Akute выступіць у «Жывым Тузіне»

Магілёўскі гурт дае сольны канцэрт у Мінску 22 красавіка ў клубе «ILI», на якім зайграе свае найлепшыя песні і прэзентуе новы сінгл.

Сем год менавіта на «Тузіне Гітоў» былыя ўдзельнікі гурту «Глюкі» Стас Мытнік і Раман Жыгараў прадставілі свой новы праект Akute ды дэбютны сынгл «Адзіноцтва», які чакаў шалёны поспех. Гэтая песня доўгі час лідзіравала ў чарце ды на гады стала візітоўкаю гурту і нават увайшла ў лік «100 найвялікшых беларускіх песень» паводле апытання 90 экспертаў. Akute у першыя некалькі год узялі хіба што ўсе ўзнагароды, якія можна ўзяць у Беларусі, у тым ліку перамаглі на «Басовішчы» ды былі прызнаныя «Гуртом году» на прэміі «Героі году-2012».

akute

Цяпер Стас і Рома разам з новай удзельніцай калектыву – бубначкай Vicky Fates шчыруюць над чацвёртым альбомам. Яго плануецца прэзентаваць увосень 2016 году. Сінгл з яго «О Божа мой» ў другі раз перамагае ў аўдыёчарце на «Тузіне». Яшчэ адзін трэк з будучага дыску музыкі пакажуць у красавіку і прэзентуюць ужывую на канцэрце 22 красавіка ў клубе «ILI» ў межах акцыі «Жывы Тузін», якую ладзіць партал Tuzin.fm пры інфападтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». «Новыя песьні будуць. І можа нават не адна і не дзве, але ўхіл зробім на добравядомы матэр’ял. Цяпер якраз абмяркоўваем трэк-ліст мінскага канцэрту. Думаю, што ён спадабаецца як тым, хто слухае нас ад пачатку, так і тым, хто адкрыў нашу музыку зусім нядаўна», – кажа Раман Жыгараў.

Найлепшыя песні Akutehttps://soundcloud.com/tuzinhitou/sets/akute-2009-2016.

Паралельна гурт працягвае канцэрты ў межах туру «Усё павернецца». Выступы адбудуцца ў Магілёве (17.04), Віцебску (23.04), а таксама ў шэрагу гарадоў Украіны і Польшчы.

Квіток на канцэрт можна набыць он-лайн https://bezkassira.by/akute_nailepshyj_pesn-1234/, а таксама ў клубе ILI (пр.Незалежнасці, 131/1) і ў пунктах продажу па Мінску.

22.04 (пятніца). 19.00. Клуб ILI (пр.Незалежнасці, 131/1). Гурт Akute з праграмай «Найлепшыя песні». Кошт квітка (толькі танцпляц) – 150 000 (першыя 30), 180 000 (астатнія), 200 00 (у дзень, пры наяўнасці). Інфа: +375 29 687-20-93.

akute_afisha


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology