Маем на адно культурнае месца больш, што не можа не радаваць

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Вольга Гапеева, паэтка, лінгвістка (к.ф.н.), перакладчыца:

2volga1

Фота Вольгі Бубіч

Даволі плённа папрацаваў гэтым годам Мемарыяльны музей-майстэрня З.І. Азгура (Менск). Тут зладзілі серыю выставачных праектаў «Б.Д.С.М. — Беларускае Дэвіянтнае Сучаснае Мастацтва», у межах якой адбылася адкрытая дыскусія «Што такое сацыяльная дэпрывацыя і чаму мы яе прымаем?» з удзелам прафесійных псіхіятраў, лінгвістаў і гісторыкаў. Адна з самых плённых і актуальных дыскусій, хацелася б паболей увагі да праблем, што ўздымаліся ейнымі ўдзельніцамі/камі. Там жа у рамках навукова-даследчага і адукацыйнага праекта «ЛАБАРАТОРЫЯ КУЛЬТУРНЫХ ПРАКТЫК ММА» праводзілася серыя прэзентацый «UrbanMovieLectorium — лекторый пра кіно і пра горад».

Як заўсёды, быў насычаным выставачна-адукацыйны праект ARTES LIBERALES. На тры тыдні прастора галерэі «Ў» ператварылася ў адкрыты ўніверсітэт, дзе адбыўся сінтэз інтэлектуальных практык і творчых праектаў.

Пайшоў з жыцця адзін з унікальных паэтаў, які працаваў з трасянкай як з літаратурным феноменам, Уладзімір Банько ака Ярыла Пшанічны. Таксама Вова прафесійна займаўся электроннай музыкай (праект RoomDark); адным з апошніх ягоных выступаў стала музычнае афармленне выставы чарнагорскай скульптаркі і мастачкі Мільяны Ісціянавіч і славенскага фатографа Грэгара Раданіча ў красавіку.

_274-of-321_-Edit-Edit-2

Ярыла Пшанічны

Летам гарадскую абыякавасць разбавіла выстава «Anatomia», пра якую можна доўга спрачацца ці ігнараваць, але дыскусіі і абмеркаванні, што ладзіліся ў межах гэтай падзеі, безумоўна, былі карыснымі, бо чарговы раз «высвецілі» праблемныя моманты нашага сучаснага мастацтва.

У апошні месяц года паспела адкрыцца кнігарня «Галіяфы». Цяпер мы маем на адно культурнае месца больш, што не можа не радаваць.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2018. Дызайн: Vera Reshto. Вёрстка: Swagg.by .Антивирус для сайта WordPres СтопВирус