Дуэт «Hamlet His Highness» запісаў альбом «For All and None»

Гітарны дуэт «Hamlet His Highness» запісаў альбом «For All and None» — артэфакт, у якім музыка застывае паміж нот. Гэта гульня цішынёй, якая распавядае больш, чым словы. Музыка топіць ў сабе слухача, растварае яго ў сабе.

Hamlet His Highness - For All & None

«Гэтая музыка асацыюецца ў нас з самотным і пакорным пошукам, прывіднымі ландшафтамі, дысцыплінай маўчання і цішыні, ціхім унутраным полымем, вучэннем без слоў, майстэрні без майстра, — распавядаюць пра альбом музыкі «Hamlet His Highness». — І тое, што вы пачуеце, будзе залежаць ад вашых намераў, месца, часу, кантэксту. Гэта падобна да метафізічнага рытуалу, які адбываецца ў вашым уяўленні і па вашым жаданні».

Ядро складу «Hamlet His Highness» застаецца нязменным. Гэта дуэт гітарыста і мультыінструменталіста Аляксандра Галецкага і гітарысткі і спявачкі Таццяны Шчукі. Яны пазнаёміліся ў 2011 годзе, іграючы разам у музычным эксперыментальным праекце «Chess Club Underground Society», і працягваюць ствараць музыку да гэтага часу. У рамках «Hamlet His Highness» яны абодва выступаюць пад псеўданімамі Іван Мядзведзеў і Марыя Ковач. У Аляксандра Галецкага доўгая музычная гісторыя. Да стварэння «Hamlet His Highness» ён выступаў як гітарыст і бас-гітарыст у Чароўнай Аднаклетачнай Музыцы Антона Крывулі, акампанаваў экс-вакалісту культавай нямецкай краўт-рок групы «Can Дамо Сузукі», удзельнічаў з уласным праектам «The Winter War In Tibet» у фестывалі «Этнамеханіка» ў Санкт-Пецярбургу і сыграў са сваім гітарным трыо «Insumthinmagma» запамінальныя канцэрты ў Цэнтры сучаснага мастацтва ў Берліне і на «Ночы Музеяў» у Менску ў 2011 годзе. Таццяна Шчука таксама мае вялікі музычны багаж — дзяцінства ў ансамблі «Буслiк», заснавальнікам і кіраўніком якога быў кампазітар «Песняроў» Зміцер Яўтухтовіч. Усе чулі яе голас у папулярнай беларускай дзіцячай песні «Усе мы родам з дзяцiнства». Пасля быў пяцігадовы перапынак у музычнай творчасці пакуль падрастаў маленькі сын. А затым музыка зноў стала важнай часткай жыцця ў праекце «Chess Club Underground Society». І гэта ўжо была зусім іншая музыка!

Hamlet His Highness band

Альбом даступны для запампоўкі ў mp3 фармаце ТУТ.
Каталог#: FNET019
Фармат: File, WAV, MP3
Выдадзены: 25 сьнежня 2015
Запісаны: Hamlet His Highness
Стыль: ambient, postrock, experimental
Майстарынг: Vitali Harmash
Вокладка: Anna Pinskaya «La Grenade»
Ivan Medvedev — electric guitar, electric guitar with violin bow
Maria Kovach — bass, electric guitar with violin bow


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology