Часам даводзіцца выбіраць, але гэта ж цудоўна, праўда?

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

 Юля Цімафеева, паэтка, перакладчыца:

Фота А. Бахарэвіча

Фота А. Бахарэвіча

Натуральна, для мяне падарункам году ў літаратурнай сферы было ўручэнне Нобелеўскай прэміі беларускай аўтарцы Святлане Алексіевіч. Няхай гэтая падзея выклікала шырокую дыскусію і спрэчкі, але, тым не менш, мне падаецца, яе значэнне цяжка пераацаніць. З аднаго боку, прэмія прымусіла беларускую публіку, нават далёкую ад літаратуры, загаварыць пра кнігі, пісьменнікаў і пісьменніц, а з другога – практычна адкрыла нашу краіну свету.

Ці зменіцца агульны літаратурны рэйтынг Беларусі, ці зацікавяцца замежныя выдаўцы іншымі нашымі аўтарамі – будзе бачна крыху пазней, аднак пэўны розгалас, думаю, ужо пайшоў.

Мяне вельмі цешыць і тое, што першага сапраўднага Нобеля для Беларусі здабыла жанчына. Наогул мерапрыемствы, прысвечаныя жаночаму (у палітычным сэнсе) мастацтву мяне парадавалі. Да прыкладу, вельмі паказальнай у гэтым плане была выстава «Людміла Русава. Татальны перформанс», якая прайшла ў галерэі «Ў». Цікавымі былі імпрэзы, арганізаваныя ў межах гэтай выставы: лекцыя Агаты Адамецкай-Сітэк (Польшча) «Фемінізм у сучасным польскім тэатры», дыскусія «Фемінісцкае мастацтва: паміж візуальнай мовай і палітычным выказваннем» і інш. Натуральна, гэта не першыя спробы загаварыць пра фемінісцкае мастацтва і фемінісцкую крытыку мастацтва ў Беларусі, але хочацца, каб гэтая тэма абмяркоўвалася часцей і больш сістэматычна. Спадзяюся, у наступным годзе мы будзем гаварыць пра гэта больш.

Я вельмі радая, што ў самым пачатку года быў прэзентаваны мой дэбютны зборнік паэзіі і перакладаў «Кніга памылак», і ў многім гэты год для мяне асабіста прайшоў пад яе знакам. Увесь гэты час мы адначасова прывыкалі і адвыкалі адна ад адной.

У жніўні гэтага года ў Беларусь прыязджала паэтка Вальжына Морт, якая ўжо даволі працяглы час жыве і працуе ў ЗША. Я асабіста вельмі люблю паэзію Вальжыны, яна мне самой блізкая, а таму было вельмі прыемна, што паэтка пагадзілася зладзіць у гэты свой прыезд на радзіму выступ у кнігарні «Логвінаў». Людзей прыйшло даволі шмат. Крэслы паставілі проста перад кнігарняй на вуліцы, бо ў самім памяшканні стаяла жнівеньская задуха. Вальжына адказвала на пытанні, чытала свае жывыя, налітыя крывёю і музыкай вершы. Магчыма, у наступным годзе мы пабачым яе новы беларускі зборнік паэзіі.

Яшчэ адна важная, як на мяне, падзея 2015 года – гэта выхад рамана Альгерда Бахарэвіча “Дзеці Аліндаркі”. Балючай, страшнай, іранічнай казкі пра беларускамоўных дзяцей і апантаных дарослых. Я думаю, гэта вельмі важная і вельмі сучасная кніга, якая задае пытанні пра цяперашнюю і будучую моўную сітуацыю ў нашай краіне, пра ўладу мовы над намі і нашу ўладу над ёй. Але, канешне, гэта яшчэ і вельмі добра напісаны раман. Я была сведкай яго стварэння, а таму ў многім для мяне яго выхад яшчэ і прыватная радасная падзея.

Фрагмент вокладкі

Фрагмент вокладкі

Радуе, што ў Беларусі з’яўляюцца ўсё новыя літаратурныя прэміі. Сёлета ўпершыню была ўручаная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтра «Кніга года». У трох намінацыях яе пераможцамі былі Альгерд Бахарэвіч за раман «Дзеці Аліндаркі» (Проза), Антон Рудак за зборнік «Верхні горад» (Паэзія), Людміла Рублеўская за кнігу «Авантуры Студыёзуса Вырвіча» і Вольга Гапеева за кнігу «Сумны суп» (Дзіцячая літаратура). На наступны год было вырашана намінацыю «Дзіцячая літаратура» вынесці ў асобную прэмію. Такім чынам, ужо цяпер прымаюцца кнігі для дзяцей і падлеткаў на прэмію імя Цёткі, якая будзе ўручаная як дзіцячым пісьменнікам, гэтак і мастакам-ілюстратарам.

Значнай з’явай мастацкага жыцця быў «Месяц фатаграфіі», падчас якога вялікая колькасць фотавыставаў адбывалася на самых розных незалежных і дзяржаўных пляцоўках Менска. Мяне асабіста вельмі ўразіла выстава Марціна Пара і Рымалдаса Вікшрайціса «Рэальны свет», якая праходзіла ў галерэі «Ў». На каляровых фотаздымках Пара «культурна» адпачываюць прадстаўнікі сярэдняга класу, на чорна-белых Вікшрайціса — бяруць ад жыцця ўсё, не клапоцячыся ні пра якую культуру, ягоныя землякі з глухой літоўскай вёскі. Наколькі гэта сапраўды рэальны свет і чаму свет гледачоў гэтай выставы, тых, хто знаходзіцца па гэты бок фатаграфіі, не рэальны, для мяне вялікае пытанне. Наведніца выставы, прыгожа апранутая маладая дзяўчына з чырвонымі вуснамі, набліжаецца да аднаго з фотаздымкаў Вікшрайціса. Прыкладам, да таго, дзе вусаты мужчына кусае адрэзаную свіную галаву ў брудным белым тазіку за вуха, вочы мёртвай свінні заплюшчаныя, а другі мужчына крычыць нешта першаму проста ў твар.

Мне падабаецца ўяўляць, з якім задавальненнем героі Вікшрайціса маглі б углядацца ў фотаздымкі гэтай прыгажуні з чырвонымі вуснамі, з не меншым, чым яна ў іх, дакладна. Ці зрабілася б гэтая дзяўчына менш рэальнай, калі б апынулася на здымку?..

Вельмі радуе, што асаблівую папулярнасць у розных культурных сферах у 2015 годзе набыў фармат адкрытых лекцый, прысвечаных самым розным тэмам. Літаратура таксама падхапіла гэты трэнд. Лекцыі гучалі і ў кнігарні «Логвінаў», і ў музеі Петруся Броўкі, і на іншых пляцоўках. Людзі прыходзяць на гэтыя мерапрыемствы, прагнуць новых ведаў, а значыць, не ўсё страчана, значыць, мы расцем і развіваемся.

Наагул я мушу сказаць, што колькасць культурных імпрэзаў – і літаратурных, і тэатральных, і мастацкіх – значна павялічылася ў параўнанні з мінулымі гадамі. І хоць часам, на жаль, даводзіцца выбіраць, куды менавіта пайсці ў гэты вечар, але агулам гэта ж цудоўна, праўда?


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology