Спадзяюся, што гэта толькі пачатак працэсаў кансалідацыі

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Аляксей Барысёнак, куратар, даследчык:

Фота Т. Капітонавай

Фота Т. Капітонавай

Выстава года: Кіеўская Школа

Галоўнай выставай года я называю Кіеўскую Школу, якая адбылася ў Кіеве і ў якой удзельнічалі шэраг беларускіх мастачак і даследчыц (Марына Напрушкіна, Вольга Шпарага, Вольга Сасноўская). Біенале было падхоплена і арганізавана Цэнтрам візуальнай культуры, вопыт якога мог бы стацца вельмі важным для беларускай сцэны (супольная праца мясцовых і замежных мастакоў, гарызантальнасць курыравання, моцная левая позва).

На жаль, гэты вопыт пакуль што ігнаруецца большасцю беларускіх мастакоў і куратараў.

Падзея года: Увядзенне падатку на дармаедства

Увядзенне падатку на дармаедства закранула таксама і культурных работнікаў, іх статус, спецыфіку вызначэння гэтага статуса і заканадаўства. Найбольш цікавая дыскусія, на мой погляд, адбылася падчас прэзентацыі фільма «Работнік культуры 3у1» сербскай мастачкі Марты Папіводы. Спадзяюся, што гэта толькі пачатак важных працэсаў кансалідацыі творчых работнікаў.

Тэндэнцыі года: Цікавасць прыватнага капіталу да сучаснага мастацтва

Першая прэмія ў галіне сучаснага мастацтва «Восеньскі салон» і адкрыццё «Дома карцін» паказала рост цікавасці прыватнага капіталу да сучаснага мастацтва, што, на мой погляд, даволі істотна зменіць культурны ландшафт (і ўжо мяняе) і патрабуе хуткага і грунтоўнага аналізу і рэфлексіі ў мастацкай і куратарскай практыках.

Архіўная ліхаманка

Выставы «Людміла Русава. Татальны Перформанс» (куратарка — Таня Арцімовіч), «ZBOR. Канструюючы архіў» у Беластоку (куратары — Сяргей Шабохін, Сяргей Кірушчанка), праект Аляксея Шынкарэнкі «Архіў сведкі вайны» сумесна паказваюць паварот да архіваў, што безумоўна добра, але, на мой погляд, усе яны працуюць і паказваюць архіў як нешта даволі статычнае.

Таксама шэраг гэтых выставаў артыкулююць больш сур’ёзныя праблемы з даследаваннямі і дзяржаўным фінансаваннем культуры.

Выставы ў не-профільных дзяржаўных інстытуцыях

Гэтая тэндэнцыя сведчыць пра тое, што паказваць сучаснае мастацтва ў дзяржаўных інстытуцыях можна і часам яно выглядае добра і цікава. Але падкрэслю, што ў не-профільных. Добры прыклад — выстава Аляксандры Салдатавай «Двайное праламленне» ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі і выстава панк-графіка Аркадзя Трапінкіна ў Навінках.

Забытая выстава года

«Мадэрнізм. Незавершаны праект» Дзмітрыя Задорына. Выстава на не вельмі папулярную тэму ў публічнай прасторы вельмі таленавітага даследчыка архітэктуры Дзмітрыя Задорына ў Менску. Добры прыклад таго, як можна працаваць з архівамі. На жаль, амаль цалкам праігнараваная арт-тусоўкай.

Лепшыя кінападзеі

Аж два фестывалі квір-кіно «Мэта-фест» і «Дотык».

Асабістая падзея года

Запуск і праца над праектам KALEKTAR разам з Сяргеем Шабохіным, дзе мы абагульнілі нашыя куратарскія і пісьменніцкія практыкі. Далей будзе больш!


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology