Прэзентацыя новага канцэртнага альбома гурта «Стары Ольса»

15 красавіка ў Менскім тэатры эстрады (Маскоўская, 18а) адбудзецца прэзентацыя новага канцэртнага альбома гурта «Стары Ольса» — «КОЛА РЫЦЭРСКА».

А напярэдадні прэзентацыі 6 красавіка гурт запрашае ўсіх сваіх прыхільнікаў і сяброў на сустрэчу ў нефармальных зносінах «ОЛЬСА-BEER-ПАЦІ» ў бары Beer&Wine (Мінск, Кульман, 9) а 19-й гадзіне, каб падзяліцца і адзначыць свае поспехі разам з усімі! Нагодаў шмат: і выхад альбома, і паспяховая Kickstarter кампанія, і запіс альбома сярэднявечных рок-кавераў, і тур у ЗША.

JoSZee75iLQ

«Мы прагнем блізкага стасавання і кантактных зносінаў. Мы хочам сустрэцца з тымі, каму падабаецца нашая музыка, распавесці жарты, за куфлем добрага піва адказаць на пытанні ўсіх цікаўных, паціснуць лапы і пацалаваць ручкі, пасмяяцца і паабдымацца!) Мы шчыра ўдзячныя аматарам нашай творчасці і хочам пабыць у вашай найпрыемнейшай кампаніі! Мы нечага вартыя толькі з вашай падтрымкай! Будзем вельмі радыя спаткацца. Без праграмы і афіцыёза! І каб журналісты не адчувалі адказнасці за свае рэпартажы, а пабылі жывымі і таварыскімі людзьмі!

Мінуючы ўсе гады сцэнічнага жыцця, мы саспелі да новай версіі сустрэч — незаклапочаная прэс-вечарына ў прыемным пабе З СУМЕСНЫМІ ЗДЫМКАМІ, АЎТОГРАФАМІ І РАЗМОВАМІ ПРА ШТО ЗАЎГОДНА! Чакаем вас!)»

«Кола рыцэрска» — трэці канцэртны альбом у дыскаграфіі гурта «Стары Ольса». Запіс быў зроблены гукааператарам Анатолем Шаўцовым (студыя DP-records) ў лістападзе 2015 года падчас канцэрта ў Гомелі і быў прысвечаны гераічнаму эпасу Вялікага Княства Літоўскага.

Калісьці ў 2004 годзе «Стары Ольса» выдаў свой першы канцэртнік пад назвай «Шлях». На думку многіх, ён і дагэтуль вабіць сваёй простасцю і нязмушанай свежасцю. У 2005 годзе на піку папулярнасці сярэднявечных дыскатэк выйшаў другі жывы альбом «Сярэднявечная дыскатэка». З тых часоў шмат змянілася: дадаліся інструменты, з’явіліся новыя музыкі,
павялічыўся рэпертуар.

Чаму канцэртны? Вельмі часта прыхільнікі і музычныя крытыкі выказваюць меркаванне, што музыку гурта патрэбна слухаць ужывую. У чым сакрэт? Адпаведная эпохам вопратка, выгляд і жывое гучанне інструментаў, сапраўдныя шчырыя эмоцыі і непаўторны настрой! А таксама, у адрозненне ад студыйных, канцэртны альбом дае магчымасць пачуць «вітаміны» жывога
гучання, характэрныя толькі для сцэнічнага выканання! Гэтыя асаблівыя рысы гурта і прывабліваюць слухачоў.

На канцэрце 15 красавіка будуць выкананыя ўсе кампазіцыі з новага альбома і любімыя творы. Разняволеная атмасфера весялосці і сяброўскае кола перанясуць вас у эпоху рыцарства. А таксама будзе магчымасць набыць свежанькі, з пахам друкарні дыск!

15.04, Мінск, Моладзевы тэатр эстрады (вул. Маскоўская, 18а), 19.00

Стары-Ольса


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology