Спадзяюся, гэты працэс паўплывае на станаўленне арт-рынку Беларусі

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Ганна Чыстасердава, арт-дырэктарка Галерэі «Ў»:

chystaserdava

Сярод падзеяў 2015 года не магу не вылучыць атрыманне Святланай Алексіевіч Нобелеўскай прэміі. У гэтым выпадку важны не толькі сам факт, але і працэсы, якія адбываліся ў беларускім грамадстве ў сувязі з гэтым, грамадзянская кансалідацыя і акцыя #святкуемнобельразам. Яшчэ згадаю факт «прызнання» з боку дзяржавы.

Таксама нельга не згадаць удзел Беларусі ў 56-й Венецыянскай біенале. З аднаго боку, праект Аляксея Шынкарэнкі «Архіў сведкі вайны» па праве быў адабраны для прэзентацыі ў рамках біенале, з другога – працэс падрыхтоўкі, пра які стала вядома грамадскасці, і цяжкасці з самой прэзентацыяй у Венецыі, а таксама рэакцыя на гэта з боку арганізатараў сведчаць пра «рэальную» цікавасць да сучаснага мастацтва з боку дзяржавы. Я хацела б асобна адзначыць тытанічную і практычна валанцёрскую работу, зробленую куратарскай групай дадзенага праекта. «Восеньскі салон з «Белгазпрамбанкам» – даволі паказальны праект, звязаны з даследаваннем і фармаваннем арт-рынку ў Беларусі.

Хоць характар работ, прадстаўленых у межах салона, быў даволі прадказальным, атрыманне галоўнага прыза Андрэем Лянкевічам надзвычай парадавала.

Работа з архівамі і даследаваннямі ў сферы сучаснага беларускага мастацтва. У 2015 годзе адбыўся шэраг выставачных праектаў, звязаных з пераасэнсаваннем і прэзентацыяй архіваў. Нельга не адзначыць выставы «Мінск. Нонканфармізм 80-х» і «Людміла Русава. Татальны перформанс», архівы, выкарыстаныя ў межах выставаў «Дыплом» і «Вымярэнні пустэчы», першая персанальная выстава ў Беларусі мастачкі Анастасіі Колас. Галоўным жа, на маё меркаванне, у працэсе вывучэння, архівацыі і працы з гісторыяй сучаснага мастацтва ў Беларусі стала з’яўленне анлайн-архіва kalektar.org і звязаная з гэтым буйнейшая выстава-прэзентацыя знакавых работ беларускага сучаснага мастацтва «ZBOR. Канструюючы архіў» у галерэі Arsenal у Беластоку, куратарамі якой выступілі Сяргей Кірушчанка і Сяргей Шабохін. Нецярпліва чакаем паказу гэтай выставы ў Кіеве. Узгадаю таксама выставу «Прастора дыфузіі» (куратар Міхаіл Гулін) у Калінінградзе.

«Месяц фатаграфіі» ўжо другі год радуе вялізнай колькасцю яркіх і цікавых выстаў і прывозам гучных імёнаў у Менск. Таксама не магу не адзначыць з’яўленне новай выставачнай прасторы «ЦЭХ», дзе і была прадстаўленая асноўная экспазіцыя праекта.

З’яўленне новых арт-прастораў на мапе Беларусі – надзвычай важны працэс Так, у 2015 годзе ў Віцебску запрацавала «Арт-прастора», а ў канцы года і Прастора КХ у Брэсце парадавала сваёй першай выставай. Таксама нельга не згадаць з’яўленне ў сыходзячым годзе шэрагу камерцыйных галерэй у Менску: «ДК», «Імёны», «A&V», «Дом карцін». Спадзяюся, гэты працэс паўплывае на станаўленне арт-рынку Беларусі.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology