Прастора КХ набірае віткі

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Аксана Гайко, тэатральная рэжысёрка, мэнэджэрка культурных праектаў:

IMG_9367

Першая і найістотнейшая падзея – гэта, без сумневаў, уручэнне Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч. Гэта тое, што змяніла ўяўленне пра Беларусь ва ўсім свеце і ў нас саміх.

Да Менску я, да жалю, сёлета амаль не даязджала. Таму прапусціла «Месяц фатаграфіі», «ТЭАРТ» і іншыя значныя падзеі. Але здаралася, што дабягала на нашыя праекты не на нашай зямлі. Напрыклад, у Беластоку мы ўсім тэатрам знайшлі гадзіну вольнага часу, вырваліся са шматгадзіннага мантажу спектакля і пабеглі ў галерэю «Арсенал» глядзець выставу «ZBOR. Канструюючы архіў». Выстава здаецца мне вельмі важнай, і тая паўната збору работ і падыход, з якім было прадстаўленае беларускае сучаснае мастацтва, вартыя асаблівага захаплення куратарскай працай Сяргея Шабохіна і Сяргея Кірушчанкі.

Важным лічу з’яўленне праекта Аляксея Шынкарэнкі на Венецыянскай біенале. Асабліва ўзгадваючы, якім бледным і змучаным я ўбачыла Аляксея, наведаўшы яго ў Школе фатаграфіі ў красавіку. Бядую адно, што крывёю і потам вывезены ў Венецыю праект так, на жаль, і не змог сёлета даехаць да Прасторы КХ, нягледзячы на доўгія перамовы. Радуюся я і з’яўленню ў Аляксея новага праекта – кавярні «Культура», дзе ён яднае кавярню і галерэю і дзе куратар цяпер і барыста. Мне здаецца, для Беларусі такія міксы – гэта абсалютнае наватарства, да таго ж я заўсёды выступаю за сціранне межаў.

Вельмі радасна адзначу тую колькасць новых культурных пляцовак, якія з’явіліся ў Беларусі сёлета. Яшчэ год таму назад сітуацыя была зусім іншай. Увесь гэты год мы назіралі, як адкрываюцца новыя прасторы ў Менску, Брэсце, Віцебску.

У незалежных праектаў з’яўляецца ўсё больш месцаў для прадстаўніцтва, а ў людзей – больш альтэрнатываў, куды пайсці.

Калі гаварыць пра Брэст, дык прыгадаю, што сёлета ён быў культурнай сталіцай Беларусі. Але як мы ні біліся на сумесным абмеркаванні вынікаў года, не змаглі ўзгадаць ніякіх значных культурных падзеяў, апрача тых, якія зладзіліся на незалежных пляцоўках. Магу толькі назваць праект «Дзяды. Брэсцкая крэпасць», рэалізаваны ў Брэсцкім тэатры драмы і музыкі пры падтрымцы Інстытута А. Міцкевіча. Спектакль, пастаўлены польскім рэжысёрам Паўлам Пасіні і драматургесай Патрыцыяй Даловы, які ўздымае важныя для фармавання калектыўнай памяці пытанні, атрымаўся неверагодна беларускім, такім, якога я даўно чакаю ад нашых галоўных беларускіх тэатраў. Я ведаю, колькі сілаў было выдаткавана на пастаноўку, на баі з адміністрацыяй і з усёй сістэмай Брэсцкага тэатра, і хвалююся, калі чую размовы, што «Дзяды» будуць знятыя з рэпертуару. Што, на жаль, цалкам прадказальна.

dziady._twierdza_brzesc_1

«Дзяды. Брэсцкая крэпасць», рэж. П.Пасіні

Знакавай падзеяй лічу з’яўленне ў Брэсце акторскай кампаніі «Насупраць», што складаецца з маладых актораў, якія сышлі або сумяшчаюць дзейнасць у Брэсцкім тэатры драмы. Адно факт сыходу людзей з задушлівай атмасферы мясцовага тэатра для рэалізацыі ўласных праектаў бачыцца мне вельмі вагомым – яшчэ год таму назад гэта здавалася немагчымым. Але ўлетку мы ўбачылі спектакль «Білінгвы», які складана ўявіць у прасторы БТДіМ.

З нагоды дзейнасці Прасторы КХ у Брэсце з радасцю адзначу, што мы набіраем віткі. Падлічыўшы і прааналізаваўшы ўсё зробленае, скажу, што ў сценах КХ прайшло за год больш за 140 культурных падзеяў: лекцыі ў межах праекта «Еўрапейскае кафэ» (у нас выступалі Вольга Шпарага, Аляксей Братачкін, Андрэй Масквін, Вольга Рыбчынская, Ірына Альхоўка, Аніка Вальке, Вольга Раманава, Аляксей Шынкарэнка і інш.), сустрэчы з мастакамі, пісьменнікамі, рэжысёрамі (пералічу адно некаторых: Альгерд Бахарэвіч і Юля Цімафеева, Адам Глобус, Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Міхаіл Гулін, Антаніна Слабодчыкава, Павел Пасіні, праект Makeout, а таксама Святлана Бень са сваім спектаклем), кінапаказы, прэзентацыі, паэтычныя чытанні, моўныя курсы «Мова Нанова», фры-маркеты, а таксама навагодняя «Фабрыка падарункаў». Мы правялі адкрытыя лекцыі мясцовых і заходніх гісторыкаў, зрабіўшы іх даследаванні пра гісторыю горада і рэгіёна дасяжнымі для шырокага кола слухачоў, і гэтыя лекцыі карысталіся велізарным попытам. У верасні ў КХ прайшоў фестываль «Экалёс» з актыўным удзелам брэсцкай супольнасці ў азеляненні двара, фарбаванні арэляў, фры-маркетам, майстар-класамі і дыскусіяй эколагаў і ўрбаністаў.

Але ключавой падзеяй, канешне ж, назаву снежаньскае адкрыццё Прасторы КХ як галерэі.

І тое, што гэта адбылося разам з Андрэем Лянкевічам, куратарам «Месяца фатаграфіі» і пераможцам «Восеньскага салона», для мяне вялікая радасць. На мапе Беларусі з’явілася яшчэ адна пляцоўка для прэзентацыі беларускага сучаснага мастацтва, а Прастора КХ стала яшчэ больш адкрытай з фіксаванымі гадзінамі працы.

Як негатыўную падзею адзначу сітуацыю ўскладнення існавання незалежных кінаклубаў. Пра гэта я чула і ад людзей у Менску, а ў Брэсце аб злачыннасці кінапаказаў у КХ мы даведаліся ад дваіх людзей у гальштуках, што прыйшлі за два дні да пачатку квір-фэсту «Дотык».

Калі гаварыць пра тэатр «Крылы Халопа», магу толькі сумна канстатаваць, што гэты год з’яўляецца працягам ужо некалькіх невясёлых гадоў, калі нас шпурляла і насіла цэнзурай і забаронамі, сыходам актораў, знікненнем у сувязі з гэтым спектакляў, хваробамі і глыбокім унутраным крызісам групы. Трэба прызнаць, што тэатр фактычна цалкам занурыўся ў пабудову Прасторы КХ. У рэпертуары тэатра застаўся адзін спектакль, які па-ранейшаму граўся ў Беларусі ўсяго адзін раз у межах «Прызба-фэсту» ў 2014-м. Сёлета мы паказалі «Чарнобыль» у Францыі і Польшчы. Пасля перапынку мы зноў заняліся тэатральнай педагогікай і некалькі разоў правялі майстар-класы па дакументальным тэатры, хадульнай практыцы і тэатру ценяў для дзяцей у Польшчы. Сёння рыхтуецца запуск тэатральных студыяў – для дарослых і дзяцей, а ўвесну плануем адкрыць хадульную школу.

charnobyl2

«Чарнобыль», рэж. А.Гайко

Мяне радуе, што я ўвесь час чую адно і тое ж пытанне, маўляў, ну так, лекцыі ў вас… а спектакль калі пакажаце? З гэтай нагоды я магу толькі сказаць, што адчуваю хвалю выхаду з крызісу і тое, што з’явілася маса новых ідэяў, але гэта ўжо будзе зусім іншы тэатр. Сёння ўжо ідзе праца над праектам, звязаным з гісторыяй горада, памяццю і медыятэхналогіямі. Пішацца тэкст для спектакля на тэму асабістага жаночага досведу і гендарных канструктаў. Пачалі збірацца матэрыялы для праекта, звязанага з бежанцамі.

І яшчэ крыху пра сябе асабіста. Мая першая п’еса «Хрызантэма з шыпамі фортаў», напісаная па маскоўскай замове для праекта «Маналогі гарадоў», на маё здзіўленне, было пастаўленая 9 траўня ў Маскве на Тэатральнай плошчы і зараз рыхтуецца да друку ў Польшчы ў анталогіі «Nowa dramaturgia białoruska». Я схільная ўспрымаць гэта не як прызнанне сябе ў якасці драматургесы, а хутчэй як знак на тое, каб пісаць увогуле. Тое, пра што я думаю ўжо некалькі год, – фактычна поўная адсутнасць бачнасці жаночага досведу ў беларускім тэатры і неабходнасць праяўлення і фіксацыі гэтага досведу. А зафіксаваны ён можа быць хіба толькі ў тэксце.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology