2015: ЯК РОБЯЦЦА БАЧНЫМІ

Мінулы год так рэгулярна і паслядоўна радаваў феміністак і ЛГБТК-актывістак(аў), што ўсе мы цяпер чакае ад 2016 як мінімум таго ж узроўню напружання.

Азіраючыся, я разумею, што культурны ландшафт робіцца больш адкрытым і белыя плямы набываюць колеры, памеры, форму, характарыстыкі. Усё больш падзей і арт-прадуктаў арыентуюцца на розныя групы (частка якіх звычайна ігнаруецца, адчужаецца ад усяго грамадства з тых ці іншых прычынаў), і на пытанні «хто я?», «як сябе вызначыць?», «дзе маё месца?» можна даваць размаітыя, вольныя, шматаспектныя адказы.

У мяне ёсць даволі вялікі спіс падзеяў і мерапрыемстваў, якія я лічу ключавымі для 2015 года, але тут вылучу тое, што палягае ў сферы пытання пра іншасць.

Прэзентацыя «Кнігі памылак» Юлі Цімафеевай (27 студзеня, кнігарня «ЛогвінаЎ»).

Жанчына ўсё яшчэ прадстаўляе іншых, таму вылучаюць жаночую лірыку, жаночую прозу, жаночыя часопісы… Маўляў, трымайце сябе ў руках, не заходзьце за лінію. Юля Цімафеева не толькі сцірае ўсе лініі, што замінаюць малюнку быць прыўкрасным, але і распускае рукі – неверагодна адважна і прыгожа, – каб даследаваць тое, што ў іх трапляе, і выпусціць, асэнсаваўшы і пераўтварыўшы ў паэзію.

Юля Цімафеева падчас прэзентацыі. Фота Алена Казлова. Крыніца lit-bel.org

Юля Цімафеева падчас прэзентацыі. Фота Алена Казлова. Крыніца lit-bel.org

Кінафестываль «Дотык» (20 лютага – 1 сакавіка, Studio67, кінатэатр «Ракета», галерэя «Ў»).

Дакументальная праграма, фільмы з якой я б наўрад ці знайшла сама, чарговы раз нагадалі мне, што інтраверсіўныя кінапрагляды ў фармаце «ноўтбук, я і гарбата» не заўсёды лепшае, што можа быць у жыцці. А рэтраспектыўная частка парадавала творам эпохі нямога кіно, якое суправаджалася ігрой тапёра.

Выстава «Больш, чым ЁН» (26 лютага – 1 сакавіка, галерэя «Ў»).

Частку прац да гэтага выстаўлялі за зачыненымі дзвярыма – інакш дыпломная работа, верагодна, разбэсціла б іншых студэнтаў Акадэміі мастацтваў. Але дыфузію немагчыма пасадзіць пад замок, і вось яна ў публічнай прасторы.

Гендар – гэта заўсёды менш за чалавека. І мы пераканаліся: калі мужчына апранае сукенку, Зямля не сыходзіць з восі. Усё нармальна. Усё добра.
Dotyk_by_Kapitonova_34-30

«Drag Activism» (2011) Змітра Суслава, Ганны Бабіцкай, Анастасіі Арловай і Аляксандра Моніча. Фота Т. Капітонавай 34mag.net

Выступленне Вальжыны Морт (лета, кнігарня «ЛогвінаЎ»).

Вальжына казала пра паэзію ў той яе частцы, якая перажывае любы гістарычны кантэкст, якая паміж мужчынскім і жаночым, паміж цялесным і духоўным, паміж гетэра- і гомасэксуальным. У рэшце рэшт, паэзія – гэта вызваленне, гэта пражыванне свету – рэальнага, цэльнага, шматаблічага.

Выстава «Ружовы трохкутнік» (20 ліпеня – 2 жніўня, «ЦЭХ»).

Прыклад няўдалай рэплікі мастака і цікавых адказаў гледачоў. Задума была ў тым, каб наведніцы(кі) адчулі адказнасць за выцясненне тых, хто адрозніваецца ад умоўнай нормы, каб усвядомілі разбуральнасць такой практыкі ў самай крайняй яе форме – праз паралель са знішчэннем людзей у канцлагерах. Але расслабленыя позы мадэляў на малюнках і надзвычай дзіўная інтэрпрэтацыя анатоміі ўскладнялі ўспрыняцце дзейства як чагосьці сур’ёзнага. Ярмо вызначаць і выносіць прысуд не абцяжарвала плечы, таму што выяўленыя не нагадвалі тых, хто кантралюе сітуацыю відавочна горш за гледачоў. Хутчэй наадварот.

Аднак шмат каго настолькі захапіла сама ідэя інтэрактыўнасці, постмадэрнісцкага дыялогу з творам, вынік якога будзе бачным, што фідбэк атрымаўся нечакана багатым – на аркушы для ўражанняў заставаліся шчырыя і кранальныя пасланні.

Выстава «Якога полу супрацоўнік» (2-13 верасня, «ЦЭХ»).

«Якога полу супрацоўнік» – прыклад таго, што нават даследаванне, блізкае журналістыцы і сацыялогіі, можа быць прадстаўлена ў фармаце арт.

Выстава – адна вялікая цытата са свету патрыярхату. Нам звыкла чуць гэтыя словы ў якасці простай мовы нашых суразмоўцаў, чытаць каментары і тэксты такога кшталту ў Інтэрнэце, а тое, што слова бяруць у двукоссе, выводзяць на пазіцыю экспаната, дазваляе зрабіць крок назад, выйсці з кепскага комікса і паглядзець збоку на ягоныя пейзажы і дыялогі.

Можа, ландшафт, якія казаўся нічога такім, непрыдатны для жыцця, а таму варта яго разбурыць і адбудаваць нанава?

Кінафестываль Meta (4-6 верасня, «ЦЭХ»).

Meta- – другі квір-фестываль паводле храналогіі, аднак зусім не паводле значнасці. Камандзе Makeout удалося зрабіць нешта такое, што пакідае па сабе доўгі посмак і лёгкую няўпэўненасць: ці сапраўды гэта адбылося ў Беларусі, ці не сон усё гэта? Нават калі і сон, то я (і, упэўненая, шмат хто яшчэ) буду чакаць ягонага паўтору.

meta2

Выстава «Людміла Русава. Татальны перформанс» (22 октября – 8 ноября, галерея «Ў»).

Людміла Русава – гэта ўвасабленне ўсяго, чаго так баіцца несвабодны чалавек. У Беларусі, дзе не тое што слова «мітынг», але і «вулічная акцыя», «перформанс» выклікаюць жаданне паскорыць крокі, важна паказаць, што перформанс існуе даўно і што ён – магута для ўсведамлення і пераадолення, для змянення нечага істотнага як унутры аўтаркі(а), так і ўнутры гледачоў.

«Вандроўны Дотык» (верасень-кастрычнік, Брэст, Віцебск, Гродна).

Непрапарцыйная канцэнтрацыя арт-падзей – асабліва вострае пытанне для Беларусі, таму што нават у абласных гарадах іх адбываецца так мала, што прасцей акругліць да нуля. Чым меншы населены пункт, тым жахлівей адчуваць сябе іншым, тым меншае адчуванне сваёй прыналежнасці да чаго-небудзь рэальнага і значнага. Таму «паўтарэнне» сталічных падзей у рэгіёнах здаецца мне вельмі важным – гаворка не толькі пра мінімізацыю геапалітычнай іерархіі ўнутры краіны, але і пра інфармацыйны, культурны голад асобна ўзятых людзей.

Выстава «Нашы родныя» (кастрычнік, антыкавярня «Жывы час», Гродна).

Праект, створаны Настассяй Жыўковай і Аляксеем Салманавым, расказвае гісторыі сем’яў, дзе ёсць ЛГБТК-дзеці.

Вельмі спадзяюся, што праект прыжывецца і на беларускай глебе: праваабарончы цэнтр «Ідэнтычнасць» стварыў бацькоўскую групу, і, магчыма, калі-небудзь яе ўдзельніцы(кі) захочуць расказаць перад камерай тое, што, як правіла, замоўчваюць або падаюць пад вострым соусам, быццам гэта абавязкова трэба – шукаць няродных, не нашых.

Фота Dotyk

Фота Dotyk

Уік-энд нон-фікшн фільмаў «Народжаныя лётаць» (22-25 кастрычніка, кінатэатр «Ракета»).

«Народжаныя лётаць» – падборка фільмаў, якая адбівае думку пра тое, што па-за нормай нашмат больш людзей, чым прынята думаць. «Чужыя», «іншыя», «яны» –гэта не толькі пра ЛГБТ-суполку, не толькі пра жанчын, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але і пра тых, чый поспех упісваецца ў амерыканскую мару (якая даўно выйшла за межы ЗША, канешне). Творчасць немагчыма без іншага пункту погляду, іншага парадку ўнутранай арганізацыі, і гэта робіць творцу тым, хто для большасці з’яўляецца анамаліяй.

dotyk

Фільм «Называйце мяне Марыяна» ў праграме кінафестывалю «Лістапад».

Стужка пра трансгендарную жанчыну на галоўным кінафэсце краіны – гэта настолькі ваў, што лісце стала падаць у тры разы хутчэй. І валасы шакаваных беларусаў, верагодна, таксама.

Выстава «Кожная трэцяя»(25 лістапада – 1 снежня, бізнэс-клуб Imaguru).

Партрэты жанчын, пацярпелых ад хатняга гвалту, – як той кадр з вокам з «Андалузскага пса». Хочацца адвярнуцца, зрабіць выгляд, што свет утульны, што можна бачыць толькі бяспечнае – і тады табе сапраўды не зробяць шкоду. Аднак яно здараецца, страшнае, яно за мяжою разумення, але зусім побач. І глядзіш, каб памятаць: гэта кожная трэцяя. Гэта пра нас.

Беларускі Свабодны тэатр.

Пра Беларускі Свабодны тэатр пішуць шмат, і ён ужо не першы год ідзе супраць плыні беларускай стабільнасці, але для мяне менавіта 2015-ты стаў годам адкрыцця СТ. І п’еса «Шчаслівых Калядаў, міс Мідаўс» (прэм’ера адбылася ў 2013 годзе — заўвага рэд.) – адна з тых пастановак, якія моцна прывязалі мае сэрца і розум да гэтай з’явы андэграўнднай (вымушана) сцэны.

Прэзентацыя кнігі «Белая муха, забойца мужчын» Альгерда Бахарэвіча (28 снежня, кнігарня «Галіяфы»).

Прэзентацыя кнігі Альгерда Бахарэвіча стала падзеяй, што звязала мінаючы год з годам надыходзячым – мала хто паспеў прачытаць раман у 2015-м, таму ўражанні, рэфлексія і крытыка перавандруюць у 2016-ты і зададуць фемінісцкі, спадзяюся, тон ягонаму пачатку.

Альгерд Бахарэвіч падчас прэзентацыі. Фота Юлі Цімафеевай

Альгерд Бахарэвіч падчас прэзентацыі. Фота Юлі Цімафеевай

Дар’я Трайдэн

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology