Галерэя «Ў»: адкрыццё інтэрактыўнага праекта «Прызнанні»

6 — 25 лютага 2016
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці 37а)

Кэндзі Чанг (ЗША)
Інтэрактыўны праект «Прызнанні»

У Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» пройдзе інтэрактыўная выстава «Прызнанні»/ Confessions, экспанатамі якой стануць выказванні наведнікаў. Гэта заснаваны на ўзаемадзеянні праект, дзе гледачы выконваюць сцэнар мастачкі і робяцца яе суаўтарамі.

unnamed-2

Аўтаркай выставы «Прызнанні»/ Confessions з’яўляецца мастачка Кэндзі Чанг/Candy Chang, вядомая сваім інтэрактыўным праектам «Перад тым, як я памру…»/ Before I Die…, які быў паўтораны ў 1000 гарадах, болей чым ў 70 краінах свету.

Сцэнар «Прызнанні»/ Confessions «пракручваецца» другі раз, цяпер у іншай краіне, у Беларусі. Упершыню ён быў рэалізаваны ў 2012 годзе ў Лас-Вегасе. На стварэнне гэтага праекту Кэндзі натхнілі малітоўныя сцены сінтаісцкіх бажніц, супольнасць Post Secret і каталіцкая ідэя cповедзі. Кэндзі Чанг прапаноўвае выконваць сцэнар супольна з гледачамі.

Экспазіцыя фармуецца ў непарыўным адрэзку часу, дзе акцэнт зроблены на працэс і вынік адначасова: наведнікі ананімна пішуць свае прызнанні на шыльдачках у закрытых кабінах, пасля чаго прызнанні робяцца экспанатамі выставы.

Кэндзі Чанг шырока вядомая ў свеце і шматкроць была спікерам канферэнцыі TED. Яе працы былі прадстаўленыя на Венецыянскай Архітэктурнай Біенале, у Новым Музеі Нью-Ёрка, у музеі «Тэйт Мадэрн» у Лондане, у Музеі сучаснага мастацтва ў Сан-Францыска, у Нацыяналным музеі дызайна Купер Хьюіт і шмат дзе яшчэ.

«Я вельмі ўсцешаная, што выстава пройдзе ў Беларусі. Гэта практычна супрацьлеглая частка свету, і сапраўды цікава, што хвалюе беларусаў і як прагучаць словы іх прызнанняў», — кажа Кэндзі Чанг. Па словах арт-дырэктара праекта Кацярыны Ліпніцкай, Беларусь стане першай з еўрапейскіх краін, што прымае выставу прызнанняў: «Мне спадабалася ідэя, і я захацела правесці першую выставу ў Еўропе менавіта ў Мінску. Эстэтыка сучаснага мастацтва — досыць спрэчная тэма. Тым не менш, у гэтым выпадку творам будуць думкі, якія заўжды з вамі, але вы саромеецеся вымавіць іх уголас, або наадварот хочаце зрабіць так, каб іх пачуў кожны». Пры канцы праекта шыльдачкі з прызнаннямі беларусаў будуць выстаўленыя ў экспазіцыях у Санкт-Пецярбургу і Маскве, а «сусветны банк запаветных цытат» папоўніцца словамі з Беларусі.

Куратарская група праекта «Прызнанні» ў Беларусі: Аксана Жгіроўская, Валянціна Кісялёва, Кацярына Ліпніцкая, Ганна Чыстасердава

Адкрыццё і прэзентацыя праекта «Прызнанні» адбудзецца 6 лютага а 16-й гадзіне ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў», уваход — вольны.

Галерэя «Ў» выказвае ўдзячнасць Кнігарні ЛогвінаЎ за дапамогу ў перакладзе тэкстаў да выставы.

www.ygallery.by

unnamed


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology