У Менску пройдзе 4D-прэзентацыя альбома гурта Re1ikt

Вялікая прэзентацыя новага альбома «Лекавыя травы» гурта Re1ikt адбудзецца ў клубе Re:Public 7 снежня.

re1ikt_photo

Re1ikt выправіцца з слухачамі ў падарожжа па нязведаным беларускім космасе. Музыкі будуць ствараць атмасферу не толькі з дапамогай гукаў, але забяспечаць поўнае пагружэнне праз візуальныя эфекты і нават водар сапраўдных зёлак.

«Мы хочам зладзіць своеасаблівы 4D-канцэрт, каб уцягнуць публіку ў сцэнічную дзею і акунуць у атмасферу Палесся. І тут нам дапаможа не толькі музыка, але і пах зёлак, а таксама адмысловы відэашэраг, – кажа лідар і бубнач Re1ikt Аляксандр Дземідзенка. – Спадзяюся, шоў будзе такім жа насычаным, якім атрымаўся і наш альбом».
Адкрые імпрэзу лідар фолк-гурта Vuraj Сяржук Доўгушаў, які зайграе на незвычайным інструменце-рыбе. Паўдзельнічае ў прэзентацыі «Лекавых траў» і VJ Al Mededsky з Масквы – ён пад музыку Re1ikt у рэальным часе створыць адмысловы відэашэраг. Не абыдзецца выступ і без старых песень, якія музыкі выканаюць на замову паклоннікаў у асобнай частцы шоў. Плануецца, што відэазапіс канцэрту будзе выдадзены на DVD. Зрэшты, слухачоў чакаюць яшчэ шмат сюрпрызаў, пра якія ўдзельнікі гурта пакуль не распавядаюць.

«Лекавыя травы» – канцэптуальная праца, натхнёная Беларуссю. Музыкі лічаць, што нават самы далёкі ад беларускай культуры чалавек, паслухаўшы гэты альбом, зможа ўявіць, як гучала Палессе стагоддзі таму, і як гучыць цяпер.

На новым дыску можна знайсці народныя песні з разных куткоў палескага рэгіёну, а таксама кампазіцыі, складзеныя музыкамі паводле твораў класікаў беларускай літаратуры. Да кампазіцыі «Зрушаны свет» з альбома «Лекавыя травы» выйшла музычнае відэа, якое на YouTube праглядзелі больш за 3,5 тысячы разоў.
Сёлета Re1ikt намінаваны парталам Tuzin.fm на прэмію «Героі году», цырымонія уручэння якой адбудзецца ў сярэдзіне снежня. Цікава, што калектыў ужо атрымліваў гэтую ўзнагароду ў 2013 годзе.

Re1ikt – гурт, які гарманічна спалучае моцную энергетыку з арыгінальным гучаннем. Па сваёй стылістыцы блізкі да такіх накірункаў, як progressive rock, post rock, art rock і alternative rock. Аднак сучасныя музычныя плыні Re1ikt аб’ядноўвае з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, робячы яго актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае. Re1ikt атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве і Расіі.

re1ikt_afisha_republic


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology