Узнагароды, якія чакаюць трох найлепшых, паводле меркавання журы, празаікаў:
— чэк на суму, эквівалентную 10 000 еўра, ад «Ідэя Банк» — для першага месца;
— творчая стыпендыя ў Доме творчасці пісьменнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швецыя) — для другога месца;
— творчая стыпендыя ў Вентспілсе (Латвія) — для трэцяга месца.

Кнігі для ўдзелу ў конкурсе можна даслаць да 31 студзеня 2016 года праз афіцыйны сайт Прэміі: gedroyc.by, на паштовы адрас: 220050, Мінск, п/с 218, а таксама на электронны адрас: info@pen-centre.by. Заяўка мусіць утрымліваць наступныя звесткі:
а) інфармацыя пра намінатара, што вылучае твор на Прэмію: кантактныя нумары тэлефонаў і адрасы;
б) кароткая творчая біяграфія аўтара альбо ўсіх суаўтараў, калі твор напісаны ў суаўтарстве;
в) анатацыя кнігі;
г) урывак да 10 тысячаў знакаў, які будзе размешчаны на сайце Прэміі;
д) пажадана — адрасы крамаў, дзе можна набыць кнігу, ці спасылкі, па якіх яе можна спампаваць у электронным варыянце.

Да заяўкі неабходна далучыць 7 асобнікаў у папяровым і 1 асобнік у электронным варыянце. Заяўкі без электроннай версіі і 7 асобнікаў кнігі прымацца да ўдзелу ў конкурсе не будуць.

Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. Папярэднія пераможцы Прэміі: Павал Касцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько з кнігай «Час збіраць косці» (2015).

Паводле арганізатараў


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology