Прорва між беларускай уладай і незалежнай культурай

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Уладзімір Шчэрбань, рэжысёр:

scherban2
Для мяне самыя галоўныя беларускія падзеі мінулага года адбыліся за межамі Беларусі, але менавіта яны прыцягнулі неверагодную ўвагу з самых аддаленых куткоў планеты да нашай краіны і вывелі беларускую культуру на сусветны ўзровень.

Канешне, я кажу пра Нобелеўскую прэмію па літаратуры Святланы Алексіевіч і двухтыднёвы юбілейны фестываль «Staging a Revolution» з нагоды дзесяцігоддзя Беларускага Свабоднага тэатра ў Лондане. Фестывалю папярэднічаў канцэрт «I’m With the Banned» з удзелам зорак сусветнай велічыні, а непасрэдна падчас фэсту мы паказалі на васьмі розных нетэатральных пляцоўках дзесяць ключавых спектакляў, створаных на працягу дзесяці гадоў. Сярод больш чым насычанага брытанскага культурнага жыцця, ВВС уключыла наш канцэрт і фестываль у 15 галоўных культурных падзей Лондана.

Канешне, такія рэзанансныя культурныя падзеі як ніколі выявілі прорву між беларускай уладай і незалежнай культурай.

У нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч дагэтуль няма ніводнай беларускай узнагароды, ну а пра падпольнае існаванне нашага тэатра ў Менску лішні раз казаць не даводзіцца. Аднак менавіта гэтыя падзеі ўсяляюць аптымізм і ясна даюць зразумець, што ў незалежнай культуры ёсць выйсце – інтэгравацца ў сусветны кантэкст.

З асабістага: сёлета мне споўнілася сорак год – узрост, пра які я марыў з юнацтва. І я вельмі рады, што, прыклаўшы невераемныя намаганні, мы з групай актораў усё ж паспелі пад завесу сыходзячага года паказаць у Менску пілотную серыю тэатральнага серыяла «Тэрыторыя прывідаў», які будзе распавядаць пра нашых айчынных прывідаў – ад доўгажыхароў да нядаўна народжаных. Пасля юбілейнага года тэатра і своеасаблівага падвядзення творчых вынікаў за дзесяць год вельмі хацелася б абазначыць зачын на будучыню. Дык вось, будучыня за прывідамі.

bft


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology