Боль і пакуты ад «World Press Photo»

Адкрыцьцё выставы «World Press Photo» ў Менску

Фотаздымак Самуэля Аранда, пераможцы конкурсу 2012 г.

Экспазыцыя выставы

10 сьнежня 2012 году ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адкрылася выстава «World Press Photo 2012», якая сёлета пройдзе амаль у ста гарадах па ўсім сьвеце.

«World Press Photo» — гэта некамэрцыйная арганізацыя, якая была заснаваная ў 1955 годзе й ужо больш за 60 гадоў ладзіць адзін з самых прэстыжных конкурсаў сярод фотажурналістаў. Шмат здымкаў-пераможцаў конкурсу ўжо сталі эталёнамі й увайшлі ў гісторыю фатаграфіі. Напрыклад, фотаздымак Малькольма Браўна 1963 году, на якім зафіксавана, як будысцкі манах зьдзяйсьняе самаспаленьне, такім чынам пратэстуючы супраць ціску на будыстаў з боку віетнамскіх уладаў. Вядома, што гэты здымак у свой час прыцягнуў увагу да гэтай праблемы й дапамог зьдзейсьніць у краіне перамены.

Штогод «World Press Photo» запрашае фатографаў з усіх канцоў сьвету ўзяць удзел у  конкурсе. Ацэнка ўсіх работ праводзіцца ў Амстэрдаме незалежным міжнародным журы, якое складаецца зь 19 экспэртаў. Дарэчы, прыём працаў на конкурс 2013 году ўжо распачаўся.

На выставе ў Галерэі «Ў», паводле словаў кіраўніка й галоўнага куратара «World Press Photo 2012» Юрэ Янсэн , таксама знаходзіцца адзін здымак, які прэтэндуе на месца ў гісторыі. Гэта праца гішпанскага фатографа Самуэля Аранда, пераможцы гэтага году ў намінацыі «Людзі ў навінах». На здымку жанчына трымае на руках свайго параненага падчас падзеяў «Арабскай вясны» сына. Гэты здымак адрозьніваецца ад іншых працаў на гэтую тэму дзіўным спакоем і цішынёй, што робіць яго па-свойму ўнікальным.

Увогуле, на выставе прадстаўлена 158 здымкаў ад 56 фатографаў з усяго сьвету ў 9 розных намінацыях: «Людзі ў навінах», «Падзеі», «Навіны», «Сучасныя тэмы», «Штодзённасьць», «Партрэты», «Мастацтва й культура», «Прырода», «Спорт». Але асноўныя тэмы выставы — «Арабская вясна» й цунамі ў Японіі.

З аднаго боку, выстава сапраўды захапляе высокай ступеньню прафэсіяналізму й выклікае павагу да тых людзей, што з рызыкаю для свайго жыцьця выпраўляюцца ў самыя небясьпечныя кропкі сьвету, каб паказаць тыя факты, якія часта не трапляюць у мэдыя ці адлюстроўваюцца пэўным ідэалягічным чынам. Ніводны здымак не пакідае гледача абыякавым.

Зь іншага боку, той канструкт, які прапануе выстава — канцэнтрат болю, жахаў, катастрофаў, — стварае пэўнае бачаньне навакольнага сьвету, які быццам бы назаўсёды пакінулі любоў і міласэрнасьць.

Але як па-іншаму сучасныя фатографы могуць супраціўляцца той салодка-млявай глямурызацыі, што пануе ў сусьветных мэдыя й інтэрнэт-кантэнтах? На жаль, часам вярнуць чалавека да чалавечых пачуцьцяў можна толькі такім чынам: паставіць яго тварам да пакутаў Іншага, каб ён адчуў жыцьцё ўнутры сябе.

Выстава працуе да 24 сьнежня ў Галерэі «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а)

Афіцыйная старонка ў інтэрнэце — www.worldpressphoto.org

Фатаграфіі © «pARTisan»


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology