Краіна з уласным нобелеўскім лаўрэатам

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Вольга Бубіч, арт-крытык:

Bubich

Наўрад ці знойдзецца чалавек, які будзе адмаўляць, што самай значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі нават не адно гэтага года, але й усяго… дзесяцігоддзя, стала атрыманне Святланай Алексіевіч Нобелеўскай прэміі. Пабеда зрабілася нагодай для гонару беларусаў паводле шэрагу відавочных прычын – ад нацыянальна-патрыятычных (Беларусь цяпер не толькі «апошняя дыктатура», але і краіна з уласным нобелеўскім лаўрэатам) да выключна літаратурных (прызнанне дакументальнага раману жанрам «сур’ёзнай» літаратуры). Той факт, што перамога выклікала гучныя дэбаты, падзяліўшы беларусаў на лагер «а дзе вышыванка?!» і тых, хто лічыць Святлану Алексіевіч новай сур’ёзнай нагодай для гонару гістарычнага маштабу, нельга ацэньваць як негатыўнае наступства.

Узнікненне пытанняў на тэму стаўлення да калектыўнага мінулага нацыі, актывізацыя разваг пра тое, што ёсць нацыя і нацыянальнае асабіста для кожнага з нас, – працэсы абсалютна здаровыя і неабходныя для нашай мітуслівай «тутэйшасці».

З іншых падзеяў я б адзначыла запуск платформы KALEKTAR, «Месяц фатаграфіі ў Менску», перамогу Андрэя Лянкевіча на «Восеньскім салоне», выхад з друку нямецкага падарожнага даведніка па Беларусі Марыі Рахлей і Андрэ Бёма (усё ж такі 4 гады пісаўся, гэта тытанічная праца), актывізацыю супрацоўніцтва асобных мастакоў і візуальных даследчыкаў з невялікімі дзяржмузеямі (у прыватнасці выставу «Усё, што цвёрдае, растае ў паветры»).


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology