Аднаўленнем гісторыі сучаснага мастацтва заняліся па-сур’ёзнаму

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Дзмітрый Плакс, перакладчык, паэт, празаік і журналіст:

Фота Elisabeth Lagerstedt

Фота Elisabeth Lagerstedt

З падзей гэтага года, звязаных з Беларуссю, я, цалкам эгацэнтрычна і прадказальна, адзначу выставу пра менскі нонканфармісцкі рух 80-х і Нобелеўскую прэмію Святланы Алексіевіч.

Прадказальна, бо гэтыя дзве падзеі відавочна адзначаныя вялікай колькасцю назіральнікаў, а эгацэнтрычна, бо:

  1. паўдзельнічаць у мерапрыемствах, звязаных з выставай, нечакана запрасілі й мяне;
  2. мне пашанцавала папрацаваць з матэрыялам нобелеўскай лаўрэаткі.
Выступ Дзмітрыя Плакса разам з Філіпам Чмыром падчас выставы

Выступ Дзмітрыя Плакса разам з Філіпам Чмыром падчас выставы «Мінск. Нонканфармізм 1980-х»

Увогуле мяне прыемна здзіўляе цікавасць да новай беларускай гісторыі мастацтва, якую я бачу ў апошні час.

Цягам двух дзясяткаў гадоў беларуская сітуацыя ў галіне сучаснага мастацтва вызначалася словам «упершыню», якім карысталіся ў час і не ў час, і гэта было досыць камічна — часта «ўпершыню» рабілася тое, што ўжо было, і не раз, зроблена раней. Прынамсі так гэта выглядала збоку. Цяпер жа аднаўленнем гісторыі сучаснага мастацтва заняліся, здаецца, па-сур’ёзнаму. Пра гэта сведчаць і праекты кшталту «KALEKTAR», і выставы, як згаданая вышэй, ці, напрыклад, прысвечаная творчасці Людмілы Русавай.

Таксама прыемна здзівіла рэакцыя беларускіх інтэлектуальных колаў на прэмію Алексіевіч. Мне падаецца, што, збольшага, яна была сувымернай маштабу гэтай падзеі. Я, шчыра кажучы, думаў, што енчання, стогнаў ды ныцця будзе нашмат больш. Ну а арганізаваная «знізу» сустрэча нобелеўскай лаўрэаткі ў аэрапорце Мінск-2, як мне падаецца, — увогуле проста нечуваная дэманстрацыя салідарнасці.

Вось такія, нечакана для мяне самога, даволі аптымістычныя ўражанні.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology