Адукацыйны курс Міхаіла Гуліна «Публічная прастора і акцыянізм»

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» прапануе ўнікальны адукацыйны праект «10 майстэрняў».

Праект складаецца з 10 аўтарскіх праграм, распрацаваных беларускімі мастакамі. Кожная праграма ўключае 6-дзённы закрыты практычны курс і адну публічную сустрэчу з аўтарам курса пры канцы праграмы.

unnamed

Другі курс адукацыйнага праекта называецца «Публічная прастора і акцыянізм». Аўтар — Міхаіл Гулін. На працягу 6 дзён 5 чалавек атрымаюць непаўторную магчымасць практычнага даследавання грамадскай прасторы з дапамогай трох тэматычных блокаў: паблік-арт, акцыянізм, фатаграфія як метад дакументацыі. Удзельнікам праекта на прыкладзе Мінска прапануюць вывучыць мастацкі патэнцыял гарадской прасторы.

Выніковы праект майстэрні Міхаіла Гуліна сфармуецца зыходзячы з практычнага тыдня. Крытэрыі адбору ўдзельнікаў: людзі ад 18 гадоў, якія цікавяцца перфарматыўнымі практыкамі і тэмай паблік-арта ў мастацтве.

Пачатак курса Міхаіла Гуліна — 21 красавіка, першы занятак пройдзе з 19.00 да 21.00 па адрасе: Някрасава, 11/34. Далей курс змяшчае практычную частку ў форме шпацыру па Мінску. Просьба да ўдзельнікаў мець з сабой фотаапараты альбо відэакамеры.

Заяўка на ўдзел у курсе Міхаіла Гуліна складаецца з рэзюмэ і матывацыйнага ліста. Заяўку дасылаць на адрас: info@ygallery.by з пазнакай «Майстэрня Міхаіла Гуліна».

Удзел — платны. Кошт курса 600 000 рублёў, (грошы забяспечваюць рэалізацыю праектаў у рамках аўтарскага курса), аплата праз касу галерэі «Ў». Зыходзячы з матывацыйнага ліста кандыдата можа быць прапанаваны бюджэтны ўдзел у курсе Міхаіла Гуліна.

Міхаіл Гулін — мастак, куратар, акцыяніст.

Жыве і працуе ў Мінску. Скончыў Беларускую дзяржаўную Акадэмію мастацтваў, Гомельскі філіял Мінскай мастацкай вучэльні імя Глебава.

Куратар выставачных праектаў «Алфавіт» (2012, Карцінная галерэя Вашчанкі, Гомель, Беларусь), «Палацавы комплекс» (2012, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомель, Беларусь), «Прастора дыфузіі» (2015, ДЦСМ, мансарда казармы «Кронпрынц», Калінінград, Расія). Удзельнік  6-ай Маскоўскай біенале сучаснага мастацтва 2015.

Аўтар работ, прадстаўленых у публічнай прасторы як «Я не …» (2008), «Норка» (2010) і «Персанальны манумент» (2012).

Удзельнік міжнародных праектаў Going Public (2012), 8-га Міжнароднага сімпозіума «Аланіка» (2014).


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology