Супольны арт-праект аб тузе на сушы «МАРА МАРАКА»

11-19 снежня 2015
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці 37а)

Супольны арт-праект аб тузе на сушы «МАРА МАРАКА»

Пры канцы дужа складанага году так хочацца разняволіцца і падумаць: пра тое, што было, пра тое, чаго не адбылося (а так праглася!), шырока ўздыхнуць ды і ўпырхнуць у свет мрояў далёка-далёка… З 11 да 19 снежня Галерэя «Ў» дасць вам магчымасць памарыць аб бязмежных абсягах мора і занурыцца ў глыбокія воды сваіх і чужых фантазіяў.

unnamed

Почасту мы аддаемся ўладзе побыту. Людзі і рэчы, ежа і напоі робяцца часткай руціны. Гісторыі, водары, колеры перастаюць хоць нешта значыць. Усё гэта трывожны стан сучаснасці. Шмат якія прадметы, поўныя дзівосных гісторыяў і сімвалічных значэнняў, трацяць сваю важнасць і знікаюць для чалавека. Так адбылося з цяльняшкай, прадметам колісь знакавым, напоўненым гісторыямі, які сёння ператварыўся проста ў модную саколку з палоскамі, пазбаўленую ўсякай адметнасці.

Колісь сапраўдная цяльняшка складалася не толькі з палосак, але таксама з процьмы міфаў і гісторый. Якім бы марак мараком не быў — вайсковым, рыбаром, купцом — усё роўна ён ведае больш, чым мы, якія гібеюць на сушы, нават калі нічога, акрамя порта ён у сваім жыцці не бачыў. Кожная ягоная карабельная выправа ў новыя краі поўнілася безліччу міфаў і казак, якія яму распавядалі старэйшыя таварышы, а пасля ўпрыгожваліся ўласнымі дэталямі. Гісторыі аб портавых корчмах, прастытутках, злачных мясцінах, у якія час ад часу выпадала выбрацца камусьці з каманды.

І цяльняшка, якая выпадкова трапляла нам у рукі, часцей за ўсё «брыняла» гэтым апавядальным водарам: з прыгодамі, з дзірамі, якія выдаюцца за кулявыя раненні, з вымысленнай героікай разадранага рукава, з заморскімі гісторыямі кахання.

За цяперашнім светам, калі шмат чаго стала руцінным, хочацца, каб у вобразе цяльняшкі зноў паўстала спантаннасць. Каб чалавек, які ўзяў гэтую вопратку ў рукі, знянацу адчуў дух прыгодаў. Прыгоды — гэта ж неабавязкова рызыка, не абавязкова доўгае блуканне, але ж гэта, без сумневаў, эмоцыі, вялікая колькасць разнастайных перажыванняў. Яны могуць быць ад чаго хаця: ад здарэння, ад убачанай красуні або ад глытка дагэтуль невядомага віна. І зусім неабавязкова, што яно нейкае фантастычнае на смак, але можа выявіцца, што проста чалавек, які паставіў яго на стол — варты захаплення і зацікаўлення.

Як жа вярнуць цяльняшках гісторыі? Мінскія мастакі, музыкі і фатографы розных пакаленняў узяліся за працэс стварэння новых цяльняшах, з новымі гісторыямі. На выставе вы ўбачыце аўтарскія варыяцыі. Але ж як будуць малявацца палоскі, якой яны будуць шырыні, ці роўныя, з хвалямі — пакуль што пра гэта ведаюць толькі аўтары.

Цягам усяго выставачнага праекту вас чакае насычаная праграма: фэст аўтарсай песні «Піраты Мінскага мора», імпрэзы, майстар-класы, паэтычныя чытанні, гульня «Марскі бой» ды іншыя забаўкі.

Працоўная група праекта: Ігар Корзун, Сафія Садоўская, Валянціна Кісялёва, Ганна Чыстасердава, Вольга Мжэльская.

Адкрыццё 11 снежня, а 19-й гадзіне

Уваход вольны, але з абавязковым пільнаваннем марскога дрэс-коду на адкрыцці.

Галерэя «Ў» выказвае ўдзячнасць Кнігарні ЛогвінаЎ за дапамогу ў падрыхтоўцы тэкста да выставы.

unnamed-2


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology