Дэцэнтралізацыя, выхад за межы, крытыка і архівы

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Аксана Жгіроўская, куратарка, арт-крытык:

zxgirouskaja

Я б хацела вылучыць некаторыя тэндэнцыі ў арт-полі Беларусі, якія мне здаюцца істотнымі.

Тэндэнцыя дэцэнтралізацыі, зрух цэнтра мастацтва і кулькуры з Менску ў іншыя рэгіёны краіны. Я б адзначыла Берасце і працу прасторы «КХ», на базе якой ладзяцца выставы, а таксама вялікая колькасць лекцый, дыскусій сумесна з «Еўрапейскім кафэ». Сюды ж варта аднесці праект Руслана Вашкевіча ў Гомелі «Ідзі і глядзі» (канец 2014 – пачатак 2015), ягоны праект «Культпралёт» у Віцебску і Полацку. Праект «Напалеон і горад БЭ» ў Барысаве ад супольнасці «Барысаўская мыза». Я лічу тэндэнцыю дэцэнтралізацыі станоўчай, таму што яна ініцыюе ўключэнне мала заяўленых на беларускай сцэне сучаснага мастацтва прастораў і арт-агентаў, уцягвае гледачоў у свет сучаснага мастацтва, і я спадзяюся, што ў далейшых гэтая тэндэнцыя будзе развівацца і мы ўбачым з’яўленне новых пляцовак і новых мастакоў у краіне. Для мяне як куратаркі вельмі важна ўдзельнічаць у фармаванні арт-поля; сёлета, каардынуючы праект «Арт-Сац-Лаб», я звярнула ўвагу на маніфестацыю новых маладых мастакоў, у тым ліку і з абласных гарадоў. Таму працоўная група галерэі «Ў» і я як яе ўдзельніца плануем правесці ў 2016 годзе выставу пакуль з працоўнай назвай «Рэгіянальны мастак», паспрыяем такім чынам з’яўленню новых імёнаў з абласцей.

Прастора КХ, Брэст. Адкрыццё выставы Андрэя Лянкевіча. Фота Прастора КХ

Другая тэндэнцыя, пра якую я хацела б сказаць, – гэта выйсце арт-супольнасці за межы беларускага сучаснага мастацтва. Сапраўды, ужо даўно вяліся кулуарныя гутаркі пра яе закрытасць і замкнёнасць. Але 2015-ты быў адзначаны вялікімі куратарскімі праектамі Сяргея Шабохіна «ZBOR. Канструюючы архіў» (Беласток) і Міхаіла Гуліна «Прастора дыфузіі» (Калінінград) за межамі краіны.

І асобна я б хацела сказаць пра арт-крытыку і згадаць тэксты Вольгі Бубіч, паколькі лічу, што нашаму грамадству надзвычай не хапае канструктыўнай крытыкі, якая б не толькі «рабіла кніксен», разлівалася ў кампліментах або займалася фармальным апісаннем, але спрабавала больш асэнсавана і аргументавана падысці да прадмета. І я вельмі спадзяюся, што на гэтым «эпоха крытычных кампліментаў» скончыцца. Калі далей працягваць казаць пра крытыку, то тут неабходна адзначыць з’яўленне інтэрнэт-праекта Kalektar/Zbor, паколькі гэта не толькі фіксацыя падзей і напісанне гістрыі беларускага сучаснага мастацтва, але таксама добрыя крытычныя тэксты.

Вышэйпералічаныя аспекты мне здаюцца надзвычай важнымі. Можно бясконца працягваць кулуарныя гутаркі ці дыскусіі, шукаць уласны стыль і г.д., аднак больш плённым будзе канструяваць самому сваю прастору.


  1. Антонина:

    Только проект Руслана Вашкевича был не в Пинске, а в Полоцке )))

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology