Конкурс эсэ «Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі і кантэксты»

Беларускае мысленне — неад’емная частка нашай культуры і ідэнтычнасці.

Ідэі, канцэпты і ўяўленні, што нараджаліся на гэтай зямлі з’яўляюцца падмуркам і крыніцай для разумення культурай самой сябе, спробамі ўгледзецца ў свае мінулае і будучыню, складнікам самастойнага еўрапейскага мыслення, умовай самаасэнсавання і развіцця. Але на жаль імёны мысляроў, іх ідэі і канцэпты вельмі слаба ўсвядомлены і «узяты» у культуру і ідэнтычнасць беларусаў.

for_Esse-konkurs

Цягам апошняга году ў межах кампаніі «Цытуй сваё» шэраг грамадскіх арганізацый і ініцыятываў намагаліся звярнуць увагу шырокага кола беларусаў на той скарб, які мы ўсе разам маем — беларускае мысленне. Дзякуючы супольным намаганням з’явіўся «Цытатнік беларускага мыслення», думкі беларускіх мысляроў ўвасобіліся ў арыгінальныя выявы для саколак, адбылася серыя публічных лекцый і дыскусій «Спадчына Ігната Абдзіраловіча».
Працягваючы гэты шлях у пазнанне і разуменне саміх сябе мы прапануем новы творчы крок — конкурс эсэ, прысвечаных постацям, ідэям і кантэкстам паўставання беларускай інтелектуальнай традыцыі.

Мэта конкурсу — узбуджэнне цікавасці да інтэлектуальнай спадчыны, творчае і рэфлексіўнае пераасэнсаванне і прысваенне традыцыі беларускага мыслення, стварэнне галерэі тэкстаў, якія разгортваюць разуменне беларускай культуры і ідэнтычнасці.

Мы прапануем звярнуцца да самых розных гістарычных перыядаў і культурных кантэкстаў паўставання беларускага мыслення: ад самых далёкіх часоў да нашых сучаснікаў, якія рабілі свой унёсак у традыцыю апошнія дзесяцігодзі.

Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія эсэ, ў якіх праводзіцца аналіз, рэфлексія, канцэптуалізацыя ці робіцца працяг самых розных аспектаў беларускага мыслення. Працы павінны быць напісаны ў межах наступных тэматычных накірункаў:
1. Уяўляючы Беларусь. Ідэі і канцэпты ў беларускай традыцыі, праз якія ішло асэнсаванне Беларусі, грамадства, культуры, нацыі, яе мінуўшчыны і будучыні.
2. Унікальныя ідэі, тэорыі і падыходы як беларускі ўнёсак у еўрапейcкую і сусветную думку.
3. Паўставанне і выбудова традыцыі: пераемнасць, разгортванне думак і ідэяў ад мінулага ў будучыню.
4. Шлях і лёс інтэлектуала: постаці беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Гістарычны, культурны і палітычны кантэксты інтэлектуальнай працы, выклікі і адказы, індывідуальныя траекторыі і творчасць.
5. Гісторыя беларускай інтэлектуальнай традыцыі: культурны кантэкст, абставіны і інстытуты развіцця мыслення.
6. Асобны накірунак! Асэнсаванне інтэлектуальнай спадчыны Ігната Абдзіраловіча.

У склад журы конкурсу ўваходзяць:
Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг, заснавальнік Лятучага ўніверсітэта
Ірына Дубянецкая, бібліст, багаслоў і філосаф, акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюма
Міхаіл Баярын, філосаф, лінгвіст, санскрытолаг, перакладчык, паэт
Віталь Рыжкоў, літаратар, перакладчык, лаўрэат літаратурных прэмій «Дэбют» і «Залаты апостраф»
Лідзія Міхеева, сацыёлаг, рэдактар аддзела культуры «Беларусского Журнала»

Да ўдзелу запрашаюцца як сталыя навукоўцы, даследчыкі, літаратары, так і студэнты і пачаткоўцы, якія цікавяцца беларускай інтэлектуальнай спадчынай, шукаюць сваё месца ў традыцыі мыслення, прагнуць разумення і развіцця беларускай культуры і ідэнтычнасці.

Тэксты павінны быць раней не публікаваныя і напісаныя на беларускай альбо рускай мове. Памер тэкстаў ад 10 да 25 тысяч знакаў.
Дасылаць свае працы трэба ў электронным выглядзе з пазнакай «На конкурс» на адрас: cytuj.svajo@gmail.com да 15 жніўня 2016 г. Таксама абавязкова пазначце ў лісце сваё імя і прозвішча, кантактныя дадзеныя (пошта, тэлефон), сферу дзейнасці.

10 верасня 2016 года будзе абвешчаны шорт-ліст удзельнікаў. Пераможцы будуць абвешчаны падчас Тыдня беларускага мыслення на адмысловай імпрэзе.
Пераможцы атрымаюць каштоўныя ўзнагароды (электронныя кнігі), а ўсе аўтары эсэ з шорт-ліста прыемныя падарункі. Найлепшыя працы ўдзельнікаў будуць апублікаваныя на сайтах Будзьма, Беларусский журнал, Лятучы ўніверсітэт, а таксама войдуць у Альманах, які будзе выдадзены напрыканцы 2016 года.
У арганізацыйны камітэт конкурсы ўваходзяць: Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь», Лятучы ўніверсітэт, грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!», Беларускі Калегіум, «Мова Нанова», «Беларусский журнал», кнігарня «ЛогвінаЎ».


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology