НОВЫЯ МУЗЕІ ПОЛЬШЧЫ, ЯКІЯ ТРЭБА ПАБАЧЫЦЬ НА СВАЕ ВОЧЫ

Багатая падзеямі і таямніцамі гісторыя ХХ стагоддзя па-ранейшаму застаецца крыніцай для даследаванняў не толькі гісторыкаў, але таксама мастакоў, архітэктараў і дызайнераў. Лакальнасць і актуальныя для краіны, канкрэтнага горада ці рэгіёна тэмы — тое, што аб’ядноўвае канцэпцыі новых польскіх музеяў. За апошні год з’явіліся два значныя пункты на музейнай мапе Польшчы.

МУЗЕЙ ПАЛЯКАЎ, ЯКІЯ РАТАВАЛІ ГАБРЭЯЎ ПАДЧАС ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ, У ВЁСЦЫ МАРКОВА

Ён адкрыўся зусім нядаўна, у сакавіку гэтага года, у вёсцы Маркова ў Падкарпацкім ваяводстве, недалёка ад горада Жэшуў. Гэты музей носіць імя сям’і Ульма, якія спрабавалі выратаваць васьмярых габрэяў, схаваўшы іх на гарышчы, аднак лёс распарадзіўся так, што загінулі і тыя, і іншыя.

Гістарычная даведка: 4 сакавіка 1944 года ў вёсачцы Маркова пасля даносу з’явіліся нямецкія жандары з Ланьцута, а таксама «цёмна-сіняя паліцыя», так па колеры формы называлі паліцэйскіх Генеральнага губернатарства. Яны знайшлі габрэяў і расстралялі не толькі іх, але і ўсю сям’ю Ульма: загінулі бацька Юзэф, маці Вікторыя, якая была на апошнім месяцы цяжарнасці, і шасцёра дзяцей. Здарэнне гэтае не адзінкавае — габрэям дапамагалі і іншыя жыхары Маркова. Усяго ў вёсцы выратавалі 21 габрэя.

фото 1

Гэты невялікі па памеры музей можна смела прыводзіць у прыклад як узор сучаснай архітэктуры, якая спалучае ў сабе дэканструктывізм (характэрны для тэмы смерці і вайны, згадайма Музей габрэяў Лібескінда ў Берліне) і народныя матывы (з пэўнага ракурсу будынак нагадвае сялянскую хату). Музей упісваецца ў ландшафт пагорка на ўскраіне вёскі вельмі натуральна, зліваючыся з ім, але пад іншым вуглом, з ракурсу, супрацьлеглага ўваходу, — узносіцца тонкім металічным стрыжнем, «аручы», здаецца, не толькі зямлю Маркова, але і памяць пра падзеі вайны. Музей не пакідае шанцу наведніку сысці адсюль незакранутым гэтай мясцовай гісторыяй.

фото2

Унутры прастора музея таксама захоўвае абрысы вясковай хаты, уздоўж сценаў якой размешчаны ультрасучасныя мультымедыйныя інсталяцыі. У цэнтры — куб, дзе можна ўбачыць некаторыя прадметы побыту сям’і Ульма: старая мэбля, хатнія прылады. Фотаапарат бацькі сямейства, яго сабраў сам Юзэф Ульма. У экспазіцыі шмат ягоных здымкаў, на якіх адлюстраваныя эпізоды з даваеннага жыцця сялян Маркова — палякаў і габрэяў — у працы і падчас адпачынку. У экспазіцыі ёсць і фота тых габрэяў, якіх Ульма хавалі ў сябе. На ёй засталіся плямы крыві забітых.

фото 4

Юзэф быў уладальнікам сельскагаспадарчага ўгоддзя ў Маркове і грамадскім дзеячам, аўтарам інавацыйнага метаду ў галіне садоўніцтва. Ён прымаў удзел у працы Гуртка каталіцкай моладзі і падтрымліваў Народную партыю Саюза сельскай моладзі «Віці», быў там бібліятэкарам. У музеі паказаны сялянскі побыт, у якім знайшлося месца не толькі фотааматарству, але і хатняй бібліятэцы. На кнігах Юзэфа — імянная пячатка.

Цікавае рашэнне для размежавання экспазіцыі па ўзроставай прыкмеце: фатаграфіі з выявамі пакарання — павешанне, расстрэл — размешчаныя на пэўнай вышыні — для таго, каб дзіця ростам ніжэй за 130 см проста не змагло іх убачыць.

Гэта інфармацыя, так мовіць, «навыраст», і аўтары экспазіцыі далікатна і натуральна аберагаюць дзіця ад шакуючых фактаў, у той жа час падаючы агульную гістарычную інфармацыю.

Экспазіцыя не толькі пра подзвіг звычайных сялян у звычайнай польскай вёсачцы. Кранаецца таксама балючая тэма, і не толькі для палякаў. Музей Ульма распавядае пра тых, хто патрабаваў ад габрэяў выкупу наўзамен за маўчанне аб іх знаходжанні, і пра даносчыкаў, якія выдавалі палякаў, што дапамагалі габрэям, гэтак жа, як і саміх габрэяў.

Дырэктар музея, доктар гістарычных навук Матэвуш Шпытма падзяліўся такой гісторыяй: калі ён рыхтаваў экспазіцыю, напісаў ліст дачцэ кіраўніка расстрэлу ў Маркове (а той памёр сваёй смерцю, будучы паважаным чалавекам) з просьбай выслаць фота бацькі для музея. Жанчына з радасцю пагадзілася, яна была ўпэўненая, што яе бацька дапамагаў палякам і габрэям, бо ён распавядаў на радзіме пра сваё сяброўства з імі.

фото 14

У музеі вельмі шмат відэа, гэта дакументальныя фільмы-інтэрв’ю з жыхарамі Маркова, якія ўспамінаюць пра расстрэл. Дарэчы, усе героі фільмаў ужо памерлі, але іх паспелі распытаць і выслухаць. Асобная прастора выдзеленая для часовых экспазіцый, зараз там прадстаўлена гісторыя венграў, якія ратавалі габрэяў падчас Другой сусветнай. Тут жа праходзяць адукацыйныя сустрэчы.

Ініцыятарам і ідэйным натхняльнікам праекта стаў цяперашні дырэктар Матэвуш Шпытма. Гісторыя сям’і Ульма — яго сямейная гісторыя: ягоная бабуля была роднай сястрой забітай Вікторыі. Работы па стварэнні музея занялі восем гадоў. Гміна (мясцовыя ўлады) Маркова выдзеліла ўчастак пад будаўніцтва музея, і пачаўся пошук фінансавання. У 2010 годзе грошы знайшліся. І ў гэты момант у вёсцы пачаліся ваганні: а можа, тут лепш пабудаваць басейн, дзіцячы садок альбо дом састарэлых? Матэвуш Шпытма абурыўся, бо ён шукаў сродкі менавіта для будаўніцтва музея. У выніку фінансаваннем музея заняліся ўлады ваяводства пры падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.

фото 15 директор музея

Матэвуш Шпытма

Праект падрыхтавала вядомая архітэктурная майстэрня — Ніз’ё Дызайн Інтэрнэшнл, яна ж рабіла пастаянную экспазіцыю ў Музеі гісторыі польскіх габрэяў Полін. Экспазіцыя была створана сумесна Інстытутам нацыянальнай памяці і Гістарычным факультэтам Жэшуўскага ўніверсітэта. Адзначу: музей палякаў, якія ратуюць габрэяў, імя сям’і Ульма з’яўляецца аддзяленнем Музея-замка ў Ланьцут.

фото 17

Плата за ўваход сімвалічная: 5 злотых — поўны квіток, 3 злотых — ільготны. Грошы бяруць, таму што даводзіцца аплачваць дарагія пражэктары. У Маркова і да гэтага прыязджалі 5-6 тысяч габрэяў у год — каб пакланіцца магіле Ульма, а цяпер чаканая колькасць наведнікаў — 20-25 тысяч чалавек.

МУЗЕЙ КАТЫНСКАГА ЗЛАЧЫНСТВА Ў ВАРШАВЕ

Гэты музей таксама нядаўні — адкрыўся ў верасні 2015-га. Будавалі яго палякі тры гады, а чакалі — дзясяткі год. Аб Катынскай трагедыі ведаюць усе палякі, і музей быў неабходны тут не менш, чым музей Варшаўскага паўстання (яшчэ адзін са знакавых эпізодаў польскай гісторыі).

фото 21

Гістарычная даведка: У 1940 годзе 21 857 польскіх грамадзянаў, у асноўным афіцэраў, былі расстраляныя па загадзе Сталіна. Гэта стала вялікай стратай: прыбралі польскую ваенную эліту і інтэлігенцыю. Расстрэлы адбываліся не толькі ў Катыні пад Смаленскам, але і ў іншых месцах — на тэрыторыі Расіі, Украіны і Беларусі. Паколькі трагедыя была вызначана менавіта як «Катынская», то музей атрымаў такую ж назву. У 1992-м частка дакументаў па гэтай справе была апублікаваная. У 2012 годзе Катынскія расстрэлы прызнаныя ваенным злачынствам.

Уваход у музей адразу захоплівае: па доўгім калідоры бясконцай плынню ідуць цені, і ты ідзеш разам з імі, побач, след у след, па спуску, да пачатку Катынскай гісторыі, а можа, да яе канца. І адразу адчуваеш сваю датычнасць. Дакументы, відэахроніка, мультымедыйныя фрагменты — заключаныя ў металічныя скрыні-вітрыны. Факты звяртаюцца да розуму, гукі і візуальнае афармленне — да эмоцый. Ты апынаешся ўнутры гэтай гісторыі пра загінулых палякаў, хоць, магчыма, гэта яна пасялілася ўжо ўнутры цябе.

фото 23

Гук кропляў вады дапаўняе фотаінсталяцыю Ежы Каліны. Яна ўяўляе сабой архіўныя здымкі пад шклом, арошаныя буйнымі кроплямі вады.

Паводле задумкі мастака, гэта сімвал гістарычнай праўды, якая рана ці позна выходзіць вонкі.

фото 27

Відэахроніку ў адной з залаў можна ўбачыць толькі праз тонкую шчыліну — справы аб Катынскіх расстрэлах доўгі час заставаліся засакрэчанымі. На ніжнім узроўні музея, які названы «Пасведчанне», размешчана больш за 5,5 тысяч артэфактаў з катынскіх магіл. Высокія двухметровыя боксы са шматлікімі ячэйкамі, у якіх беражліва змешчаныя расчоскі і медальёны, нацельныя крыжы, пляшкі, лыжкі і зламаныя зубныя шчоткі. А таксама часты спадарожнік інтэлігенцыі — акуляры. Іх тут больш за ўсё.

фото 30

Ад прысутнасці такой колькасці сапраўдных прадметаў, асабістых рэчаў тых, хто быў забіты, маштаб таго, што адбылося, становіцца відавочным. Аранжавае падсвятленне выяўляе асаблівую рэдкую каштоўнасць кожнага сведчання трагедыі, якая застанецца ў памяці польскага народа навечна, нібы нябачная сёння расліна ў бурштынавым камені. Квадратныя метры артэфактаў не толькі экспанат музея, гэтыя прадметы маглі б стаць доказамі ў судовым разглядзе аб ваенным злачынстве, як, напрыклад, медальён з імем сяржанта Юзэфа Нагліка, які быў ва «ўкраінскім спісе».

фото 32

На Алеі адсутнасці — 40 помнікаў, у алфавітным парадку на іх напісаныя назвы прафесій расстраляных. Ежы Каліна, аўтар канцэпцыі Алеі, такім чынам падкрэсліў, што Польшча страціла не толькі ваенных афіцэраў, але і акцёраў, і пісьменнікаў, і мастакоў. Алея вядзе да Катынскай эпітафіі (15 дошак з імёнамі ахвяраў). Частка з іх чыстая, тут няма імёнаў. Гэта месца пакінута для ахвяр з «беларускага спісу». Тут родныя загінулых могуць пакідаць памінальныя свечкі. Таму 2 лістапада (Дзень памерлых) Музей будзе адкрыты.

фото 37

Сцены выхаду стылізаваныя, яны нагадваюць дошкі — умацаванні магіл падчас эксгумацыі. Да выхаду вядуць вялікія прыступкі, рассечаныя вузкай каляінай; там звычайна струменіцца вада.

Гэта сімвал намаганняў палякаў у імкненні адкрыць праўду пра падзеі ў Катынскім лесе. А хтосьці бачыць у гэтай вадзе міфічны нябыт, які падзяляе светы жывых і мёртвых.

Для тых, хто цікавіцца гісторыяй нашай краіны. У Нацыянальным гістарычным музеі ў Менску ў сераду адкрылася выстава «Беларусы ў Войску Польскім 1939-1945 гг. з прыватнага архіва Ігара Мельнікава» (Менск, вул. К. Маркса, 12). Выстава прысвечана ўдзелу беларусаў у складзе Войска Польскага ў баявых дзеяннях супраць нацыстаў на франтах Другой сусветнай вайны. Унікальныя фотаздымкі, дакументы і іншыя артэфакты з калекцыі беларускага гісторыка Ігара Мельнікава. Выстава арганізаваная пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі.

Ала Шарко

Фотаздымкі і гук Алы Шарко

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology