П’ЯНЫЯ, ЗЛЫЯ, БЯССОННЫЯ, альбо я не паеду ў Галівуд…

pARTisan #31’2016. Тарашкевіца

Альгерд Бахарэвіч

Беларускі пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч у 1993 годзе заснаваў і ўзначаліў панк-гурт «Правакацыя», які існаваў у 1990-х гадах. Дэбют «Правакацыі» адбыўся на першым фэстывалі «Раздавім фашысцкую гадзіну» ў Менску. У гады існаваньня гурт прымаў удзел у шматлікіх акцыях і фэстывалях, сярод якіх «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Вольныя танцы», «Хай што-небудзь адбудзецца», «Гэта ты, Моцарт?!». Усяго было дадзена каля паўсотні канцэртаў. Акрамя Менску, гурт граў у Магілёве, Лагойску, Талачыне. Апошні канцэрт «Правакацыі» быў дадзены ў 2000 годзе ў менскім клюбе «Мэдыюм» сумесна зь беларускім гуртом «Hate to State» і ірляндзкім «Call Center». 22 лютага 2003 году гурт узьяднаўся каб даць яшчэ адзін канцэрт, які адбыўся ў Талачыне.

За час існаваньня «Правакацыі» ў яе складзе гралі 11 музыкаў, сярод якіх Уладзімер Лушчынскі, Вольга Краўцова, Мікалай Паляжаеў, Андрэй Бараноўскі, Максім Баравікоў, Сяржук Мядзелка. Фактычна адзіным нязьменным чальцом гурта быў «Алежка» — Альгерд Бахарэвіч. У 1999 годзе гурт запісаў і выдаў адзіны студыйны альбом пад назвай «Звычайная раніца». Больш раньнія запісы рабіліся ў хатніх умовах і распаўсюджваліся толькі сярод знаёмых.

Крыніца WiKi

Правакацыя. З архіву Л. Чыканаса

Першы склад гурта Los Chicanos: Лёха Чыканас, Альгерд Бахарэвіч, Макс Панасенка. З архіву Л. Чыканаса

Якое слова я выбраў бы, каб даць вызначэньне дзевяностым?.. Можа, «п’яныя»? «П’яныя» дзевяностыя. Чамусьці яны ў мяне асацыююцца з гэтым станам — і ня толькі таму, што пілі й праўда вельмі шмат: брэндзі «Крышталь», пладова-ягадны «Крыжачок», партвэйны (пераймаючы савецкую традыцыю), піва і шампанскае з раніцы, ну і проста старую добрую клясычную гарэлку. Пілі на рэпэтыцыях і перад канцэртамі, абавязкова бухалі пасьля іх, ды й на сцэне, здаралася, пілі таксама. Не, гэта было яшчэ і вельмі моцнае ап’яненьне ад свабоды. Ніколі не разумеў тых, хто называе дзевяностыя шэрымі, цяжкімі, дэпрэсіўнымі. Для мяне гэта вельмі сонечны час, час небывалай свабоды, час вызваленьня і барацьбы. Цяпер і ўявіць складана, як шмат у 90-я было можна творчаму чалавеку. Улада была слабая і сама яшчэ ня ведала, што ёй трэба забараняць, а што не. Ці, можа, думала, што «навесьці парадак у культуры» яна заўжды пасьпее.

Вядома, мы ўсе хадзілі п’яныя. Таму што былі маладыя, і вольныя, і гарманальна нестабільныя; здавалася, што жыцьцё толькі пачынаецца, і хоць, як вядома, nofutureforyou, больш за ўсё хацелася крычаць, любіць, дыхаць, зьдзіўляць і шакаваць і рабіць тысячы справаў адначасова. Чаго зусім не хацелася, дык гэта спаць. Таму вось яшчэ адно азначэньне: «бяссонныя» дзевяностыя.

Я ні ў якім разе не экспэрт. Шмат чаго ўжо ня памятаю. Я буду казаць пра сябе — і пра тых, каго ведаў і слухаў. Досьвед мае межы — у кожнага свае дзевяностыя і свая музыка.

Тут важна сказаць, што пачатак дзевяностых, сярэдзіна і канец — зусім розныя ў маім успрыманьні часы. У канцы было ўжо цяжка, пачыналіся праблемы, чыноўнікі розныя адчулі, куды вецер дзьме… Дагэтуль яны былі разгубленыя, як дзеці, іх лёгка было падманваць. Выступаем — і ніхто не цікавіцца, што ў нас за тэксты, што мы рабіць будзем. А мы выходзілі і буянілі не па-дзіцячаму. Як і наша публіка.

Калі я кажу «мы», маю на ўвазе сваіх даўніх сяброў і знаёмых. Нас было ў Шабанах пяцёра фрыкаў, якія чыталі кніжкі, насілі абы-што, слухалі прыстойную музыку, пісалі вершы і прозу, тусаваліся ў пад’ездах. Неяк мы арганізавалі гурт, зь якога потым вырасла «ПравакацыЯ». На гітарах граць вучыліся. Вось тут і пачаліся мае дзевяностыя.

Калі я яшчэ вучыўся ў школе (кляса дзясятая, напэўна, 1991-ы недзе), у нас у актавай залі па вечарах рэпэтавалі нейкія панкі, «Гырб і сын». Была такая каманда, даўно забытая. Ідзеш каля школы скрозь шабаноўскую цемру, а з вокнаў гітарныя запілы… І гопнікі сядзяць у засадзе, чакаюць, калі тыя гырбы выйдуць са школы. Гэта, мабыць, першая менская альтэрнатыўная каманда, якую я пачуў жыўцом. Потым пазнаёміліся зь імі. А праз год ці два — з чалавекам на імя Кей з Аўтазаводу, у якога быў гурт «Псіхіческое равновесіе». Таксама панкі. Кей быў культурны хлопец, мы да яго ў госьці езьдзілі музыку паслухаць.

Памятаю, як у ДК МТЗ гралі легендарныя «Автоматіческіе удовлетворітелі», і п’яны Сьвін забываў словы ў сваім гіце «Огуречный лосьон».

А неўзабаве была «судьбоносная» сустрэча з нашымі знакамітымі анархістамі Лёлікам і Паўлюком, якія даведаліся, што ў мяне беларускамоўны панк-гурт, і ўзялі інтэрвію для сваёй газэткі «Как стать предателем». І запрасілі выступіць на першым фэстывалі «Раздавім фашысцкую гадзіну». Яны ж ня ведалі, што мы граць ня ўмеем — і вельмі гэтым ганарымся. У прызначаны дзень мы прыехалі на Кірава, знайшлі там кучу розных бандаў. На басе ў нас граў Лёха Чыканас, гітарыст чамусьці сеў за барабаны. Выступ быў жудасны. Абсалютна правальны.

Але мы былі гордыя, як быццам нас сам Ігі Поп усынавіў.

З таго часу ў маім жыцьці зьявілася шмат новых знаёмых. Памятаю гурт «Сонца Мао», вельмі файны. «Deviation» з Горадні — наогул культавая група. «Распіліл і выбросіл» — чароўны калектыўчык з абсалютна ненармальным вакалістам. Потым ужо, у канцы дзевяностых, пазнаёміўся зь Ігарам Конікам, басыстам «Hatetostate», захопленым ідэямі DIYчалавекам, выдаўцом і рэдактарам розных зінаў, якія ён рассылаў па ўсёй постсавецкай прасторы. «Hatetostate» гралі цяжка, зь веданьнем справы, арыентаваліся на заходніх аднадумцаў, а вакалістам у іх быў Мао — культавая асоба ў Менску тых часоў, высокі, здаравенны і абаяльны. Ён пажыў у Нямеччыне ў сквотах, пранікся там усімі гэтымі ідэямі. «Макдональдс цум котцэн!» — памятаю іхную песьню з такім рэфрэнам. Яшчэ запомніліся «Чокі» — яны таксама па-нямецку сьпявалі, іх было двое плюс драм-машынка, і на бас-гітары граў знакаміты цяпер выдавец і інтэлектуал Валерка Булгакаў.

Была такая цудоўная дзявочая каманда «Мядузы», якая потым пачала называцца «Чатыры бяды». Зь імі мы таксама гралі.

bacharevich_web

Сталася так, што ў нас былі моцныя сувязі з Лагойскам. Наш бубнач Вова Лушчынскі быў адтуль родам. Ён пазнаёміў нас з лагойскім гуртом «Тэрыторыя санаторыя». Мы цэлы год рэпэтавалі на іхнай кропцы — ёю была лазьня. Езьдзілі па нядзелях у Лагойск, гралі там увесь дзень, напіваліся і вярталіся ў Менск. А часам завісалі там на некалькі дзён. Канцэрты ў Лагойску ладзілі: то ў парку, то ў Доме дзіцячай творчасьці, то ў мясцовым Доме культуры. Іншыя нашыя «кропкі» для рэпэтыцый: гараж нашага гітарыста, «хабзы» на Партызанскім і ў Дражні, школьныя актавыя залі і проста бацькоўскія кватэры. Здаецца, і цяпер шмат хто з музыкаў так жыве.

Я ўжо згадаў Лёху Чыканаса. У 90-я ён быў гітарыстам неверагодна яркага гурта «LosChicanos» — і я граў у іх на бас-гітары. Мы шмат выступалі, «Чыканасы» гралі ў асноўным клясычныя рок-н-ролы і розныя бугі-вугі, але і арыгінальны рэпэртуар быў таксама. З «Чыканасамі» мы дзе толькі ні выступалі… Аднойчы нават перад нейкімі мажорамі ў рэстарацыі. Мажоры жавалі цяляціну і глядзелі на нас шклянымі вачыма. Хаця звычайна пад «Чыканасаў» танчылі, такія яны былі завадныя.

А ў маёй бандзе ўвесь час мяняліся людзі. У канцы дзевяностых да нас прыйшла басыстка Вольга Краўцова — гэта быў час, калі «ПравакацыЯ» здабыла сабе нейкую лякальную славу і нават запісала альбом.

Адзін з апошніх канцэртаў маёй каманды прайшоў у інтэрнаце БДПУ — «Hatetostate», «ПравакацыЯ» і ірляндзкія панкі з «CallCenter». Гэта быў 2000-ы. Народу была процьма. Тады мы адыгралі бліскуча, бо ўжо і граць умелі, і праграма ў нас была харошая, і рэпэтавалі рэгулярна. Паміж першым канцэртам на першай «Гадзіне», дзе мы ўсіх насьмяшылі, і гэтым магутным выступам з «хейт ту стэйт» і ірляндцамі і зьмясьціліся ўсе мае дзевяностыя.

Ну, вядома, 90-я — гэта для мяне і маладыя «Ляпісы», і «Лепрыконсы». І яшчэ такі гурт, як «Hastalafillsta» (здаецца, ён так называўся; мне яны падабаліся). Але гэта ўсё былі старэйшыя людзі і асабіста мне незнаёмыя, да таго ж у іх заўжды было нейкае такое моцнае імкненьне да рынку, да прафэсіяналізму, да таго, каб зрабіцца мэйнстрымам і зарабляць музыкай грошы. Самы раньні «Ляпіс» — яшчэ нават да «Ты кінула» і «Ранетого сердца» — мне падабаўся. Была ў іх такая песенька «Кіпяток». «Кіпяток, кіпяток, Кальтэнбрунэр так не смог…» Было шмат хармсаўшчыны, абаяльнасьці і чорнага гумару. Далей ужо стала нецікава. І цяпер нецікава. Як заўжды былі нецікавыя розныя «мэталісты» — я іх да альтэрнатывы не адношу, гэта такі жанр фэнтэзі, па-мойму.

Цікавых гуртоў была процьма. Але і іх я ня стаў бы ўсе залічваць да альтэрнатывы: да тых, хто хацеў якасных запісаў, ганарараў, хто займаўся музыкай прафэсійна, у нас было досыць пагардлівае стаўленьне. Хоць яны і лічылі сябе нонканфармістамі. Яны вельмі хацелі падабацца — публіцы і сабе. Яны хацелі нейкага посьпеху тут і за мяжой.

А мы, юныя ідыёты, проста бясіліся для ўласнага задавальненьня.

Я не поеду в Голлівуд,

Пускай мне мозгі не ебут, —

ня памятаю, чыя гэта была песенька. Можа, «Шабаша», дзе Ўладзімер Шаблінскі граў і сьпяваў? Але мы так і стараліся жыць, граць, думаць. Па такім прынцыпе.

Што да Бум-Бам-Літу, дык свой гурт быў ня толькі ў мяне. Серж Мінскевіч даў некалькі запамінальных канцэртаў са сваімі «Жахамі». Ільля Сін меў музычны праект пад назвай «Flowerville» — электрагітара, дрыль, плястык, вакал, пэрформанс. Зьміцер Вішнёў чытаў свае вершы з рознымі музыкамі. Мы запісвалі нешта з Уладам Бубнам. Але ўсе бумбамлітаўцы былі ўсё ж найперш літаратары і мастакі, адзін я насіўся са сваім гуртом, як ненармальны. Мастакоў вакол нас было нямала, і Артура Клінава мы паважалі, і Алеся Пушкіна, і Алеся Родзіна, Зьміцер і Ільля пра гэта лепш бы расказалі. Бо я тады беларускім мастацкім авангардам ня надта цікавіўся. Я яго рабіў. Удзельнічаючы ў пэрформансах Ільлі і Зьмітра: усе гэтыя курыныя косткі, мазгі, сьвіныя галовы, шкло, папера і таматны сок, перамяшаны з сапраўднай крывёй. Памятаю, у кінатэатры «Ракета» Ільля ладзіў пэрформанс, давялося пахадзіць босымі нагамі па шкле — пасьля гэтага я так і швэндаўся па калідорах басанож, пакідаючы паўсюль крывавыя пісягі.

Лёха Чыканас, выступ на "Рок-гільяціне", 2000.

Лёха Чыканас, выступ на «Рок-гільяціне», 2000.

Здаецца, недзе ў другой палове 90-х у Менску пачалі зьяўляцца клюбы. Спачатку, напэўна, «Акварыюм», потым «Рэзэрвацыя» (за ўнівэрсамам «Рыга») — самае ў нас папулярнае месца. Яшчэ былі «Тры парасяці», «Сікс пісталз» (якія, па-мойму, доўга не праіснавалі), «Касмаполітан» і гэтак далей. ДК МТЗ быў важнай пляцоўкай. Той самы фэстываль «Раздавім фашысцкую гадзіну» быў праведзены яшчэ некалькі разоў. У ДК МТЗ ён праходзіў адразу пасьля вулічных пратэстаў, калі ў Менску паліцаяў камянямі і бутэлькамі закідвалі. Тое, што ўвесь гэты народ сустрэўся ў Палацы культуры, на цяперашні час проста гучыць, як казка. Апрача клюбаў, мы гралі ў нейкіх сталовых, кавярнях, дамах культуры, кінатэатрах, музэях, бібліятэках, Доме літаратара, на адкрытых пляцоўках у парках. Усе дзьверы былі адчыненыя, але большасьць усяго на адзін раз. Калі са сцэны гучыць мат-перамат уперамешку зь літаратурнай беларускай мовай і нейкі прыдурак скача зь мікрафонам пад трэск і грукат, можна меркаваць, што гэта спадабаецца ня ўсім.

Бывала, нас забаранялі. Дамаўляесься наконт апарату, прыяжджаеш, прывозіш усё, на дзьвярах замок, канцэрту ня будзе. Здаралася, выключалі электрычнасьць. Як, скажам, у Лагойску на песьні «Нацыянальны сход» — нецэнзурнай. Але гэта ўсё таксама ўспрымалася як норма.

Таму я не зусім разумею, калі нехта абураецца забаронамі: калі ты — альтэрнатыва, калі ты нонканфарміст, як іначай? Ганарыцца трэба. Значыць, тое, што ты робіш, здольнае злаваць, шакаваць і палохаць.

У кожным райцэнтры, дзе мы выступалі, заўжды знаходзіліся нейкія людзі, якія слухалі альтэрнатыўную музыку, заўжды былі нейкія свае тусоўкі, свае месцы. Іх магло быць чалавек дзесяць-пятнаццаць, але зь імі можна было спакойна гуляць па горадзе і знаёміцца зь мясцовай флёрай і фаўнай. Вядома, на нас глядзелі крыва: прыехалі тут менскія, зь зялёнымі валасамі, гітарамі і булаўкамі, мо пабіць? Ці на канцэрт схадзіць спачатку? Часам мы гралі зь мясцовымі бандамі. У кожным райцэнтры была свая «Асфіксія», «Параноя» ці яшчэ якая-небудзь «Пэрвэрсія» ці «Палюцыя». Паўсюль існавала іншая наіўная контракультура, удзень нябачная, але ўначы вельмі актыўная. Яны дамаўляліся наконт канцэртаў, паілі-кармілі і глядзелі з зайздрасьцю. Мы ж былі менскія…Нас было шмат, а яны жылі сярод гапаты і беспрасьветнасьці.

Гэта да пытаньня, дзе тую альтэрнатыву можна было знайсьці. Паўсюль, калі ты гэтага сапраўды хацеў. Самым важным былі чалавечыя кантакты, вядома. Калі ты кагосьці ведаў, ён знаёміў цябе са сваімі знаёмымі, тыя — са сваімі, у выніку ўсе ведалі ўсіх, хаця б у твар. Такая бясконцая туса. Займальным і вясёлым заняткам было расклейваньне самаробных афішак. Мы іх клеілі паўсюль, дзе можна і дзе нельга. Налепліваеш афішку ў пераходзе мэтро на Кастрычніцкай, а тут цябе за руку хапае дзядзька ў штацкім. «Снімай!» — «Не буду». — «В міліцію пойдем?» — «А вы кто вообшче такой?» — «Там тебе об’яснят». — «Документы покажіте, дядя — ілі нахуй ідіте». Такія вось дыялёгі.

Мы былі вельмі злыя, вельмі свабодныя і знаходзілі асалоду ў самаруйнаваньні, у новым досьведзе, у парушэньні правілаў. Лянота была каштоўнасьцю, эпатаж — правілам, творчасьць — абсалютам. На адным з канцэртаў я вырашыў кінуцца ўніз галавой са сцэны ў натоўп. Выпіўшы быў — ды й думаў, спаймаюць. А натоўп узяў і расступіўся — і я грымнуўся галавой аб падлогу. Мяне зьдзіўлялі людзі, якіх гэта зьдзівіла. Для мяне гэта было нармальна: і тое, што кінуўся, і тое, што расступіліся. А як інакш? Інакш нецікава і няшчыра.

Ці цяжка было знайсьці альтэрнатыву? Ня ведаю. Нашто яе было шукаць, калі можна было стварыць самому? І адразу аднекуль выпаўзалі людзі, якім было цікава тое, што ты робіш. Ці проста было з табой весела бавіць час. У дзевяностыя я не праводзіў мяжы паміж «карысна», «весела» і «цікава».

«ПравакацыЯ» так і ўзьнікла, так яна і існавала. Спачатку ў ёй гралі мае школьныя сябры. Потым была доўгая чарада людзей, якія аўматычна рабіліся яе ўдзельнікамі, бо былі маімі сябрамі. На басе ў нас граў мой сакурсьнік Вадзім, потым Лёха Чыканас, потым Коля Паляжаеў з матфаку БДПУ, часам я сам, потым Воля Краўцова. На гітары — мой школьны сябра, потым Макс Баравікоў, потым я, потым Андрэй Бараноўскі. На барабанах спачатку быў Макс, потым Вова Лушчынскі, які таксама вучыўся на матфаку ў пэдзе. Нейкі час вакалістам быў вялікі і страшны Сяржук Мядзелка. Усе гэтыя людзі былі найперш сябрамі, і мне было пляваць, якія яны музыкі. Я пісаў тэксты, крычаў іх у мікрафон і рабіў сваё дзікае шоў. Ну і дамаўляўся наконт канцэртаў і раздаваў інтэрвію.

Кім я тады натхняўся, страшна сказаць. Гэта была неймаверная сумесь маіх любімых і абажаемых «SexPistols» i «TheStooges», гэта быў мой кумір усіх часоў Ігі Поп уласнай пэрсонай, гэта былі раньнія «Воплі Відаплясава», раньнія «TheCure», «Ramones», «BlackFlag», «MC5», «Звукі Му» і яшчэ шмат розных гуртоў 80-х. Плюс абавязкова беларуская мова, на якой я думаю, пішу і гавару з 1991-га. Плюс паэзія, якую я тады чытаў у вельмі вялікіх колькасьцях. Мяркую, у мяне былі вельмі паэтычныя тэксты, улічваючы антыпаэтычнасьць самога жанру.

«ПравакацыЯ» была вялікай гульнёй. І я гуляў у яе з усёй сур’ёзнасьцю, аддаючы на яе ўвесь час і ўсе сілы. Па-мойму, беларускай культуры і беларускай музыцы, патаснай, строгай, рамантычнай, не хапала гэтага: гульні, бруду, вар’яцтва, блазанства. Цяпер я разумею, што ўсе дзевяностыя змарнаваў на гэтую вар’яцкую і бессэнсоўную гульню, у якой нічога ня выйграў. У ёй і немагчыма было нешта выйграць, бо перамога і была б паразай. Жыцьцё, якім я жыву апошнія пятнаццаць гадоў, вымагае зусім іншага стаўленьня да сябе. У мяне жахлівыя прабелы ў адукацыі, у філязофіі, напрыклад. У маёй галаве поўны хаос, хоць я прачытаў дзясяткі тысяч кніг. Я толькі цяпер разумею тое, што іншыя спакойна атрымалі ў дзевяностых, карпеючы за падручнікамі, слухаючы выкладчыкаў і не марнуючы час на розную лухту. А самае важнае, што далі мне дзевяностыя, — гэта, відаць, вялікі ўрок свабоды. Пасьля іх любая форма рабства ўжо непрымальная. Таму я жыву як свабодны чалавек зь несвабоднай краіны, і для мяне важна ім заставацца. Мне здаецца, людзі зь 90-х ніколі ўжо ня будуць рабамі — такую моцную прышчэпку свабоды мы тады атрымалі. Тым, хто нарадзіўся ў 90-х, значна цяжэй. Некаторыя пачварныя рэчы ім падаюцца нармальнымі. Кампрамісы, дазволы, рэзалюцыі, худсаветы. Яны гатовыя пратэставаць у зададзеных межах і нават не ўяўляюць, што межы залежаць толькі ад іх саміх.

У 2001 выйшла мая першая кніжка, і я перастаў займацца музыкай і сачыць за тым, што ў ёй адбываецца. Што там дакладна робіцца, ня ведаю. Я люблю «TonqiXod». Ён цудоўны. Мне хапае.

Але калі я бачу, як музыкі, што называюць сябе альтэрнатывай, неяк спрабуюць дамовіцца зь дзяржавай, прымаюць яе правілы гульні, мяне апаноўвае ціхі жах. Для нас гэта было абсалютна неверагодна — быць такімі паслухмянымі, дамаўляцца з чыноўнікамі, зь якімі какаць побач ня сеў бы, і нешта кленчыць для сябе.

Зь дзяржавай трэба ваяваць, ігнараваць яе правілы, кідаць ёй выклік, рабіць так, каб музыка гучала са шчылінаў, а ня перціся на яе шоў, у яе палацы і на яе базары. Панкаў не паказваюць па тэлевізары, альтэрнатыўная музыка не гучыць на стадыёнах, вольныя рокеры не сустракаюцца з худасаветамі. Альтэрнатыўная культура на тое і альтэрнатыўная, што яна ні ў кога ня просіць дазволу і не ідзе на кампрамісы. Яна самадастатковая. Яна мусіць жыць, як дзікая расьліна. Інакш усё губляе сэнс. Вось PussyRiot — гэта сапраўды альтэрнатыва. А тое, што цяпер завецца панкам… Сьмешна, але цяперашнія музыкі мараць пра добрыя дарагія інструмэнты, грошы, прадусараў і кліпы. Гэта прыкладна тое самае, калі б Фёдар Раскольнікаў перад тым, як забіць старушэнцыю, пайшоў у фірмовую краму і доўга выбіраў сабе імпартную сякеру, раючыся з прадаўцом, а на само дзейства запрасіў бы журналістаў і фатографаў і выклаў яго на Youtube.

Я нават думаю, што ніякага року, ніякай альтэрнатыўнай музыкі, альтэрнатыўнай культуры ў яе ранейшым разуменьні ўжо не існуе. Сам панятак альтэрнатывы ў эпоху інтэрнэту зьмяніўся. Ты можаш быць альтэрнатыўны толькі ў дачыненьні да самога сябе. Віртуальная прастора ўсё робіць адкрытым, магчымым, пачутым. Ты толькі нечы выбар — вось і ўсё. І толькі калі кагосьці караюць за гэты выбар — можна казаць пра нейкую альтэрнатыўнасьць. Калі культура робіцца палітычнай, калі тваё прыватнае робіцца палітычным, калі ты ня хочаш быць палітычным творцам, але ты ім ёсьць незалежна ад твайго жаданьня, — значыць, дзевяностыя былі не дарэмна.

Тэкст інспіраваны інтэрвію з Вольгай Бубіч

Фота з архіву А. Бахарэвіча і Лёхі Чыканаса

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


  1. wh:

    Раскольнікаў, які забіў старушэнцыю, быў Радыёнам.

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology