Павел і Алена Аракеляны прадставяць праграму «Песні пра каханне»

Вядучы беларускі джазавы музыка разам з выдатнай спявачкай даюць сумесны сольны канцэрт у межах акцыі «Жывы Тузін» 6 сакавіка ў бары «Beer&Wine».

arakeliany-afisha

Алена і Павел заснавалі свой – сямейны – праект ужо калі атрымалі прызнанне паасобку. Паша здабыў сабе славу аднаго з найлепшых джазменаў краіны, які дасканала грае на саксафоне, фортэпіяна, флейце. Ён пайграў разам з Apple Tea, «Камератай», Svet Boogie Band, Kriwi, стаў сталым удзельнікам праекту «Крамбамбуля», выступіў з сусветнымі джазавымі знакамітасцямі (Дэбора Браўн, Майк дэль Феро, Сяргей Манукян ды іншыя) ды запісаў альбом сваіх кампазіцый з гуртом The Outsiders. Алена Аракелян праявіла сябе, як аўтарка песень для гурту Tanin Jazz, а вось у якасьці спявачкі паспрабавала сябе ўпершыню разам з братам.

У 2013 годзе Аракеляны выдалі дэбютны сінгл ды сталі даваць сумесныя канцэрты. Праўда да запісу поўнавартаснага альбому і пашырэння межаў дуэту справа пакуль не дайшла. Ды і выступаюць Паша і Алена гады ў рады. «Зараз мы вельмі рэдка граем разам з Ленай – у кожнага свае справы, свая праца. Але кожнае нашае спатканне – гэта абсалютнае творчае паразуменне, таму кожны сумесны канцэрт – выбітны, нягледзячы на дзіўную творчую разбежку», – кажа Павал. 6 сакавіка яны выступяць у межах «Жывога Тузіна» з праграмай «Песні пра каханне», якая ўключае ў сябе і беларускамоўныя блюзы, і ангельскамоўны джаз, і песні на вершы паэтаў срэбнага стагодздзя. Будзе шмат зусім новага матэрыялу, сярод іншага – прэм’ера кампазіцыі «Дакраніся, Анёл».

«Улічваючы тое, што нашы планы на будучыню ніяк не звязаныя з творчасцю, вельмі раім не прапусціць адзін з нашых нешматлікіх канцэртаў, бо будзе весела і душэўна. І канечне ўсіх чакае шмат цікавай і разнастайнай музыкі!», – заяўляюць музыкі.

Квіткі на канцэрт можна папярэдне набыць онлайн на Bezkassira.by,  альбо ў кропках продажу па Мінску.

Абраныя песні Паўла і Алены Аракелян – https://soundcloud.com/tuzinhitou/sets/arakeliany

6 сакавіка (нядзеля). 19.00. Бар Beer&Wine (вул.Кульман, 9). Павел і Алена Аракеляны з праграмай «Песні пра каханне». Кошт квітка (папярэдне) – 120 000 (танцпляц), 150 000 (столік), 180 000 (у дзень, пры наяўнасці). Інфа: +375 29 687-20-93.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology