ВОЛЬГА САВІЧ: ДОЎГІМ ШЛЯХАМ ТРАДЫЦЫЯЎ

pARTisan #29’2015. Тарашкевіца

У кастрычніку 2015 году на амаль што дваццаці сталічных пляцоўкаў адбыліся выставы Месяцу фатаграфіі ў Менску, у межах якога год таму была заснаваная яшчэ адна фатаграфічная прэмія — «ПРАФОТА». Гэтая прэмія прызначаецца ў намінацыях дакумэнтальных і арт-праектаў, у сьпісе ўзнагароджаных былі як ужо вядомыя аўтары, так і новыя імёны. Адным з такім умоўных «адкрыцьцяў» у 2014 годзе стала Вольга Савіч, чый праект «Gene BY» быў адзначаны ў катэгорыі «арт» і ўяўляў сабой каляжы, выкананыя ў тэхніцы літаграфічнага друку. Увагу прыцягнула ня толькі форма падачы візуальнага матэрыялу, але перш за ўсё канцэптуальны складнік сэрыі: Вольга, на чыё аўтарскае станаўленьне паўплывалі Генадзь Родзікаваў, Уладзімер Парфянок, Катарына Сівэрдынг і Элізабэт Шмірл, працуе з выявамі народных арнамэнтаў і суадносіць іх з багатым інтэрнэт-архівам з сайтаў, дзе беларусы прадаюць і набываюць ужываныя рэчы.

Пра нябачныя твары беларусаў, мову сакральных сымбаляў і зручнага інтэрнэту, пра будучыню камунікацыі й мінулае сардэчак на шакалядках зь ёй гутарыць арт-крытык Вольга Бубіч.

1

Вольга Савіч. Неназваны тутэйшы #1

Вольга Бубіч: Пачнем з «бэкграўнду» вашага праекту «Gene BY». У апісаньні вы называеце сэрыю «сэнсавым пазлам з двух архіваў: традыцыйных народных арнамэнтаў і асабістых здымкаў, узятых зь беларускіх сайтаў, якімі людзі карыстаюцца для набыцьця й продажу ўжываных рэчаў». Які архіў стаўся для вас адпраўной кропкай? Якімі прынцыпамі вы кіраваліся, калі адбіралі матэрыялы з абодвух архіваў і сумяшчалі іх?

Вольга Савіч: Спачатку мяне зацікавалі тое, што калісьці існавала сыстэма знакаў, якую нашыя продкі ўмелі «чытаць», але якой сёньня мы ўжо ня ў стане карыстацца. Арнамэнт зьвязаны зь вераю, гэта вобраз мысьленьня, заснаваны на глыбокай пашане й павазе да прыродных сілаў. Вядома, як і любая мова, мова сымбаляў таксама разьвіваецца, муціруе, згодна з часам… і верай.

Але калі «размовы на арнамэнце» нашых продкаў не актуальныя зараз, то чым жа мы запоўнілі гэтае поле сёньня? Як выглядае візуальнае паведамленьне ў нашыя дні?

Напрыклад, калі каханьне ў нашых продкаў пазначалася двума галубкамі, якія схіліліся адно да аднаго, то сёньня гэта сымбаль сэрца, які выдатна прадаецца, — надрукаваны, скажам, на тэматычных паштоўках і шакалядках. Раней, каб заявіць пра свае пачуцьці, трэба было стварыць «ручнік», уласнаручна выткаць усе спадарожныя паняткі. Сёньня ж людзі проста ідуць у краму й купляюць што-небудзь з сэрцайкам. Я, вядома, утрырую, але вера, заснаваная на спажывецтве, істотна ўплывае на фармаваньне мовы знакаў. То бок працэс стварэньня, напоўнены верай, цяпер замяшчаецца актам пакупкі ці магчымасьцю набыцьця. Падумаем, напрыклад, як знак багацьця мог бы выглядаць у сёньняшнім беларускім грамадзтве…

Пры адборы фатаграфіяў для праекту я спрабавала ўявіць сытуацыю, пры якой быў зроблены здымак, выбірала тое, што чапляла мой погляд. Як заўважыў нямецкі сацыёляг масавай культуры, пісьменьнік Зыгфрыд Кракаўэр, «пра месца пэўнай эпохі ў гістарычным працэсе больш пераканаўча сьведчаць не меркаваньні гэтай эпохі аб самой сабе, але ейныя непрыкметныя паверхневыя праявы». Самі здымкі я зьбірала каля двух гадоў. Нягледзячы на тое, што асобы замаскаваныя (гэта зроблена самімі карыстальнікамі сайтаў), можна лёгка зразумець, хто на іх выяўлены: мужчына ці жанчына, гэта дом, офіс альбо пляж, пра гэта таксама сьведчаць паставы, жэсты, тыповыя для нашага часу, самі рэчы й тое, як у іх пазуюць. Часьцей за ўсё гэта даволі аднатыпова. Кожная з выяваў каштоўная сама па сабе й нясе інфармацыю ня як партрэт, але як знак, гледзячы на які, можна ўявіць сябе на месцы гэтых людзей. Зрэз фатаграфіяў прадстаўлены пераважна «сэлфі», але ёсьць і прафэсійна зьнятыя кадры: усе нядаўнія, зробленыя ў наш час. Магчыма, хтосьці нават пазнае на іх сябе.

4

Вольга Савіч. Неназваны тутэйшы #2

Арнамэнт — гэта зацьвярдзелая візуальная форма калектыўнага ўспрыманьня якой-небудзь зьявы, зашыфраваны аповед пра жыцьцё людзей і пэўныя падзеі, які быў калісьці зразумелы нават непісьменным. У сваёй мастацкай практыцы я пакідаю месца імправізацыі й несьвядомаму. Ёсьць рамкі, задачы, але тое, як адбываецца сам працэс, больш падобна да гульні ў асацыяцыі. Дзесьці сымбаль і фота супадаюць па значэньні, дзесьці спрачаюцца, але графічна складаюцца ў агульную «карцінку».

В. Б.: Вы кажаце, што замаскаваныя асобы незнаёмцаў з сайтаў куплі-продажу дазволілі вам зрабіць выснову пра самапрэзэнтацыю сучаснага жыхара Беларусі. Што гэта была за выснова? Якім чынам гэтая самапрэзэнтацыя, на ваш погляд, была «перагрупаваная» за кошт сумяшчэньня чужых здымкаў з выявамі традыцыйных беларускіх сымбаляў?

В. С.: Маскаваньне асобы — гэта акт самаабароны. Але, магчыма, гэта й сымбаль нашага часу. Дастаткова згадаць, як яго выкарыстоўвае Googlemap, напрыклад.

Чалавек бяз твару — сымбаль чаго? Унівэрсальнай чалавечай адзінкі?

У японскай культуры, напрыклад, страта свайго твару азначае ганьбу й пазбаўленьне ад сваёй значнасьці. Чалавек бяз твару быў пэрсанажам раману Кобо Абэ «Чужы твар», дзе чалавек, які фізычна страціў сваё аблічча, апынуўся ў сытуацыі, дзе маска стала замяшчаць ягоную асобу. Для мяне асабіста гэта люстэрка сёньняшняй самасьвядомасьці беларуса, забытага мінулага й нявызначанай сучаснасьці.

В. Б.: У якіх узаемадачыненьнях усё ж знаходзяцца гэтыя два архівы: гэта сынтэз альбо проціпастаўленьне? Крытыка або гарманічны дыялёг?

В. С.: Гэта, хутчэй, мэтафарычнае ўзаемапранікненьне візуальнай мовы мінулай і цяперашняй культуры Беларусі. Магчыма, уяўны дыялёг… Хацелася б верыць, што такі дыялёг можа адбыцца.

В. Б.: Ва ўступным куратарскім тэксьце Аляксей Шынкарэнка зазначае, што адно з пытаньняў, якія, на ягоную думку, уздымае праект «Gene BY», зьвязанае з паняткам часу. «Узьніклы рэзананс прыроды, часу й характару сыстэмаў знакаў ставарае поле для дыялёгу й пытаньня: Ці можа фатаграфія стаць новым элемэнтам арнамэнту тканіны цяперашняга часу?» — фармулюе праблемнае поле Аляксей. А як вы самі вызначаеце прасторавыя каардынаты свайго праекту? Гэта дыстанцыянаваныя ад вас сёньняшняй развагі пра мінулае альбо запаўненьне правалаў калектыўнага несьвядомага праз працу з пэрсанальным пачуцьцёвым і інтэлектуальным досьведам? Якую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае фатаграфія?

В. С.: Фатаграфія для мяне — гэта сродак і матэрыял для дасьледаваньня, каштоўнасьць якога палягае ў наўпроставай сувязі з рэальнасьцю. Цяпер яна мне цікавая яшчэ й таму, што гэта форма зносінаў, і чым далей — тым больш. Напрыклад, чытаючы ліставаньне Антона Паўлавіча Чэхава, разумееш, што ў ягоны час людзі ня мелі патрэбы ў візуальным падмацаваньні сваіх словаў, сёньня ж «мэсэдж» без карцінкі выглядае… неяк ня так паўнавартасна. Эмоцыі выяўляюцца смайлікамі, а тое, чым пацешыў сябе на сьняданак, — малюначкам з інстаграму. Такое адчуваньне, што словам без карцінкі сёньня ўжо верыць нельга. Піктаграмы й фатаграфія займаюць усё больш прасторы ў нашым паўсядзённым жыцьці й зносінах. Ужо цяпер лінгвісты прадказваюць паступовае выцісканьне вэрбальных канструкцыяў выявамі, таму што нашыя камунікацыі ўсё больш адбываюцца ў віртуальнай сьвеце. І мяне таксама прыцягвае прастора перакрыжаваньня фатаграфіі й арнамэнту як сродкаў перадачы інфармацыі.

3

Вольга Савіч. Неназваны тутэйшы #3

В. Б.: Раскажыце, калі ласка, пра выбар такой незвычайнай у межах фатаграфічных практык тэхналёгіі — літаграфічнага друку. Чаму вы на ім спыніліся, і якім чынам гэта ўплывае на ўвасабленьне асноўнай ідэі праекту?

В. С.: Мне заўсёды быў блізкі ручны друк, перш за ўсё з прычыны ўнікальнасьці адбіткаў. У маім праекце ручны друк падобны да асобы, гэта значыць яго немагчыма паўтарыць на 100 %. Са спосабам «paper transfer print» я пазнаёмілася ў Аўстрыі, там жа й стварыла сэрыю. Тэхніка дазволіла вывесьці ў адно поле знак сучаснасьці й мінулага, без дамінаваньня аднаго над другім. Здымкі з інтэрнэту зьяўляліся нэгатывам, які бяз рэтушы быў надрукаваны, «як ёсьць», на папяровую аснову, гэтаксама як арнамэнты, выявы мітычных пэрсанажаў з дываноў беларускай мастачкі-самавучкі Алены Кіш, чыё імя, як мы ведаем, унесенае ў «Сусьветную энцыкляпэдыю наіўнага мастацтва». Мяне прыцягнулі ейныя сюжэты-сымбалі шчасьця й прыгажосьці, сугучныя ўяўленьням беларусаў.

В. Б.: Наколькі асабістым усё ж зьяўляецца для вас гэты праект? Як бы вы вызначылі ягоную асноўную танальнасьць і эмоцыю — вы крытыкуеце беларусаў за іх «абезасобленыя» твары ці ставіце ім на лоб таўро — арнамэнт «тутэйшасьці»? І наколькі, на ваш погляд, тэма самаідэнтыфікацыі ўсё яшчэ ёсьць актуальнай для беларускай фатаграфіі й мастацтва?

В. С.: Большасьць маіх праектаў пачынаюцца з пытаньняў да самой сябе й разьвіваюцца ў форме дасьледаваньня. Таму пралічваць рэакцыю гледача й уплываць на яе — не зусім мая стратэгія. Думаю, у беларускага гледача ёсьць прывілеі ў тым, што на нейкім узроўні ён можа «чытаць» арнамэнт, нават ня ведаючы ягонага значэньня, і тыя адчуваньні, якія ўзьнікаюць пры гэтым, — напэўна, і ёсьць самыя правільныя й сапраўдныя, гэта індывідуальная рэакцыя.

На першай прэзэнтацыі праекту, якая адбылася ў Зальцбургу (Аўстрыя), я была зьдзіўленая з прычыны той цікавасьці, якую працы выклікалі ў аўстрыйцаў. Наўрад ці іх прыцягнула тэма канкрэтна беларускай ідэнтычнасьці. Для замежнікаў усё здавалася экзатычным: хтосьці з жахам пазнаваў свастыку (бо для іх гэта табуяваны сымбаль), а хтосьці адгадваў тэму глябалізацыі.

Таму, мне здаецца, тэма ідэнтычнасьці перажывае зараз уздым, і ў звароце да яе мы зусім не ўнікальныя, хоць асаблівасьці гэтага пытаньня ў кожнай нацыі свае: міграцыя, неабходнасьць фармаваньня культурнай ідэнтыфікацыі ў палітычных мэтах, узьнікненьне маладых нацыяў…

Згадваецца фраза манашкі зь фільму «Вялікая прыгажосьць» новага італьянскага клясыка Паола Сарэнціна: «Ведаеш, чаму я сілкуюся толькі каранямі? Таму што карані — гэта важна…» Бо для таго, каб адшукаць сябе, трэба прайсьці працяглы шлях уласных традыцыяў.

Гутарыла Вольга Бубіч

Фотаздымкі © Вольга Савіч

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology