Бум публічных прастораў

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Вольга Шпарага, філосаф, кіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка» (ECLAB):

kaliningrad_2015

Рада, што не буду арыгінальнай, вылучыўшы ў якасці найістотнейшай падзеі 2015 года атрыманне Святланай Алексіевіч Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

Вельмі важным мне здаецца тое, што гэтая прэмія перакінула масток паміж рознымі культурнымі суполкамі ў нашай краіне, паказала, што быць беларусамі і разумець Беларусь можна па-рознаму і што ніводны аповед пра нас саміх, пра нашае мінулае і будучыню не будзе вычарпальным.

Дзякуючы Святлане Алексіевіч розныя досведы ідэнтычнасці перасекліся ў пункце этнічнай рэфлексіі, у прасторы пытанняў пра гвалт, які можа ўчыняць дзяржава ў адносінах да грамадзян, а грамадзяне – адно да аднаго. Вельмі хочацца, каб гэтая рэфлексія заставалася ў эпіцэнтры беларускай культуры і далей.

Другая тэндэнцыя развіцця культурнага жыцця Беларусі 2015 года якраз стварае неабходную (але, канешне ж, не адзіную) умову для падтрымкі такой рэфлексіі. Гэтая тэндэнцыя – бум публічных прастораў, які ахапіў сёлета не толькі Менск, але й Брэст і Віцебск. На працягу ўсяго года адныя публічныя прасторы закрываліся, іншыя адкрываліся, трэція пераязджалі з аднаго месца ў іншае разам са сваімі публікамі. У выніку ў Менску мы атрымалі другі культурны кластар (першы звязаны з галерэяй сучаснага мастацтва «Ў») – на вул. Кастрычніцкай, празванай у народзе Хіпстарштрасэ. Акрамя вялікай двухчасткавай прасторы «ЦЭХ» мы маем на гэтай вуліцы лофт-пляцоўку Space, адкрытую і падтрыманую ІТ-супольнасцю і актыўна карыстальную грамадскімі і культурнымі ініцыятывамі. Паміж гэтымі прасторамі – выдатныя графіці, а таксама бюджэтныя і крыху круцейшыя кавярні і рэстараны. Менавіта ў гэтым новым кластары праходзілі і значныя культурныя падзеі года – квір-фестываль meta- супольнасці Makeout, другі Месяц фатаграфіі, нарэшце street art фестываль Vulica Brasil. У канцы года ў новых месцах адкрыліся «Галіяфы» і неўзабаве распачынаюць працу Studio67. Вельмі сімвалічна, што «Галіяфы», з адсылкай да літаратурна-артыстычнай суполкі «Бум-бам-літ», заснаванай у 1994 годзе, адкрыліся ў Траецкім прадмесці – у адным з эпіцэнтраў незалежнага культурнага жыцця БССР канца 1980-х.

У Брэсце адразу тры пляцоўкі прапаноўвалі ў 2015 годзе лекцыі, майстар-класы, прэзентацыі праектаў, дыскусіі. Гэта прастора КХ («Крылы Халопа»), Грунтоўня і Дзедзіч. А ў Віцебску на сёння налічваецца 7 культурных прастораў, уключна з адзіным у Беларусі арт-пабам «Торвальд». Грувасткім Палацам культуры ў цэнтры беларускіх гарадоў, недасяжным незалежнай культуры, прыйшлі на змену ўтульныя пляцоўкі ў былых заводскіх памяшканнях, выкарыстанне якіх у тым ліку спрыяе дэцэнтралізацыі гарадскога культурнага жыцця. Важны складнік дзейнасці гэтых прастораў – актыўны нэтворкінг. Хоць нехта спецыялізуецца на традыцыйнай беларускай культуры і памяці, а нехта іншы – на сучасных пытаннях: горада, гендару, роўных магчымасцях і сацыяльнага ўлучэння, узаемадзеянне між гэтымі прасторамі дазваляе бачыць прысутнасць практычна ва ўсіх з іх беларускай мовы і цікавасці да гістарычных наратываў.

unnamed-3

Бум публічных прастораў, вядома, наўпрост звязаны з іншымі працэсамі ў незалежнай культуры: не было б іх актывізацыі, у гэтых прасторах не было б неабходнасці.

На працягу года мы былі сведкамі таго, якія плады прыносіць пастаяннае і часовае аб’яднанне мастакоў адно з адным, а таксама з куратарамі. На сцэне сучаснага мастацтва Беларусі з’явіўся цэлы шэраг сацыяльна-крытычных праектаў, а таксама новыя куратары. Часта іх правяла цягам года адразу некалькі значных выстаў, звязаных як з гістарызацыяй найноўшага сучаснага беларускага мастацтва («Мінск. Нонканфармізм 1980-х», куратар Артур Клінаў, сакуратары Таня Арцімовіч, Аляксей Барысёнак; і «Людміла Русава. Татальны перформанс», куратарка Таня Арцімовіч), так і з крытыкай інстытуцый і асэнсаваннем умоваў, у якіх разгортваюцца сёння арт-практыкі («Дыплом», галерэя «Ў», і «Усё, што цвёрдае, растае ў паветры», куратар Аляксей Барысёнак). У шэрагу куратарскіх дэбютаў варта вылучыць вельмі ўцямнае і змястоўнае арт-выказванне Веры Залуцкай. І, канешне ж, падзякаваць за працяг куратарскай працы мастакам Сяргею Шабохіну і Сяргею Кірушчанку (якія паказалі сучаснае беларускае мастацтва ў Беластоку), Андрэю Лянкевічу (які разам з камандай другім разам правёў міжнародны «Месяц фатаграфіі»), Міхаілу Гуліну (які прадставіў сваю канцэпцыю сучаснага беларускага мастацтва ў Калінінградзе), Аляксею Шынкарэнку (куратару беларускага павільёна на Венецыянскай біенале) і Руслану Вашкевічу (які дабраўся ў 2015 годзе са сваім праектам «Ідзі і глядзі» да Полацка), а таксама куратарцы Аксане Жгіроўскай, якая на працягу года кіравала праектам «Арт-сац-лаб».

Варты асэнсавання сацыяльна-крытычны погляд на нас саміх быў прапанаваны і на літаратурнай ніве. Маю на ўвазе аповед «Паліталогія» Андрушы Лазуткіна і кніжны праект Марты Чарновай і Марыі Чараковай «Heta Belarus Dzietka!»; а на тэатральнай сцэне – праект «Інтэрв’ю з ведзьмамі» Яўгена Карняга і рэгулярныя пастаноўкі «Беларускага Свабоднага тэатра» (якому сёлета споўнілася 10 год) у Менску.

Дзейнасць куратараў вывела на сцэну і новых мастакоў, праекты каторых, я вельмі спадзяюся, будуць узрушаць нас у наступныя дзесяцігоддзі. Новыя незалежныя куратары разам з новымі прасторамі стымулявалі большую адкрытасць да незалежнай культуры і шэрагу дзяржінстытуцый – у выпадку Менску, нароўні з ужо зарэкамендавалымі сябе Цэнтрам сучасных мастацтваў (на вул. Някрасава) і Музеем-майстэрняй З. Азгура, варта адзначыць музеі П. Броўкі і М. Багдановіча.

Яшчэ адна відавочная тэндэнцыя 2015 года – работа з гарадской прасторай. На працягу года, дзякуючы розным ініцыятывам, у тым ліку «Школе супергерояў», у эпіцэнтры ўвагі грамадскасці заставалася Асмалоўка, а ў верасні, у межах ужо згаданага фестывалю Vulica Brasil Менск папоўніўся шасцю яркімі графіці.

Нарэшце, наша суайчынніца Марына Напрушкіна, якая ўжо некалькі год займаецца ў Берліне тэмай міграцыі, адкрыла там сёлета новую прастору, што збірае ў дзень да 150 чалавек – бежанцаў, валанцёраў, актыўных грамадзян – і дапамагае сацыялізацыі мігрантаў. Яе кніга «Новая радзіма?» http://www.europa-verlag.com/Buecher/41/Neue-Heimat.html 2015 года чытаецца сёння на тэатральных сцэнах Берліна.

Рада, што мне таксама ўдалося ўнесці сваю лепту ў культурнае жыццё Беларусі-2015: пад кіраўніцтвам Юліі Дарашкевіч і Ганны Шпакавай з вялікім задавальненнем я паўдзельнічала ў падрыхтоўцы альбома конкурсу «Прафота»; напісала тэкст для праекта Zbor; прадставіла сваё даследаванне супольнасці-пасля-Халакосту на Кіеўскай біенале сучаснага мастацтва, паўдзельнічала ў падрыхтоўцы канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» ECLAB, нарэшце – на працягу года ў якасці эксперта і мадэратаркі дапамагала ў правядзенні цікавых дыскусіяў у межах шэрагу згаданых вышэй выставаў і фестываляў.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology