У СТАНОВІШЧЫ «ЎКЛЮЧАНАГА НАЗІРАЛЬНІКА»

pARTisan #29’2015. Тарашкевіца

Сёньня ўсё часьцей і выразьней гучаць меркаваньні пра тое, што пасьля Майдану й анэксіі Расеяй Крыму мы сталі жыць у новым часе. Зьмянілася геапалітычная раскладка сілаў, пад сумневам апынуліся ня толькі геаграфічныя межы Эўропы, але — у сувязі з маштабным крызысам бежанцаў — ідэя адзінай адкрытай Эўропы як такой.

Ці сапраўды настаў «новы час»? Ці ўплываюць гэтыя зьмены на працэсы ў акадэмічных і гуманітарных колах? Ці можна казаць пра пэўнага кшталту разгубленасьць інтэлектуалаў, альбо гэтая «новая сытуацыя» справакавала пошук новых шляхоў мысьленьня? Разважае кандыдат філязофскіх навук АЛЬМІРА ЎСМАНАВА.

С. Шабохін. St(o)re. Выстава «Усё, што цьвёрдае, растае ў паветры», 2015

Сяргей Шабохін. St()re. Выстава «Усё, што цьвёрдае, растае ў паветры», 2015

Альміра Ўсманава: Апошні год быў сапраўды шмат у чым драматычным, але я не сказала б, што ў геапалітычным сэнсе ажыцьцявіліся нейкія радыкальныя зьмены: усё тое, што адбывалася й адбываецца ва Ўкраіне, Расеі, Эўрапейскім Зьвязе, ня здарылася раптоўна. І падзеі ва Ўкраіне, і сытуацыя з Грэцыяй, і праблема з масавым наплывам бежанцаў-нелегалаў з Афрыкі ў Эўропу — гэта наступства шматгадовых працэсаў, абсцэс на месцы ран, якія даўно гнаяцца. Гэта й палітычная блытаніна, лінгва-нацыяналістычныя канфлікты й эканамічныя праблемы ў постсавецкіх краінах; і неадхільныя супярэчнасьці паміж краінамі — сябрамі ЭЗ, а таксама паміж ЭЗ, ЗША й Расеяй; і цэнавыя ваганьні на нафтавым рынку; і няспынная барацьба за доступ да танных прыродных і працоўных рэсурсаў; і інтарэсы ваенна-прамысловых карпарацыяў і, як вынік, — эскаляцыя ваенных канфліктаў і тысячы бежанцаў, ці ж — нарастаньне татальнай, глябальнай крэдытнай залежнасьці (на ўзроўні як асобных дзяржаваў, так і большасьці іхных грамадзян).

Ува ўсім вышэйпералічаным няма нічога новага.

Важна вось што: некаторыя з тых працэсаў і праблем, якія вызначыліся ў 2014–2015 гадах, ёсьць хрэстаматыйнымі прыкладамі наступстваў нераўнамернага разьвіцьця пры капіталізьме й характэрнага для яго прэваляваньня эканамічных інтарэсаў фінансавых і палітычных элітаў над пытаньнямі сацыяльнай справядлівасьці й праблемаў маламаёмаснай большасьці, ды й у цэлым уяўляюць сабой цалкам відавочны вынік паўсюднага зацьвярджэньня нэалібэралізму як абсалютнай і неаспрэчвальнай «нормы», тады як у этыялёгіі іншых падзеяў (якія адбываюцца ня толькі ва Ўсходняй Эўропе) выразна адчуваецца «траўма нараджэньня» новых дзяржаваў і рэстаўрацыя «старога рэжыму» на руінах сацыялістычнага сьвету.

Зрэшты, і для палітолягаў, і для філёзафаў, і для гісторыкаў усё, што адбываецца, сапраўды зьяўляецца важным матэрыялам для аналізу (пачынаючы ад пошуку гістарычных аналёгіяў, якія тычацца паралеляў паміж сытуацыяй, што склалася напярэдадні Першай сусьветнай вайны й Кастрычніцкай рэвалюцыі, і сытуацыяй «тут і цяпер» — і пераходзячы да адказу на клясычныя пытаньні — хто вінаваты, і што рабіць?). У зьвязку з гэтым, калі казаць пра «разгубленасьць» інтэлектуалаў, якая сапраўды мае месца, хацелася б адзначыць наступнае. Геапалітычнае напружаньне (шмат у чым пагоршанае мэдыйнымі «войнамі») сапраўды прывяло да палітычнага й тэарэтычнага расколу сярод постсавецкіх і ўсходнеэўрапейскіх інтэлектуалаў (у сацыяльных сетках працягваюць кіпець запальчывыя дыскусіі [1]). Тут важна адзначыць, што раскол адбыўся найперш сярод усіх тых, хто лічыў сябе перакананымі «лібэраламі». Але ў выніку шмат хто быў зьбянтэжаны й надыходам вельмі правых, і ўзмацненьнем ксэнафобіі, і ростам нацыяналізму, і інфармацыйным хаосам, і агульнай палітычнай дэзарыентацыяй.

Але «генэральная лінія», якой прытрымліваюцца многія людзі інтэлектуальных прафэсіяў, захавалася, — адстойваць пазыцыю «незалежнай Украіны» й асуджаць агрэсара — «пуцінскую Расею». Вастрыня палемікі прывяла да рэзкай палярызацыі — калі не падтрымліваеш Украіну, значыць, ты абавязкова абараняеш «пуцінскі рэжым». Альбо — альбо. Ня падтрымліваць Украіну — гэта подла й сорамна. Палітычныя сымпатыі ператварыліся ў своеасаблівы «маральны эталён». Але тут мне хацелася б спытаць: а што такое «Ўкраіна»? Хто яе прадстаўляе? Чаму «Ўкраіна» зьвялася да Майдану, а «Расея» — да «пуцінскага рэжыму»? Чаму наогул гаворка ідзе пра супрацьстаяньне дзьвюх краінаў (а яшчэ дакладней — дзьвюх нацыяў!) як пра барацьбу Дабра й Зла? Чыя гэта карціна сьвету, у якой нібыта маналітная Ўкраіна (і прадстаўляюць яе алігархі) — гэта абсалютнае Дабро?

І чаму мы павінны ўспрымаць гэтую карціну сьвету як бясспрэчную дадзенасьць? Каб гэтую карціну сьвету дэміталягізаваць, немагчыма пазьбегнуць пытаньня пра тое, якія й чые палітычныя й эканамічныя інтарэсы за гэтым стаяць.
SONY DSC

Антаніна Слабодчыкава. Героі ўсяго толькі героі. Выстава «Усё, што цьвёрдае, растае ў паветры», 2015

Аднак я думаю, што з нагоды сытуацыі ва Ўкраіне сярод «правых» не было асаблівага рознагалосься. Калі гаварыць пра палітычных кансэрватараў, нацыяналістаў альбо пра рэлігійных фундамэнталістаў, — у гэтых групах гэтаксама цалкам «натуральна» назіраецца найбольшая колькасьць ксэнафобаў, расістаў і гамафобаў. А вось зь левымі сіламі ўсё крыху больш складана. Мяне асабіста цікавіць менавіта пазыцыя левых. Тут патрэбныя ўдакладненьні: вельмі важна ўяўляць сытуацыю ў левым лягеры ў глябальным маштабе (было б няслушна абмяркоўваць гэтае пытаньне толькі ў сувязі зь лякальнымі падзеямі, бо стаўкі занадта вялікія). На мой погляд, левыя цалкам выразна ўяўляюць сабе сытуацыю ва Ўкраіне (і сваё становішча адчужэньня ў сытуацыі, якая склалася), але значна менш яснасьці й адзінства ў дачыненьні да Грэцыі — «калыскі дэмакратыі», якая ў ХХІ стагодзьдзі здолела вярнуць самому панятку «дэмакратыя» ягонае спрадвечнае значэньне [2]. Улічваючы ўсю разнастайнасьць пунктаў гледжаньня нават унутры левага лягеру й вастрыню палемікі, паспрабую раскрыць сытуацыю, як гэта бачыцца мне.

Канфлікт паміж Украінай і Расеяй (унутры Ўкраіны альбо ўнутры Расеі, з нагоды Крыму й Данбасу), Расеяй і НАТА — гэта, па вялікім рахунку, ня больш, чым перадзел сфэраў уплыву паміж даўнімі палітычнымі апанэнтамі й алігархічнымі групамі, а разам з тым і напружаньне паміж лібэральнымі й кансэрватыўнымі коламі, але «левым» тут рабіць няма чаго: гэта ня іхная «рэвалюцыя» й ня іхная «вайна» [3]. Можна што заўгодна думаць пра значнасьць «эўрапейскай арыентацыі» для розных сацыяльных групаў ва Ўкраіне, але падзеі на Майдане, перакройваньне ўкраінскай тэрыторыі (аддзяленьне Крыму) і падзеі ў Данбасе маюць у сваёй аснове зусім іншыя прычыны, і яны значна больш празаічныя. Пытаньне пра «ўваходжаньне» Ўкраіны ў Эўразьвяз ня ёсьць сапраўднаю прычынай для выбуху грамадзянскай вайны, — гэта, хутчэй, падстава для даўно насьпелага канфлікту з нагоды геапалітычнай і эканамічнай слабасьці (у выніку палітычнага расколу) Украіны як сувэрэннай дзяржавы.

Калі разгарэўся ўзброены канфлікт ва Ўкраіне, я думала пра тое, што сёньня няма каму выступіць з тым жа «непатрыятычным» лёзунгам, зь якім выступілі бальшавікі й некаторыя іншыя сацыялісты ў 1914 годзе — «супраць вайны й супраць буржуазных урадаў». У цяперашніх абставінах такой інтэрнацыянальнай палітычнай падтрымкі не аказалася (у тым ліку й таму, што постсавецкія левыя — разьяднаныя).

Між тым, сытуацыя ў Грэцыі — гэта зусім іншы, вельмі складаны, выпадак, які патрабуе асьцярожнай ацэнкі для разуменьня дзеяньняў (тактычных перамог? стратэгічных няўдачаў?) кааліцыі левых сілаў як кіраўнічай «большасьці» й у пляне вызначэньня далейшага лёсу ўсяго левага лягеру, ня толькі ў Грэцыі. Пры гэтым, кажучы пра «лёс» левага лягеру, я маю на ўвазе ня толькі палітычныя сілы левых, разам з простымі грамадзянамі, якія сымпатызуюць ім, разумеюць і падзяляюць іхную пазыцыю (таму што левыя адстойваюць іх інтарэсы).

На жаль, у постсавецкіх краінах даволі цяжка знайсьці тую палітычную сілу левай арыентацыі, у якой было б дастаткова інтэлектуальных рэсурсаў і якая магла б прапанаваць новае бачаньне левай палітыкі й пэрспэктыву іншай будучыні.

А ў Грэцыі такія сілы ёсьць — і за ейнымі межамі таксама, сярод тых інтэлектуалаў, якія падтрымліваюць СІРЫЗА (напрыклад, Славой Жыжэк, Костас Дужынас, Эцьен Балібар і іншыя) [4]. Для эўрапейскіх інтэлектуалаў жыцьцяздольнасьць левай ідэі ў Грэцыі — гэта пытаньне іхнага ўласнага аўтарытэту як тэарэтыкаў. Вельмі важна, што многія эўрапейскія інтэлектуалы левай арыентацыі публічна выказалі салідарнасьць зь цяперашнім урадам Грэцыі.

Інакш кажучы, пытаньні гісторыі сёньня вырашаюцца, хутчэй за ўсё, не ва Ўкраіне, ня ў пуцінскай Расеі, не ў дзяржавах былога сацлягеру (якія здалі па волі сваіх палітычных элітаў усе пазыцыі й эканамічныя перавагі, што яны мелі на пачатку 1990-х) і нават не на Ўсходзе [5] — а ў Грэцыі, якая адважылася кінуць «пальчатку» фінансаваму капіталізму, якая «абслугоўвае» ягоныя інтарэсы нэалібэральнай палітыкі й якая здолела вярнуць панятку «дэмакратыя» ягоны сапраўдны сэнс.

Дарэчы, адным зь сюжэтаў, якія выйшлі на першы плян у зьвязку з падзеямі ў Грэцыі, сталася пытаньне пра «паразу левага эўрапеізму» (Статыс Кувелакіс). Пазыцыя левых партыяў і рухаў у дачыненьні да стварэньня ЭЗ і ўдзелу ў ягоных інстытутах заўсёды была складанай: ЭЗ шмат кім разглядаецца як адмова ад ідэі «Эўропы працы», як «выбар» на карысьць «манаполіяў, канцэнтрацыі й цэнтралізацыі капіталу», інакш кажучы — як палітычны інструмэнт і як калектыўны гегемон эўрапейскага капіталізму [6]. Для радыкальна левых ідэалёгія «гістарычнага кампрамісу», а таксама спробы здабыцьця галасоў у інстытутах ЭЗ праз электаральныя мэханізмы — гэта непрымальны апартунізм. Як піша Барыс Кагарліцкі, лёгіка сыстэмы ператварае радыкалаў у рэфарматараў, а рэфарматараў — у бюракратаў [7]. У зьвязку з гэтым мае сэнс згадаць пра тое, што тэарэтычнае абгрунтаваньне скепсісу левых у дачыненьні да спробаў стварэньня «аб’яднанай Эўропы» пры наяўным палітычным ладзе было прапанаванае задоўга да фармаваньня Эўразьвязу: пра гэта ішла гаворка ў артыкуле Леніна «Аб лёзунгу Злучаныя Штаты Эўропы», які быў напісаны роўна сто гадоў таму й пры гэтым ані ня страціў сваёй актуальнасьці да гэтага часу.

 Калі казаць пра паняткі, словы, — як у зьвязку з акрэсьленымі вамі працэсамі зьмяніўся слоўнік гуманітарыяў? На што накіраваны сёньня асноўны фокус дыскусіяў, дасьледаваньняў?

А. У.: Я не вазьмуся рабіць якія-небудзь абагульненьні — і ня толькі таму, што мы зараз гаворым пра глябальныя пытаньні з пазыцыі «назіральніка», які знаходзіцца ў лякальнай сыстэме каардынатаў. Да таго ж кожны з нас захоплены найперш уласнымі тэмамі, якія доўга высьпяваюць і не заўсёды наўпрост суадносяцца з актуальным момантам.

Зрэшты, палітыка рознымі спосабамі ўплывае на акадэмічныя дасьледаваньні: у кожнай навуковай галіне ёсьць уласны доўгатэрміновы «расклад дня», але ёсьць і свая кан’юнктура, якая зазвычай вызначаецца звонку — «рукой», якая дае грошы (няхай гэта будуць дзяржаўныя фонды альбо прыватныя [8]). Аднак важна мець на ўвазе й іншую, больш завуаляваную сувязь паміж палітычнымі ідэалёгіямі й ідэалёгіямі тэорыяў: неабходна ўлічваць тэарэтычную й палітычную дэтэрмінаванасьць дасьледчага погляду. Як мне ўяўляецца, ня толькі дасьледчая праца, выбар фільмаў і кніг, але нават спосаб «сканаваньня» навіновай стужкі цалкам абумоўленыя менавіта гэтай ангажаванасьцю. Кола чытаньня настройвае гэтую оптыку й вызначае стаўленьне да палітычных падзеяў [9].

SONY DSC

Антаніна Слабодчыкава. Героі ўсяго толькі героі. Выстава «Усё, што цьвёрдае, растае ў паветры», 2015

Я, можа, выкажу дзіўнае меркаваньне (на тле падзеяў, якія адбываюцца й якія цалкам паралізуюць нас сваёй актуальнасьцю), але мяне ўсё больш хвалюе пытаньне пра памеры катастрофы, зьвязанай зь «вялікай паразай гістарычнага маштабу» — то бок з каляпсам СССР і наступствамі гэтай падзеі як для ўсёй сусьветнай палітыкі, так і для мноства звычайных людзей, хоць і ня ўсё гэта ўсьведамляюць (Беларусь — не выключэньне, але яшчэ больш сумныя наступствы ўсё гэта выклікала ў краінах «былога» трэцяга сьвету).

Тут неабходна зрабіць агаворку: я не належу да ліку рэтраградаў, якія хацелі б рэанімаваць тое, што ўжо немагчыма вярнуць да жыцьця, тым больш што ў філязофскім і псыхааналітычным сэнсах, «вяртаньне» да ранейшага, зыходнага стану справаў (да status quo) у прынцыпе немагчымае, але я перакананая, што ўнікальнасьць нашага гістарычнага й біяграфічнага досьведу заслугоўвае асаблівага асэнсаваньня. Добра вядома, у «рэальнага сацыялізму» было мноства заганаў, але тое галоўнае, што на гістарычнай дыстанцыі выявіла сваю выключную каштоўнасьць, — гэта сапраўды глябальныя мэты, якія акрэсьліваюць утапічны гарызонт і магчымасьць іншай будучыні для ўсіх. Сёньня мы загразлі ў разнастайных партыкулярызмах, якія надоўга «закрылі» саму тэму стварэньня сьвету ўсеагульнага дабрабыту.

Магчыма, адным з самых катастрафічных наступстваў каляпсу сацыялізму сталася страта палітычнай альтэрнатывы (і перажываньне гэтай страты).

Часам здаецца, што альтэрнатыва магчымая (як гэта было ў пэрыяд 2011–2012 гадоў), але потым надыходзіць працьверажэньне (пра гэта якраз ідзе гаворка ва ўжо згаданай вышэй кнізе Славоя Жыжэка «Год немагчымага», у якой выкладзеная «глябальная тэорыя безвыходнасьці палітыка-ідэалягічнай рэпрэзэнтацыі»[10]). Дазволю сабе працытаваць расейскага мастака-канцэптуаліста Анатоля Асмалоўскага, які выступіў на пачатку «нулявых» з радыкальным праектам «Супраць усіх партый!»: «У гістарычным пляне […] выбару мы пазбавіліся з распадам сацыялістычнага блёку. Пры гэтым маецца на ўвазе ня нейкая настальгічная ідэя адзінай дакладнай ідэалёгіі. Пакуль і ў Захаду, і ва Ўсходу існаваў Вялікі Іншы, ніхто ня мог навязаць сьвету (прынамсі, значны час) працэдуру эксклюзіўнага выбару й у зьнешняй, і ва ўнутранай палітыцы»[11]. Падзеі гэтага году (рэфэрэндум) у Грэцыі зноў далі надзею на тое, што выйсьце ёсьць, і прыйшло разуменьне таго, што за альтэрнатыву трэба змагацца. Костас Дужынас у адным са сваіх артыкулаў пра сытуацыю ў Грэцыі піша, што ўрад СІРЫЗА спрабуе аспрэчыць неалібэральную мантру пра тое, што «альтэрнатывы не існуе», але нават нязначная перамога даказала б, што адзіная барацьба, якую нельга выйграць, — гэта барацьба, ад якой мы ўхіліліся»[12].

Між тым, гістарычнае фіяска рэальнага сацыялізму ня толькі не перашкодзіла, але, наадварот, падштурхнула да пераасэнсаваньня «ідэі камунізму» [13], і мне думаецца, што гэта сёньня — адна з найбольш важных тэмаў сярод левых тэарэтыкаў, якая дазваляе і нам, постсавецкім тэарэтыкам, зірнуць інакш на сваё нядаўняе мінулае. Наогул, павінна сказаць, што нават калі пасьля 1991 году лёс марксізму здаваўся прадвызначаным (як калі б канец сацыялізму азначаў сымбалічную сьмерць Тэорыі, на падмурку якой ён быў пабудаваны), насамрэч апошнія два дзесяцігодзьдзі былі менавіта для левых тэарэтыкаў вельмі прадуктыўнымі. Хутка высьветлілася, што «марксізм актуальны гэтаксама, як актуальны капітал» (Даніэль Бенсаід[14]), і што «без Маркса няма будучыні» (Жак Дэрыда). Марксізм застаецца «дзейнай» тэорыяй, здольнай прапаноўваць новыя катэгорыі аналізу і ажыцьцяўляць крытычную рэфлексію над уласнымі асновамі.

Я мяркую, што марксысцкая тэорыя для нас сёньня вельмі важная таксама — і як дыскурсіўны «код доступу» да вывучэньня савецкага мінулага й інтэлектуальных дэбатаў паміж Захадам і Ўсходам.

Веданьне марксізму дапамагае лепш зразумець канцэптуальныя асновы сацыялістычнага праекту — ці то гаворка ідзе пра ягоны ўтапічны субстрат, ці пра калізіі «рэальнага сацыялізму» (уключаючы праблемы рэвалюцыйнага гвалту, сталінскіх рэпрэсіяў, «нацыянальнага пытаньня», гендэрнага раўнапраўя, індывідуальнай свабоды або спэцыфікі савецкага грамадзтва ведаў [15]).

Выкарыстаньне марксысцкай тэорыі ейнымі апанэнтамі ў сваіх мэтах — гэта асобная тэма. Як адзначае Жак Рансьер, «развал савецкай сыстэмы не пацягнуў за сабой ні найменшага абнаўленьня ідэі дэмакратыі як палітычнай формы. Наадварот, лібэральная дзяржава, у сваю чаргу, пераняла догмы эканамізму й гістарычнай неабходнасьці, і ў ейнай афіцыйнай дактрыне можна ўбачыць сьляды “апошленага” марксізму» [16].

— Але ўсё ж вельмі цікавіць, умоўна кажучы, новая рыторыка. Палітыкі па-ранейшаму зьвяртаюцца да тых жа самых паняткаў і вызначэньняў, разважаючы пра імпэрыялізм, прапаганду, гуманізм і г. д. Ці думаюць гуманітарыі пра неабходнасьць новага слоўніку? Па маім адчуваньні, наяўны слоўнік паняткаў ужо не спраўляецца: занадта шмат пра гэта сказана, напісана, але, як паказала практыка, у выніку тэорыі не спрацавалі, а ў некаторых краінах, як вы сказалі вышэй, гаворка ідзе пра маштабнае вяртаньне ў фэадалізм. Да таго ж, мне падаецца, «састарэласьць» гэтай рыторыкі ёсьць прычынаю таго, што людзі ня вераць у ейную дзейснасьць. Як вам падаецца, наколькі востра стаіць гэтае пытаньне абнаўленьне слоўніку? 

А. У.: З аднаго боку, без рыторыкі няма палітыкі (сама «сутнасьць» якой палягае ва ўтойваньні праўды). У гэтым сэнсе «рыторыка» зазвычай пустая [17]. Зь іншага боку, у рыторыцы маюць патрэбу перш за ўсё тыя палітычныя рэжымы, якія ня хочуць быць «выкрытымі» — у сваім невуцтве, няздольнасьці кіраваць альбо ў сваіх сапраўдных інтарэсах. Праўда, у адрозьненьне ад ранейшых часоў, сучасная палітычная рыторыка не абавязкова патрабуе валоданьня «мастацтвам прамовы»: у пэўным сэнсе гэтая рыторыка двойчы пустая, бо палітыкі-тэхнакраты разьлічваюць не на сваё красамоўства, а на магію лічбаў (пра што б ні ішла гаворка). А па вялікім рахунку, як мы ўсе мелі магчымасьць убачыць (ізноў жа ў зьвязку з Грэцыяй), ніякая рыторыка, нават цалкам аргумэнтаваная й пераканаўчая, ня мае значэньня ў сытуацыі, калі ў вырашэньні палітычных пытаньняў асноўную ролю адыгрываюць альбо банкі, альбо танкі, прычым першыя дзейнічаюць больш эфэктыўна і, што немалаважна, — бяскроўна[18].

Неабходна мець на ўвазе, што ва ўмовах, калі ажыцьцявіўся сымбіёз дэмакратыі й капіталізму «рынак» стаўся галоўнай ідэалягемай і фэтышам сучаснай палітыкі [19]. На практыцы гэта азначае наступнае: спроба паставіць пад пытаньне «праўдзівасьць» рынкавай ідэалёгіі (то бок сказаць уголас аб непарыўнай сувязі паміж чыімі-небудзь эканамічнымі інтарэсамі й палітычнымі дзеяньнямі) амаль аўтаматычна будзе інтэрпрэтавацца як выклік дэмакратычнаму парадку.

Акрамя таго, выкарыстаньне вядомай рыторыкі сёньня замяняе жывую думку. Як гэта ні сумна прызнаваць, але эпоха «палітычнага аўтарства» прайшла, палітыка сталася доляй тэхнакратаў, бюракратаў і экспэртаў, і мне думаецца, што яна перастала быць інтэлектуальнай дзейнасьцю.

Тэхнакратычны дыскурс замяніў сабой «публічнае выкарыстаньне розуму» і наклаў забарону на эмацыйную прамову. У гэтым пляне дэмакратычная рыторыка сталася асабліва зручным інструмэнтам: быць дэмакратам (або здавацца ім) — значыць выкарыстоўваць усе патрэбныя словы, здолець ужываць набор зручных пазнавальных штампаў, якія немагчыма аспрэчыць і якія не даюць шанцу папракнуць прамоўцу ў «суб’ектыўнасьці». У публічных выказваньнях большасьці сучасных палітыкаў няма «жарсьці», няма ўласнай пазыцыі: палітыкі-тэхнакраты аддаюць перавагу гатовым інструмэнтам і схемам, іхныя навуковыя ступені патрэбныя ім толькі ў якасьці «ўваходнага квітка» на палітычны Алімп.

Такое ўражаньне, што большасьць палітыкаў-функцыянэраў ніколі ня пішуць тэксты сваіх выступаў самі, а іхнай «творчай энэргіі» хапае толькі на пэнсійныя мэмуары. Іншыя (як наш прэзыдэнт) валодаюць дарам вуснай імправізацыі й ампліфікацыі, але ўсё гэта ня мае ніякага дачыненьня да палітычнай думкі як спосабу яднаньня тэорыі й практыкі. У зьвязку з гэтым можна прыгадаць пра фантастычную працаздольнасьць і талент Леніна як палітычнага тэарэтыка: ён нават у самы напружаны час, у першыя месяцы прыходу бальшавікоў да ўлады (так званы «смольнінскі пэрыяд») напісаў больш за 110 артыкулаў, праектаў дэкрэтаў і рэзалюцыяў (а яшчэ варта ўспомніць пра некалькі дзясяткаў тэкстаў выступаў і сотні лістоў).

SONY DSC

Бюро Меладраматычных Дасьледаваньняў (Бухарэст / Румынія). КАХАНЬНЕЗОЛАТА. Шоў Касьмічнае Кулінарыі, 2013. Відэа-пэрформанс. Выстава «Усё, што цьвёрдае, растае ў паветры», 2015

Уласна кажучы, мая цікавасьць да левых рухаў шмат у чым абумоўленая здольнасьцю левых палітыкаў-інтэлектуалаў выразна артыкуляваць свае ідэі, іхным уменьнем бачыць цэлае й імкненьнем раскрыць сацыяльную лёгіку за любымі палітычнымі дзеяньнямі. Дарэчы прыгадаць, што пры вельмі сьціплай сацыяльнай падтрымцы напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі бальшавікам удалося немагчымае, а посьпехі савецкай улады ў першае дзесяцігодзьдзе пасьля рэвалюцыі — гэта пераканаўчы доказ галоўнага марксысцкага тэзысу пра тое, што тэорыя павінна ня толькі тлумачыць сьвет, але й зьмяняць яго. Палітыкі-інтэлектуалы ёсьць і сёньня, толькі слынная «лёгіка сыстэмы» выштурхоўвае іх на ўзбочыну палітычнага працэсу (згадайма, напрыклад, былога міністра фінансаў Грэцыі Яніса Варуфакіса — аднаго з самых моцных эканамістаў нашага часу, аўтара некалькіх кніг, прысьвечаных глябальнай эканоміцы, фінансавым крызысам і нават тэорыі гульняў).

Адказваючы на вашае пытаньне пра тое, ці  спраўляецца наяўны слоўнік паняткаў з асэнсаваньнем сёньняшняй сытуацыі, магу толькі сказаць, што гэта праблема выбару «правільных» тэорыяў, у якіх ёсьць тлумачальны патэнцыял і якія адчувальныя да новых рэаліяў. Тое, што палітыкі карыстаюцца вядомым ім «хрэстаматыйным» наборам штампаў, — гэта сапраўды праблема, і ў выніку мы ўсё аказваемся закладнікамі гэтага прымітыўнага палітычнага мысьленьня (адным з самых адыёзных клішэ апошняга часу ёсьць расісцкі па сутнасьці міт пра «лянівых грэкаў»).

— Вельмі часта зараз уздымаецца пытаньне аб прапагандзе й мэдыйных войнах, а таксама мэтадах супраціву ім. Ці можна сказаць, што мы назіраем нешта новае ў формах прапаганды, альбо гэта ўжо дасьледаваная й цалкам зразумелая зьява?

А. У.: Ня буду хаваць той факт, што мяне зьдзівіла, зь якой стараннасьцю палітыкі ўхапіліся за тэму «прапаганды». Зразумела, тэрмін «прапаганда» ў заходніх і «дэмакратычных» мэдыя выкарыстоўваецца сёньня выключна ў словазлучэньні «расейская прапаганда» (усё гэта нагадвае спробы вызначыць, чым «выведнік» адрозьніваецца ад «шпіёна»). У Літве гэтая тэма, здаецца, зацсланіла ўсе астатнія, справа дайшла да забароны на трансьляцыю шэрагу тэлевізійных каналаў, ня кажучы ўжо пра разнастайныя формы цэнзуры ў мэдыя й адукацыйнай сфэры. Ва Ўкраіне, як мы ведаем, зьявіўся сьпіс забароненых да ўвозу й продажу кніг. Наўрад ці палітыкі насамрэч такія невукі, што па-ранейшаму апэруюць уяўленьнямі пра мэханізмы масавай камунікацыі стогадовай даўніны, ігнаруючы значэньне інтэрнэту й у цэлым той факт, што мы жывем у «грамадзтве, затопленым сродкамі масавай інфармацыі» (Ф. Джэймісан). Можна дапусьціць, што пад шыльдай барацьбы з «расейскай прапагандай» вырашаюцца зусім іншыя задачы. Пад прыкрыцьцём уяўнай пагрозы (што падаецца, зразумела, як рэальная) уладныя рэжымы атрымліваюць алібі й нават своеасаблівы негалосны «мандат» на ваенныя й эканамічныя рашэньні, выгадныя для палітычнага істэблішмэнту ў дадзены момант часу.

Нагнятаньне істэрыі ў публічнай сфэры дазваляе палітыкам не клапаціцца пра захаваньне неабходных у дэмакратычным грамадзтве працэдураў — бо ёсьць цалкам апраўданы разьлік на тое, што грамадзкая думка ўспрыме гэтыя рашэньні з ухвалай альбо зусім не «заўважыць» шэрагу падменаў-фальсыфікацый [20].

Ня так даўно ў літоўскіх мэдыя мне сустрэўся выдатны эўфэмізм: калі супрацьпастаўляць прапагандзе контрапрапаганду й абмяжоўваць доступ насельніцтва да крыніцаў інфармацыі — гэта не «камільфо» ў дэмакратычных грамадзтвах, то наўзамен мэдыйшчыкам прапануецца перайсьці да «разумнага маніпуляваньня фактамі»… Іншым яскравым прыкладам ідэалягічнага нонсэнсу зьяўляецца пазыцыя ўкраінскага міністра інфармацыйнай палітыкі Юрыя Сьцеця, з вуснаў якога гэтак часта гучыць слова «праўда», што яго ўжо пасьпелі ахрысьціць у народзе «міністрам праўды», — як калі б ён ня ведаў простай рэчы, што «праўда» — заўсёды частковая, а любая інфармацыя сэлектыўная й заўжды ўяўляе сабой адлюстраваньне пункту гледжаньня пэўнай сацыяльнай групы (тое, што для адных «праўда», для іншых — ідэалёгія ў чыстым выглядзе).

Падсумоўваючы, зазначу: мне здаецца, што слова «прапаганда», якое дасталі з пыльнай шафы, неабходнае сучасным палітыкам дзеля таго, каб падкрэсьліць «таталітарны характар» аднаго асобна ўзятага палітычнага рэжыму, але ў цэлым карыстацца ім сёньня немагчыма. Гэта ўсё адно, што назваць рэкляму зубной пасты альбо мыйнага пыласосу «прапагандай здаровага ладу жыцьця». Так ці інакш, але, разьвіваючы ідэі Фрэдрыка Джэймісана, Сьцюарта Хола, П’ера Бурдзьё, заўважу, што асноўнай стаўкай у палітычнай барацьбе па-ранейшаму ёсьць змаганьне за называньне падзеяў у пэўных тэрмінах і за легітымацыю ідэалёгіі (і, натуральна, намаганьні мэдыяўлады скіраваныя на дэлегітымацыю альтэрнатыўных ідэалёгіяў).

SONY DSC

С. Шабохін. St()re. Выстава «Усё, што цьвёрдае, растае ў паветры», 2015

— На ваш погляд, як у Беларусі ўспрыманьне таго, што адбываецца, адрозьніваецца ад, напрыклад, заходнеэўрапейскага? Ёсьць меркаваньне, што мы самі выключаемся зь нейкіх працэсаў, канцэнтруючыся толькі на сваіх праблемах, хоць быццам бы імкнемся стаць часткаю гэтага «глябальнага».

А. У.: Так, часам складаецца ўражаньне, што нашае дачыненьне да «глябальнага» выяўляецца пераважна ў падтрыманьні «глябальных» трэндаў у спажываньні (адзеньне й рэстарацыі) і ў сфэры поп-культуры (музыка, кінэматограф, тэлебачаньне). Зь іншага боку, цяжка сабе ўявіць, як можа быць інакш — Беларусь ніколі не была і наўрад ці будзе эпіцэнтрам глябальных працэсаў (альбо хоць колькі-небудзь значным гульцом на сцэне сусьветнай палітыкі й эканомікі [21]). Ступень улучанасьці беларускага грамадзтва ў глябальныя працэсы цяжка вызначыць «на вока», таму што тут усё вельмі залежыць ад прафэсійнага асяродзьдзя й канкрэтнай сфэры (у спартоўцаў, праграмістаў і бізнэсмэнаў — свае «гісторыі»).

Калі ж закранаць сфэру мастацтва й адукацыі — на жаль, нічога суцяшальнага тут сказаць немагчыма: безнадзейны правінцыялізм (а адсюль і адчуваньне самадастатковасьці).

Праблему нашай датычнасьці да глябальнага можна «тэставаць» даволі проста — задаўшыся пытаньнем: што з таго, чым мы займаемся ці пра што гаворым тут і цяпер, зьяўляецца таксама актуальным для іншых прастораў?

Зрэшты, і з «нашай званіцы» можна шмат чаго ўбачыць. У тым ліку таму, што само становішча «выключэньня», непрыналежнасьці, пэрыфэрыйнасьці ёсьць таксама й вызначанай эпістэмалягічная перавагай — мы знаходзімся ў ролі «ўключанага назіральніка».

Адмыслова для pARTisan, жнівень 2015

Фатаграфіі: Таня Капітонава (34mag.net). Выстава «Усё, што цьвёрдае, растае ў паветры»; 2015; Літаратурны музэй Максіма Багдановіча, куратар — Аляксей Барысёнак

Альміра Ўсманава — культуроляг, кандыдат філязофскіх навук, прафэсар дэпартамэнту мэдыя Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (Вільнюс, Літва), кіраўнік магістарскай праграмы Цэнтру гендэрных дасьледаваньняў пры ЭГУ. Асноўныя публікацыі: «Умбэрта Эка: парадоксы інтэрпрэтацыі» (2000), «Анталёгія гендэрнай тэорыі» (2000, рэд. сумесна з А. Гапавай), «Гендэрныя гісторыі Ўсходняй Эўропы» (2002, рэд. сумесна з А. Гапавай і А. Пето), «Гендэр і трансгрэсія ў візуальных мастацтвах» (2007, рэд.), «Візуальнае (як) гвалт» (2008, рэд.), «Беларускі фармат: нябачная рэальнасьць» (2008, рэд.) і іншыя.

[1] Дарэчы, акадэмічны асяродак палітызаваны яшчэ й таму, што ва ўмовах нэалібэралізму самі падставы ўнівэрсытэцкага жыцьця зьмяніліся да непазнавальнасьці.

[2] Douzinas C. Referendum and Democracy: putting the demos in stage // ОpenDemocracy. Крыніца: https://www.opendemocracy.net/can-europe-make-it/costas-douzinas/referendum-and-democracy-putting-demos-on-stage

[3] Гл., напр.: Конопляников А. Майдан и левые: мечты и действительность // Лiва. Крыніца: http://liva.com.ua/maidan-lefts.html

[4] Гл.: Douzinas C. Referendum and democracy: putting the demos on stage // ОpenDemocracy. 27.06.2015. Крыніца: https://www.opendemocracy.net/can-europe-make-it/costas-douzinas/referendum-and-democracy-putting-demos-on-stage; Miri Davidson, Étienne Balibar: The relations Greece and Europe need // Verso. 12.05.2015. Крыніца: http://www.versobooks.com/blogs/1987-etienne-balibar-the-relations-greece-and-europe-need; Balibar E., Mezzadra S., Wolf F. O. The Brussels diktat: and what followed // ОpenDemocracy. 20.07.2015. Крыніца: https://www.opendemocracy.net/can-europe-make-it/etienne-balibar-sandro-mezzadra-frieder-otto-wolf/brussels-diktat-and-what-follow, etc.

[5] «Усход» — гэта асобны, вельмі цяжкі выпадак, для мяне асабіста амаль невырашальны. Тут наогул не зразумела, што рабіць (эскаляцыя рэлігійнага фундамэнталізму моцна зьвязаная з пытаньнем пра тое, хто кіруе прыроднымі рэсурсамі альбо хто прэтэндуе на іх бескантрольнае выкарыстаньне, у сытуацыі палітычнага хаосу). Паўсюдна — ад былога «чырвонага Ўсходу» да Аўганістану, Лібіі, Сырыі й розных афрыканскіх краінаў — мы можам назіраць катастрафічныя наступствы «новага сусьветнага парадку». Тое, што адбываецца там, — гэта нават ня слынны «пераход ад сацыялізму да капіталізму» (які адбыўся ва Ўсходняй Эўропе й былым Савецкім Саюзе), гэта ў шмат разоў горш — вяртаньне да фэадалізму, але ў іншых палітычных і эканамічных умовах, калі й прылады каляніяльнай палітыкі таксама зьмяніліся.

[6] Кувелакис С. Превращая «OXI» в политический фронт: уроки СИРИЗА // Спільне. 21.08.2015. Крыніца: http://commons.com.ua/prevrashhaya-oxi-v-politicheskij-front-uroki-siriza/. Гл. таксама: Размеры оппортунизма в Европе: ПЭЛ и роль КПИ // Международный коммунистический обзор. 07.07.2014. Крыніца: http://www.iccr.gr/ru/news/—00005/#_ftnref2

[7] Гл.: Кагарлицкий Б. Марксизм: не рекомендовано для обучения. Москва: Алгоритм, 2005 (раздзел «Исторический компромисс»).

[8] Зараз, напрыклад, прыстойную падтрымку атрымліваюць праекты, якія датычацца Ўкраіны альбо мэдыяпрапаганды. У зьвязку зь цікавасьцю да тэмы «рускага сьвету» й інш. пачынае ажываць славістыка. У прыродазнаўчых і дакладных навуках — свае прыярытэты.

[9] Маё кола чытаньня, дасьледчыя зацікаўленьні й выкладаньне ў значнай меры вызначаюцца менавіта нэамарксысцкімі аўтарамі: ад Бэньяміна й Альцюсэра — да Джэймісана, Жыжэка ды Бадзью (сюды ўваходзяць таксама й менш вядомыя ў нас тэарэтыкі — такія як Чайна Мьевіль або Джодзі Дын і асабліва італьянскія марксысты). Калі б ня гэтае кола чытаньня, то я не займалася б савецкім кінэматографам, не пісала б пра марксысцкую тэорыю любові, не зьявіўся б артыкул пра параўнальны аналіз «тэхналёгіяў дэпрывацыі», не было б тэксту пра рэцэпцыю гендэрных дасьледаваньняў на «руінах артадаксальнага марксызму» альбо тэксту пра рэвалюцыю й рэпрэзэнтацыю. І менавіта марксысцкая тэорыя дазваляе мне як дасьледчыцы візуальнай культуры сумяшчаць цікавасьць да формы й да сацыяльнай лёгікі, пра што б ні ішла гаворка.

[10] Я думаю, што для разуменьня сытуацыі, якая склалася, найлепшым у тэрапэўтычным сэнсе суцяшэньнем зьяўляюцца дзьве нядаўнія кнігі Жыжэка, а менавіта: Жижек С. Размышления в красном цвете. Москва: Изд-во «Европа», 2011; Жижек С. Год невозможного. Искусство мечтать опасно. Москва: Изд-во «Европа», 2012.

[11] Осмоловский А. Не с кем? Ни с кем! Против всех партий!!! Крыніца: http://www.anarh.ru/anarch/10/manifest.htm

[12] Douzinas C. Referendum and Democracy: putting the demos in stage // ОpenDemocracy. Крыніца: https://www.opendemocracy.net/can-europe-make-it/costas-douzinas/referendum-and-democracy-putting-demos-on-stage

[13] Гл.: Douzinas C., Žižek S., eds. The Idea of Communism. London: Verso, 2010.

[14] Бенсаид Д. Маркс. Инструкция по применению. Москва: Институт общегуманитарных исследований, 2012.

[15] Для мяне, напрыклад, найбольш важным тэкстам, у якім асэнсоўваюцца праблемы сталінскіх рэпрэсіяў і рэвалюцыйнага гвалту, зьяўляецца артыкул Алена Бадзью «Камуністычная ідэя й праблема тэрору»: Badiou A. Communist Idea and the Question of Terror // Žižek S., eds. The Idea of Communism 2. London: Verso, 2013.

[16] Демократия как политическая форма. Беседуют Жак Рансьер, Жан-Франсуа Шеврье, Софи Ваних // Журнал № 1. Москва: Изд-во «Ecce homo», 2003.

[17] То бок «пустая рыторыка» — гэта плеаназм.

[18] Гл.: Douzinas C. Referendum and Democracy: putting the demos on stage // ОpenDemocracy. 27.07.2015. Крыніца: https://www.opendemocracy.net/can-europe-make-it/costas-douzinas/referendum-and-democracy-putting-demos-on-stage

[19] Спробы СІРЫЗА ў якасьці кіроўнай кааліцыі што-небудзь зьмяніць ва ўзаемадачыненьнях з ЭЗ ды іншымі «крэдыторамі» прывялі да капітуляцыі перад тэхнакратычным дыскурсам заходняга істэблішмэнту, і ніякія аргумэнты не дапамаглі справіцца з рынкавай ідэалёгіяй.

[20] У зьвязку з гэтым вельмі паказальная гісторыя палемікі вакол савецкіх скульптураў на Зялёным мосьце ў Вільні, якая завершылася іхным дэмантажом, як толькі да ўлады прыйшоў мэр-лібэрал. Перавод стрэлкі баромэтру грамадзкай думкі на «чыста культурнае пытаньне» — гэта двойчы эфэктыўны жэст: з аднаго боку, гэта сыход убок ад больш складаных, крытычных эканамічных праблемаў, зь якімі ўрад ня ў стане справіцца (напрыклад, наступствы эканамічнага эмбарга ў гандлі з Расеяй), але, акрамя таго, у працэсе імітацыі «грамадзкага абмеркаваньня» ажыцьцяўлялася маргіналізацыя «нязгодных» зь цяперашняй уладай сацыяльных групаў і этнічных меншасьцяў.

[21] Хоць «міратворчая» роля Беларусі як мэдыятара ва ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне сапраўды мела глябальны рэзананс.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology