Прастора «Ў падвал» запрашае: выстава Ромы Камінскага

5 — 29 чэрвеня 2016
Прастора «Ў падвал» (праспект Незалежнасці 37А)

Рома Камінскі (Беларусь)
Персанальная выстава Singular Invisible Present

Singular Invisible Present — першая персанальная выстава мастака ў спецыялізаванай прасторы сучаснага мастацтва. Тэма выставы — пад’езд жылога дома. Прастора, дзе скончваецца публічнае і пачынаецца прыватнае. Дзе доля прыватнага не дазваляе адчуць сябе ў бяспецы, бо публічнае яшчэ падпарадкоўвае сабе і дыктуе негалосныя правілы паводзінаў. Так, пад’езд ператвараецца ў музей з нябачнымі жывымі экспанатамі. Іх наяўнасць прэзентаваная нейкімі пакінутымі рэчамі, лістамі ў паштовых скрынях, святлом лямпачкі і пахамі пад’езда.

Рома Камінскі нарадзіўся ў Магілёве. У 2009 годзе скончыў Магілёўскі архітэктурна-будаўнічы каледж. У тым жа годзе паступіў у Віцебскі дзяржаўны універсітэт ім. Машэрава на мастацка-графічны факультэт.

З 2013 года распачаў займацца алейным жывапісам і графікай.

У 2015 годзе адбылася першая персанальная выстава ў прасторы мінскага бара Svabody4. У 2016 годзе адбылася яго выстава ў брэсцкай кавярні Times.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў прасторы «Ў падвал» 5 чэрвеня 2016 а 19-ай гадзіне па адрасе: праспект Незалежнасці 37А.

Прастора «Ў падвал» працуе штодзённа з 17.00 да 21.00.

Афіша_Камінскі


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology