ПУБЛІЧНЫ ТЭАТАР — ПРЫТУЛАК ПАД НАПРУЖАНЬНЕМ

pARTisan #29’2015. Тарашкевіца

2015 год абяцае быць сьвятам польскага тэатру. 19 лістапада мы будзем адзначаць 250-ю гадавіну першага выступу калектыву, які паўстаў з ініцыятывы Станіслава Аўгуста Панятоўскага й стаўся асновай першага сталага прафэсійнага публічнага тэатру ў Польшчы. Прэм’ера камэдыі «Дакучныя» Юзафа Бяляўскага, што адбылася ў лістападаўскі вечар 1765 году, даўно лічыцца вытокам такой важнай для польскага культурнага жыцьця ўстановы, як Нацыянальны Тэатар (Teatr Narodowy), і адначасова пачаткам гісторыі інстытуцыйнага публічнага тэатру ў Польшчы.

У выніку ў 2015 годзе мы будзем сьвяткаваць дзьве даты: 250 гадоў існаваньня Нацыянальнага тэатру ў Варшаве й 250-гадовы юбілей польскай публічнай сцэны.

Скрыншот віртуальнай выставы Google

Скрыншот віртуальнай выставы Google

Наколькі першая дата лёгказразумелая (што ня значыць непраблематычная), настолькі ж панятак «публічны тэатар» вымагае тлумачэньня й удакладненьня. З эканамічна-арганізацыйнага гледзішча публічны тэатар адрозьніваецца ад іншых тэатраў (перш за ўсё, ад тэатраў прыватных) тым, што ягонае фінансаваньне адбываецца з публічных сродкаў (дзяржаўных, мясцовых) суадносна з уласьцівымі яму вагою й вартасьцю ў грамадзкім і індывідуальным жыцьці, а таксама ў нацыянальнай культуры й спадчыне. Такое вызначэньне ёсьць своеасаблівым «цьвёрдым ядром» публічнага тэатру й дазваляе лёгка акрэсьліць ягоныя межы й мэты. Гаворачы прасьцей, гэты тэатар дзейнічае не для прыбытку, а для грамадзкай карысьці.

Мэта публічнага тэатру — не максымальнае фінансавае ўзбагачэньне, а захаваньне й разьвіцьцё такіх нематэрыяльных каштоўнасьцяў, якімі часта й няслушна грэбуюць. А між тым у некаторых выпадках менавіта яны маюць вырашальнае значэньне ў справе існаваньня й посьпеху ўсяго грамадзтва й асобных людзей.

Натуральна, гэта не азначае, што публічны тэатар можа функцыянаваць па-за прынцыпамі эканомікі й рацыянальнай фінансавай гаспадаркі. Тут маецца на ўвазе, што ў яго выпадку ёсьць рэчы, важнейшыя за фінансавыя й эканамічныя ўмовы, і пра гэта трэба няспынна нагадваць, асабліва сёньня, у часы тыраніі эканоміі. Кажучы словамі вялікага актора й рэжысэра Юльюша Астэрвы, публічны тэатар — гэта не прадпрыемства, але пачынаньне. Адсюль мы маем некалькі істотных высноваў — і адначасова праблемаў, прынцыповых для гісторыі й сучаснасьці тэатраў такога тыпу.

Асноўнае пытаньне гучыць так: як ахарактарызаваць гэтыя «нематэрыяльныя каштоўнасьці»? Хто мае права й уладу, каб прымаць рашэньне з нагоды неэканамічнага фармату публічнага тэатру?

2

Скрыншот віртуальнай выставы Google

Адказаць на такое пытаньне зусім ня проста, а гісторыя й падзеі сучаснасьці дэманструюць, наколькі рознымі могуць быць такія адказы. І тут актуалізуецца другое значэньне слова «публічны» — датычны прасторы й грамадзкай дыскусіі на тэму прасторы й працэсу свабоднага абмену поглядамі, абмеркаваньня ня з мэтай (як гэта здараецца сёньня даволі часта) зьнішчыць ці пераважыць апанэнта, але дзеля таго, каб выпрацаваць рашэньні, прымальныя для як мага большай колькасьці суграмадзянаў.

У такім кантэксьце публічны тэатар зьяўляецца часткай публічнага жыцьця, грамадзянскім інстытутам, месцам і прыладай дыскусіі па пытаньнях, якія супольнасьць прызнае для сябе найбольш істотнымі.

Гэты грамадзкі дыялёг у тэатры адбываецца крыху інакш, чым у іншых месцах. Ягоная падстава — не абмен меркаваньнямі й дынамічнае супрацьпастаўленьне гледзішчаў. Сутнасьць грамадзкага дыялёгу ў тэатры — пастаноўка акторамі (якія валодаюць асаблівымі ўменьнямі, а таксама адметнай чалавечай і грамадзкай чуласьцю) комплексных дыягназаў на матэрыяле функцыянаваньня супольнасьці й асобных індывідаў. Гэтыя дыягназы могуць мець (і часта маюць) характар правакацыі, крытычных атакаў ці наўпрост кпінаў і іроніі, менавіта тады ў іх ёсьць шанц на рэакцыю й рэфлексію.

Сілай тэатру заўсёды былі дзьве ягоныя элемэнтарныя й шчыльна зьнітаваныя між сабою ўласьцівасьці: здольнасьць да сынтэтычнага паказу рэчаіснасьці й непасрэднае ўзаемаўдзеяньне ўсіх удзельнікаў тэатральнай падзеі, то бок спэктаклю. Няпроста перадаць гэтыя мэханізмы словамі, але кожны, хто прыходзіць у тэатар, ведае, наколькі адрозьніваюцца карціны жыцця на экране (усё адно, кіно гэта, тэлебачаньне ці віртуальны сьвет) ад тых, якія тут і цяпер ствараюць разам з намі жывыя акторы. Нягледзячы на адносна невялікі маштаб дзеяньня, сіла тэатральнага абмену думкамі й пачуцьцямі надзвычай магутная, таксама й таму, што тэатар (як жывое й шматвымернае мастацтва) дае творцам і гледачам непасрэдную магчымасьць адчуць складанасьць сьвету. Ужо сам факт таго, што перад намі адначасова знаходзяцца і акторка, і ўвасоблены ёю вобраз, дае нам тое адчуваньне, пра якое мы так часта забываем сёньня: рэчаіснасьць (асабліва чалавечая рэчаіснасьць) — панятак шматаблічны, шматаспэктны, далёкі ад уніфікацыйных схемаў і стэрэатыпаў. Тэатар вучыць нас заўважаць гэтую шматвымернасьць, падкрэсьлівае ейную вартасьць, а таксама падштурхоўвае да рэфлексіі над уласнымі перакананьнямі й поглядамі.

Менавіта такія функцыі адмысловым чынам выконвае публічны тэатар. Гэта не азначае, што іх не выконвае прыватны тэатар. Яны ёсьць сілаю тэатру як зьявы, таму натуральным падаецца й тое, што іх выкананьне не залежыць ад таго, хто за тэатар плаціць. Аднак лёгка заўважыць, што ў выпадку фінансавай залежнасьці ўстановы ёй нашмат цяжэй супрацьстаяць пашыраным у грамадзтве перакананьням, нашмат цяжэй парушыць і паставіць пад пытаньне замацаваныя стэрэатыпы. Нашмат больш вялікая пагроза абмежавацца забаўленчай функцыяй.

Скрыншот віртуальнай выставы Google

Скрыншот віртуальнай выставы Google

Забаўляльныя тэатры, натуральна, патрэбныя, і аніводны разважны чалавек ня будзе імкнуцца ліквідаваць іх ці прызнаваць шкоднымі, але іхныя функцыі й прынцыпы дзейнасьці істотна адрозьніваюцца ад функцыяў і прынцыпаў публічнага тэатру, які павінен трапіць пад асаблівую ахову толькі таму, што часта ідзе насуперак грамадзтву.

Такім чынам фармулюецца некалькіх важных умоваў існаваньня й функцыянаваньня публічнага тэатру згодна зь ягонай грамадзкай — ня будзем баяцца гэтага слова — місіяй.

Першая з умоваў гучыць так: публічны тэатар мае быць даступны для кожнага й адкрыты для разнастайнасьці меркаваньняў і галасоў, нават для такіх, якія супярэчаць пазыцыі ягоных стваральнікам (што можа й нават павінна выклікаць крытычнае стаўленьне, палеміку й дыскусію). Гэта абавязковая ўмова дзеля таго, каб публічны тэатар ня трапіў у пастку аднабаковасьці. Таксама гэта азначае неабходнасьць актыўнага пошуку магчымых сустрэчаў і супастаўленняў з рознымі глядацкімі групамі, у тым ліку вымагае гастрольнай, адукацыйнай дзейнасьці й адкрытага доступу да тэатру людзям з абмежаванымі эканамічнымі мажлівасьцямі. Абмежаваньне асяродзьдзем знаўцаў і тэатраманаў — адна з найбольш сур’ёзных небясьпекаў для публічнага тэатру.

Іншая праблема датычыць стасункаў з уладай, якая кіруе прызначанымі на функцыянаваньне тэатру публічнымі сродкамі. І раней, і цяпер гэтае кіраваньне магло выкарыстоўвацца як інструмэнт палітычнага й ідэалягічнага кантролю. Межы паміж разважным, абавязковым кантролем за абачлівым выкарыстаньнем грошай падаткаплатнікаў і ажыцьцяўленнем ідэалягічнага й палітычнага нагляду (ці наўпрост цэнзуры й абмежаваньня свабоды слова й мастацкага выказваньня) вельмі хісткія, іх цяжка ўпісаць у прававыя нормы. Каб засьцерагчы сябе ад іх парушэньня, неабходныя мудрасьць і сталасьць як з боку ўлады, так і з боку людзей тэатру. Абодва бакі павінны разумець, што яны зьяўляюцца не ўладальнікамі гэтага незвычайнага інструмэнту, а толькі апекунамі, абавязанымі карыстацца ім як мага больш дбайным чынам.

Публічны тэатар у такім разуменьні й у такім стылі функцыянаваньня мае шанц стаць прасторай творчай і інтэлектуальнай свабоды, інструмэнтам крытычнай думкі. Акурат апошні пункт падаецца асабліва важным, і я дазволю сабе яшчэ раз падкрэсьліць, што публічны тэатар — гэта прастора досьведу й рэфлексіі, сутнасьць якой у супрацьпастаўленьні спосабам мысьленьня, прынятым і замацаваным у жыцьці гледачоў.

Несумнеўна, што тэатар ня мае такой сфэры й сілы ўзьдзеяньня, як кіно, тэлебачаньне ці інтэрнэт. Але менавіта таму ён захоўвае сваю вагу як месца канфрантацыі й рэфлексіі. Выступаючы супраць неадпаведных іх поглядам, густу й уяўленьню тэатральных прапановаў, людзі часта карыстаюцца аргумэнтамі, запазычанымі ў нашмат больш масавых сродкаў інфармацыі. А тым часам менавіта пэўная элітарнасьць і камэрнасьць тэатру дазваляюць яму захаваць выключную пазыцыю ў сьвеце сродкаў масавага камунікацыйнага зьнішчэньня. Дзейнічаючы безь вялікага размаху, тэатар мае шанцы ня проста павялічваць ахоп аўдыторыі ўшыркі, але таксама ісьці ўглыб, закранаючы новыя праблемы й ставячы чарговыя пытаньні. У ХІХ, а таксама й у ХХ стагодзьдзях тэатар бываў «храмам» калектыўных захапленьняў і квазырытуальных перажываньняў. Здавалася, што ў ХХІ стагодзьдзі тэатар спрабуе ўцякаць ад гэтага, выбіраючы сабе месца на супрацьлеглым полюсе грамадзкіх цырымоніяў — як прылада скептыцызму, крытыкі, а часта й кплівай іроніі, што абараняе ад небясьпекі безрэфлексійнага падпарадкаваньня калектыўным эмоцыям.

Скрыншот віртуальнай выставы Google

Скрыншот віртуальнай выставы Google

Важнай часткаю дзейнасьці публічнага тэатру ў такім разуменні ёсьць наладжваньне дыялёгу зь мінулым. Гэта наступная кропка ўзгараньня, якая, асабліва ў Польшчы, сутыкаючыся з ўсё яшчэ магутным уплывам традыцыяў, выклікае шмат спрэчак і канфліктаў, у вялікай ступені сканцэнтраваных вакол пытаньня «клясыкі». Ізноў справа падаецца вельмі складанай і неаднароднай.

З аднаго боку, менавіта ад тэатру чакаюць публічнага падтрыманьня сувязяў зь мінулым, у тым ліку ў сэнсе працы над захаваньнем такой часткі яе нематэрыяльнай спадчыны, якая належыць да тэатральнага мастацтва. Цудоўным прыкладам тут могуць выступаць камэдыі Аляксандра Фрэдры, зьвязаныя са старадаўняй акторскай традыцыяй, перадаванай з пакаленьня ў пакаленьне. Гэтая традыцыя — спосаб вымаўленьня тэксту, інтэрпрэтацыйны й выканаўчы падыход — ёсьць каштоўнасьцю сама па сабе, гэтаксама як даўнія вясельныя абрады, народныя песьні, танцы, калядныя спэктаклі. Тую традыцыю нельга захаваць у музэях і архівах, бо яна існуе толькі жыўцом, у акторскім увасабленьні. Ейны грамадзкі кантэкст зьнік, гэтаксама як зьнік грамадзкі кантэкст прамоваў вясельнага маршалка ці абраду пакладзінаў, але гэта не азначае, што мы павінны адмаўляцца ад яе, зьбядняючы такім чынам рэсурсы родных традыцыяў. Зь іншага боку, публічны тэатар, ідучы за сваім пакліканьнем, асабліва моцна адчувальным у сёньняшнім кантэксьце, ня схільны да «археалягічных» працаў на грунце гістарычных канцэпцыяў і старых тэкстаў. Найчасьцей ён крытычна ставіцца да мінулага, выкрываючы сучаснасьць і ўладу, якую анахранічныя схемы й міты ўсё яшчэ ўтрымліваюць над сёньняшнімі палякамі, ці таксама паказваючы ейныя цьмяныя бакі. Не выпадае прымушаць тэатральных творцаў абавязкова прыняць пэўную пазыцыю ў дачыненьні да мінулага. Можна хіба што заахвочваць і ствараць усе магчымасьці дзеля таго, каб уважліва разгледзець даробак папярэднікаў, успрымаць іх як партнэраў і саюзьнікаў, старэйшых братоў, якіх, нават пры крытычным стаўленьні, трэба паважаць.

Пішучы пра ўсе гэтыя задачы й функцыі публічнага тэатру, не магу не заўважыць, што іх рэалізацыя патрабуе выключнага майстэрства й мастацкіх здольнасьцяў, а часта таксама пошукаў новых спосабаў дзейнасьці й новых сродкаў выразнасьці. У пэўнай ступені менавіта публічны тэатар быў і застаецца інструмэнтам выпрацоўкі наватарскіх мэтодыкаў працы й трэнінгу, арыгінальных інсцэнізатарскіх і акторскіх прапановаў, незвычайных прачытаньняў і правакацыйных інтэрпрэтацыяў. Тут варта ўзгадаць, што два найбольш «лябараторныя» польскія калектывы ХХ стагодзьдзя — Тэатар-Лябараторыя Ежы Гратоўскага й «Cricot 2» Тадэвуша Кантара паводле сваёй арганізацыйнай формы былі публічнымі тэатрамі, і, хоць іх часта ўспрымалі як экзатычныя «экспэрымэнты», але зь сёньняшняй пэрспэктывы асабліва выразна бачна, што «Памерлая кляса» ці «Apocalypsis cum figuris» зьяўляюцца прыкладамі надзвычай інтэнсіўнага досьведу, які істотна паўплываў на публічную сфэру. Гэтаксама сучасныя, арыгінальныя й ацэненыя за мастацкую інавацыйнасьць спэктаклі Крысьціяна Люпы ці Кшыштафа Варлікоўскага даюць прастору для вельмі інтэнсіўных дыскусіяў пра ключавыя пытаньні грамадзкага жыцьця.

Натуральна, публічны тэатар не абмяжоўваецца згаданымі вышэй функцыямі. Гэта таксама месца сустрэчаў, адмысловае таварыскае сьвята, што вылучаецца на тле штодзённасьці. Гэта знак прэстыжу, прыкмета культурнай сілы таго асяродзьдзя (гораду, рэгіёну), дзе ён існуе й дзейнічае. Урэшце, гэта яшчэ й месца адпачынку, дзе можна адарвацца ад звыклай сфэры дзейнасьці. Сёньня гэта таксама — і такі аспэкт варта асабліва падкрэсьліць — установа культуры, якая вядзе дзейнасьць значна больш шырокага маштабу, чым падрыхтоўка й паказ спэктакляў. Тэатры ладзяць дыскусіі, майстар-клясы, канцэрты й прэзэнтацыі твораў іншых відаў мастацтва, выкарыстоўваюцца як галерэі, выдаюць кнігі й часопісы, рэалізуюць адукацыйныя праекты…

Скрыншот віртуальнай выставы Google

Скрыншот віртуальнай выставы Google

Гэта магутныя культурныя цэнтры часта надрэгіянальнага маштабу, якія маюць дачыненьне да зьмены вобразу й ўзроўню прывабнасьці месца, зьвязанага зь іхнай дзейнасьцю.

Гэтаксама яны падкрэсьліваюць і рэалізуюць свой статус публічнага інстытуту, які — неабавязкова эфэктыўна й захапляльна, а хутчэй, далікатна й ускосна — спрычыняецца да разьвіцьця публічнай сфэры й уплывае на ейную форму.

Таму тым больш непакояць заявы й спробы ўзяць гэтае поле пад жорсткі палітычны кантроль, абмежаваць ягоную свабоду, што часта адбываецца пры зманлівых закліках выконваць чаканьні «простага гледача». Няма чаго хаваць, многія тэатры ў Польшчы апынуліся пад пагрозай адчужэньня з боку навакольнага асяродзьдзя й замыканьня кола сваіх аматараў. Да таго ж у справе наладжваньня аўтэнтычнага дыялёгу з публікай многія тэатры павінны яшчэ шмат зрабіць. Але такія намаганьні прыкладаюцца, і было б няпраўдай сказаць, што польскія тэатры ня слухаюць «простага гледача». І гэта, аднак, ня значыць, што яны павінны дзейнічаць, як іншы публічны інстытут, зьнішчаны грашыма й палітыкай, — тэлебачаньне.

Калі ўжо паўсюль і ўсім кіруюць аўдыторыя й зьвязаная зь ёю аблудная гладкасьць сытуацыі, то пакіньма сабе гэты адносна невялікі прытулак, то бок тэатар, каб час ад часу мець дзе пачуць пару нязручных і рэзкіх словаў, пасьмяяцца зь сябе саміх і пераканацца, што жыцьцё магчымае таксама дзесьці яшчэ. 

Дарыюш Касінскі (Dariusz Kosiński)

Пераклад з польскай мовы Марыі Пушкінай. Арыгінальны артыкул можна прачытаць ТУТ.

Крыніца фота: віртуальнай выстава Google.

2015 © Copyright Instytut Teatralny, Projekt 250 lat teatru publicznego w Polsce

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology