Самая яркая беларуская восень за доўгія гады

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Сяргей Харэўскі, гісторык мастацтва, культуролаг:

chareuski

Гэта была незабыўная восень. Нібы пярэстым лісцем, нас засыпала самымі рознымі падзеямі — ад чарговага кінафэсту «Лістапад» да атрымання Нобелеўскае прэміі нашай суайчынніцай.

У мяне застанецца ад гэтага года трымцлівае пачуццё невераемных шанцункаў, амаль непраўдападобнасці таго, што адбывалася. Разам з тым у грамадстве ўзнікла каламутная хваля мізантрапіі, незадаволенасці падарункамі лёсу. Як багата самых розных людзей, нават супрацьлеглых поглядаў, раптоўна сышліся ў ганебным хоры зневажанняў Святланы Алексіевіч; гэтак, цалкам непрагназавана, узнялася хваля незадаволенасці …творамі стрыт-арту ў Менску. Варта было адметна й рэзанансна правесці два маштабныя, у літаральным сэнсе слова, фэсты вулічнага мастацтва — Vulica Brasil ды Urban Miths — як у нетрах падсвядомасці нашае публікі вырасла пачуццё нарастаючай трывогі, што перарасло ў панічную атаку.

Але спачатку ўсё ж былі самі тыя фэсты, што дадалі нашае сталіцы свята й колераў. Vulica Brasil адшумела ў другі раз, маючы шанцы стаць традыцыяй. У выніку мастакоўскай бразільскай інвазіі паўсталі новыя маштабныя муралы, што да непазнавальнасці трансфармавалі квартальныя асяродкі. Сёлета гэтымі творцамі-трансфарматарамі былі вядомыя бразільскія мастакі — брат Пандолфу, Цьяга Тоес і Рыман Гімарэс. Да таго ж свае стылі, погляды й творчыя прынцыпы поплеч з бразільцамі паказалі й нашыя тубыльцы Cowek, Kontra ды Izum. Гэтая тэндэнцыя, парастак магчымае традыцыі — супраца, хаўрусаванне нашых і замежных творцаў у працэсе стварэння маштабных пано, стала вельмі важнаю часткаю гэтага праекта. А роўна ж як і праекта Urban Myth, да ўдзелу ў якім былі запрошаныя стрыт-мастакі з Грэцыі, Украіны, Аўстраліі ды іншых краінаў, каб не толькі расквеціць бетонныя брандмаўэры нашых гмахаў, але й папрацаваць супольна з беларускімі творцамі, паспаборнічаць з імі. Творы атрымаліся рознага маштабу — памераў і талентаў. Гэта сталася відавочным на заключным этапе. Але ў тым і была задума арганізатараў — каб мастакі не ўзгаднялі свае праекты загадзя, каб працавалі проста на месцы, спантанна й крэатыўна.

Дзіва што менавіта маштабны мурал грэка INO — гэтак званы «Чалавек без твару», ці «Чалавек-свечка», — некаторыя інтэрпрэтавалі як пратэстны твор супраць смяротнага пакарання, ён заспеў знянацку і шырокую публіку, і дробнае чынавенства.

Менавіта вакол гэтага твора пачалі раскручвацца пратэстныя жарсці, узнялася хваля пярэчанняў з боку жыхароў панельных бетонных спарудаў на вуліцы Варанянскага… А затым, і для мяне зусім незразумелымі й нечаканамі, узніклі пратэсты супраць «Дзяўчыны ў вышыванцы», створанай аўстралійскім майстрам Гвіда ван Хэлтанам на Рабкораўскай, 17… А затым камусьці не спадабаўся твор італьянскага майстра стрыт-арту Міла на на Жукоўскага. Не могучы выславіць да канца свае трывогі, частка публікі гатовая адчайна ахвяравацца, абы нічога не мянялася ў іхным банальна паўсядзённым свеце… Вось колькі гадоў запар трэба вазіць у Менск вядомейшых мастакоў з розных куткоў свету, каб нешта ўсё ж хруснула ў свядомасці кансерватыўнае публікі, што вычуваюць рэвалюцыйную пагрозу свайму існаванню нават у выяве шэрае вышыванкі ўпоперак мура?

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Не менш выбухованебяспечным стаў і сёлетні «Месяц фатаграфіі», што становіцца спакваля рэспектабельным і аўтарытэтным фэстам, што не мае сабе роўных у суседніх краінах: ягоныя імпрэзы наведалі больш за 250 000 чалавек! Невыпадкова і сёлета дамінавала праблематыка рэгіянальнае тоеснасці з усім суплётам старых і новых праблемаў ад Балтыкі да Украіны. І гэта вельмі слушна, бо «Месяц фатаграфіі» заняў дакладна сваю нішу, якую для нашае краіны вызначыў сам Бог! Славутыя тэарэтыкі-адмыслоўцы ў справах візуальных даследаванняў, а перадусім — самі творцы-фатографы з Беларусі ды ўсіх суседскіх краёў… Пры тым яшчэ адной уласнай адметнасцю «Месяца фатаграфіі» сталася рэдкае пашырэнне экспазіцыйнае геаграфіі — ад музейных залаў да заводскіх цэхаў па ўсёй сталіцы, а выставу Франсуазы Юг’е «Камуналка» давезлі й да Гародні!

Надзвычай важнымі сталі рэтраспектыўныя выставы — мэтра Юрыя Васільева, кіраўніка фотаклуба «Мінск», аднаго з першастваральнікаў мінскае школы фатаграфіі, а таксама фота міжваеннае эпохі з Беластока — Салавейчыка і Аўгусціса. Хоць яшчэ больш важнымі, на маю думку, былі даследчыя праекты «FASHION IS MY PASSION! Модная індустрыя 70-90х гг.: беларускі фармат». На «Месяцы фатаграфіі» было ад чаго зніякавець і нашай неспрактыкаванай публіцы — напрыклад, ад супольнае выставы Марціна Пара і Рымальдаса Вiкшрайціса «Рэальны свет» або ад куратарскага праекта Маціяса Хардэра «Дзікія». А разам з тым былі выстаўленыя і аматарскія фота, даступныя самаму шырокаму разуменню, — Сяргея Лескеця, Ганны Леванковай ды інш.

Патрапілі здзівіць публіку й арганізатары сёлетняга (першага) «Восеньскага салона». Як і анансавалася, ён стаўся ўнікальным з трох прычынаў. Па-першае — былі паказаныя амаль 100 твораў нашых маладых мастакоў, якія прайшлі адборачныя туры. Былі паказаныя ці не ўсе магчымыя віды, жанры і мастакоўскія тэхнікі. Што праўда, гэтая частка салона апынулася не арганічнаю, бо шмат хто з мастакоў зразумеў сваю задачу як камерцыйную. У выніку замест панарамы найноўшага мастацтва нацыянальнага маштабу атрымалася супярэчлівая мешаніна. Але й з яе можна было зрабіць далёкасяжныя высновы. Урэшце больш за 60 твораў з гэтае выставы былі прададзеныя! Па-другое — былі прадстаўленыя новыя набыткі калекцыі «Белгазпрамбанка». Я сам упершыню пабачыў тут творы Паліны Хентавай, Леона Індэнбаўма, Дзімітрыя Стэлецкага, Яўгена Жака… Ну і па-трэцяе — сюрпрызам стала прэмія міжнароднага журы фатографу Андрэю Лянкевічу! Тое, што «Вялікі прыз» атрымаў менавіта фатограф, яскрава сведчыць пра агульны стан нашага мастацтва, не здольнага на гэтым этапе выйсці па-за кола традыцыяналізму, узняцца да вырашэння сур’ёзных даследчых задачаў або здзівіць светапогляднымі парадоксамі.

Не хачу сурочыць, але нешта мне падказвае, што гэта была самая яркая беларуская восень за доўгія гады і на гады наперад.

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology