Беларусь набыла новую фарбу на сусветнай культурнай мапе

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Ірына Герасімовіч, перакладчыца, культурная мэнэджэрка:

12405077_10204988892871436_744968782_o

Гэты год для мяне быў адзначаны набыццём і ўмацаваннем надзвычай каштоўных чалавечых сувязяў, што паўсталі менавіта з прафесійнай сферы.

Чарговы раз пераканалася, што культурная дзейнасць дае шанец на вельмі інтэнсіўнае набліжэнне да іншага чалавека, якое для мяне мае першаснае значэнне. І чарговы раз усвядоміла, што межы ў гэтай справе адыгрываюць вельмі другасную ролю. У гэтым рэчышчы галоўнай падзеяй года для мяне была праца над кнігай Лукаса Бэрфуса «Каала», а таксама яе прэзентацыя ў Беларусі. Чалавечыя адкрыцці здараліся як падчас працы, так і пасля выхаду кнігі. Гэтая кніга пра само жыццё, якое мы, людзі, неяк мусім вытрываць або маем права не вытрываць, гэта кніга абуджае памяць пра нашы ўласныя паразы і ўсведамленне таго, што гэтыя паразы – неад’емны складнік жыцця. Калі шчыра звярнуцца да ўсяго гэтага, то патрэба і здольнасць знаходзіць шлях да іншага чалавека толькі мацнее. Было складана працаваць над «Каалай», але яна прынесла мне мноства шчаслівых імгненняў: ад размоў з Лукасам Бэрфусам, што вяліся на пранізлівых глыбінных чалавечых частотах, да рэакцый чытачоў, некаторыя з якіх, напрыклад, казалі, што ўпершыню загаварылі пра самагубства некага з блізкіх менавіта пасля гэтай кнігі.

Вельмі цешуся, што спрычынілася да таго, што голас Лукаса Бэрфуса, аднаго з найвыбітнейшых інтэлектуалаў сучаснай Швейцарыі, загучаў і ў беларускай прасторы.

Яшчэ адной важнай падзеяй, дзе спалучыліся прафесійнай і глыбінна чалавечае вымярэнне, была для мяне перакладніцкая майстэрня, дзе разам з калегамі з Украіны і Расіі я перакладала п’есу Гюнтэра Айха «Шкаляркі з Вітэрбо». П’еса пра вайну, пра тое, як крызісныя сітуацыі змяняюць нашае адчуванне ўзаемасувязяў, з якіх сплятаецца для нас сусвет. І ў канцы застаецца адчуванне, што гэта не толькі пра вайну, а пра чалавечую закінутасць у жыццё наагул. Насычаная праца з калегамі, пералівы трох моў, прэзентацыя ў Кіеве, калі гэты матэрыял гучаў на нашых трох мовах, ад чаго ў мяне самой проста дрыжыкі ішлі па целе. Спадзяюся, налета вынік нашай працы пабачыць свет у фармаце аўдыякнігі.

Мне вельмі спадабаўся дзень, калі было абвешчана, што Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымала Святлана Алексіевіч: такой хвалі салідарызацыі я, бадай, у нашым грамадстве не памятаю. І нават вэрхал вакол лекцыі і прамовы для мяне адчуванне ўздыму з нагоды гэтай прэміі не сапсаваў. Проста бачнасць палепшылася: зрабілася больш зразумела, у каго які настрой, хто належыць да тваіх людзей, а да каго нават не варта звяртацца з такімі спадзевамі.

Вялікая справа, што Беларусь набыла новую фарбу на сусветнай культурнай мапе.

Яшчэ хацелася б адзначыць паказ спектакля Томаса Остэрмаера «Вораг народа» ў Менску. Мяне ўразіла тое, як гэты спектакль, дабротны палітычны тэатр, спрацаваў у беларускай прасторы, зноў жа далучыўшы яе да сусветнай.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology