Праграма школы «Горад: асяродак, супольнасць, вобраз дзеяння»

Лятучы універсітэт у партнёрстве з таварыствам «Зялёная сетка» і альманахам «Гарадскія тактыкі» запрашае на адукацыйную праграму «Горад: асяродак, супольнасць, вобраз дзеяння».

Distr

Школа накіравана на распрацоўку і прасоўванне сучасных падыходаў для развіцця беларускіх гарадоў. Праграма школы будзе будавацца на ўзаемасувязі некалькіх кірункаў мыслення і практыкі: урбаністыка, устойлівае развіццё, экалогія і сістэмны падыход у даследаванні і развіцці гарадоў. Праца школы будзе арыентавана на некалькі прынцыпаў і установак:

  • шырокае і сістэмнае ўяўленне пра горад як пэўную арганізацыю сучаснага жыцця, у якую ўваходзяць самыя розныя вымярэнні — ад матэрыяльна-прасторавага і тэхналагічнага да антрапалагічнага і палітычнага;
  • прадстаўленне розных падыходаў і спосабаў мыслення, прэзентацыя розных установак і ідэалагічных падстаў, уцягнутых у рашэнне гарадскіх праблем; дыскусійнасць і праблемнасць ў разглядзе розных тэм гарадскога развіцця;
  • пераход ад экалагічнага і гарадскога актывізму да праектавання і арганізацыі практыкі шырокага маштабу, якая патрабуе сістэмных ведаў.

Праграма школы арганізавана ў тры этапы:

  • Адукацыйны інтэнсіў (красавік – чэрвень) — 6 сесій, якія ўключаюць у сябе розныя фарматы працы: лекцыі, дыскусіі экспертаў, самастойная праца слухачоў. У рамках гэтага этапу будуць прадстаўлены розныя праблемы і падыходы ў сучасным гарадскім развіцці: ад генезісу ідэі горада і розных падыходаў да распрацовак стратэгіі гарадскога развіцця да пытанняў сучасных тэхналагічных рашэнняў і праграмы адаптацыі да кліматычных змен.
  • Даследчая практыка (ліпень – жнівень), на працягу якой удзельнікі школы пад кіраўніцтвам куратараў будуць праводзіць даследаванні гарадскога асяроддзя па абраных тэмах і праблемах.
  • Заключны семінар – 3 дні (Беларусь), дзе будуць падводзіцца вынікі практыкі, а таксама распрацоўвацца праекты далейшых практычных накарункаў развіцця даследаваных тэм.

Вынікі працы школы –вынікі даследчай практыкі, артыкулы, матэрыялы лекцый – стануць падставай для публікацый.

Больш падрабязнае апісанне і праграму школы можна прачытаць тут.

У якасці лектараў і экспертаў у школе прымуць удзел беларускія і замежныя спецыялісты ў розных галінах: Уладзімір Батаеў, Уладзімір Мацкевіч, Марыя Фалаліева, Іван Сухій, Ганна Пазняк, Іван Краўцоў, Аляксей Крывалап, Зьміцер Гаўрусік, Яраслаў Бекіш, Юрась Меляшкевіч, Таццяна Вадалажская, Зміцер Бабіцкі і іншыя.

Да ўдзелу ў школе запрашаюцца даследчыкі і актывісты экалагічнага і урбаністычнага руху, якія маюць досвед працы і зацікаўленыя ў развіцці сваёй практыкі на падставе сістэмных ведаў.

Для паступлення ў школу неабходна запоўніць заяўку да 15 красавіка. Вынікі адбору будуць вядомыя не пазней за 18 красавіка.

Заняткі школы пачнуцца з 23 красавіка 2016 года.

Заняткі будуць праходзіць у Мінску. Для іншагародніх удзельнікаў прадугледжана магчымасць кампенсаваць выдаткі на праезд і пражыванне.

Па ўсіх пытаннях, звязаных з правядзеннем школы, звяртайцеся на flyuniby@gmail.com з пазнакай «Школа Горад».

Інфармацыйныя партнёры:

Талака.byБеларусский журналEurobelarus.infoVitebsk4me


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology