КІНАЛЁТ: ГАЛОЎНАЕ — КАБ НЕ ЗАКРУЖЫЛАСЯ ГАЛАВА

Гутарка з Сашам Мартынюком, сталым жыхаром пазасістэмнага беларускага кінаандэграўнду, заснавальнікам вядомага сталічнага незалежнага кінаклуба і фестывалю «Cinema Perpetuum Mobile».

Прабіраюся нязвыкла светлымі вуліцамі Менска (горада, абдзеленага сонечнай цеплынёй) да месца нашай з Сашам сустрэчы, у галаве сама сабой нараджаецца адпаведная антыўтопія: краіна, дзе час спыніўся. Не тое што часу няма зусім. Ён цячэ сваім парадкам, але нічога вакол не мяняецца. І наогул: мяняцца, а тым больш рухацца ёсць тут злосным злачынствам. Хай за гэтым сочыць Міністэрства Стабільнасці. Ні табе ранішніх прабежак, ні бязмэтных шпацыраў, ні падарожжаў. Усё і ўся стаяць на месцы, а калі і рухаюцца, то як ківач: на працу і назад, у краму ці кінатэатр, у шпіталь альбо на пошту, у Турцыю ці ў Індыю, у Вільню або Пецярбург — і назад, у пацьмянелыя ад недахопу сонечнага святла бетонныя сцены сталасці.

cpm

Праязджаючы на ровары ўздоўж трамвайных пуцей (а ў маёй антыўтопіі нават для ровара ёсць свой маршрут-ківач — веладарожка праз горад у 27 км, «з ніадкуль у нікуды»), разумееш, што і трамваі можна падпарадкаваць правілам фантазіі. Напрыклад, замяніць жоўтыя рыжскія на сумныя мясцовыя, але такія ж прадзіманыя зімой і невентыляваныя летам, а рамантуючы пуці, ні ў якім разе не прыбіраць рытмічную мелодыю грукату колаў. Хоць, калі б я быў Міністрам прыдуманага мной Міністэрства, за знікненне ўтульных рыжскіх каго-небудзь абавязкова б пасадзіў.

У Цэнтры сучасных мастацтваў сустракаю Сашу. Ён праводзіць ва ўнутраны дворык, дзе ад чужых вачэй саваны інтымны працэс творчасці: тут ствараецца кіналёт. «А не баішся, што ён нікуды не паедзе, а стане дзе-небудзь, нібы помнік?» — цікаўлюся я, ацэньваючы поглядам пірамідальны каркас плошчай два на тры метры і ў паўтара чалавекі вышынёй. «Можа, так і будзе. А можа і не. Паглядзім», — не хітруе Саша. Бо і праўда: хто сказаў, што кіналёт абавязаны ехаць? Магчыма, ён зможа лятаць, чаму б і не? Хоць бы ва ўяўленні. Гэта ўжо велізарная перамога.

Саша Мартынюк — сталы жыхар пазасістэмнага беларускага кінаандэграўнду і адзін з ягоных «шэрых кардыналаў». Настаўнік — ва ўсіх магчымых сэнсах. Ідэаліст і ўтапіст. Ніхто іншы за пабудову кіналёта і не возьмецца. Не вятрак Сервантэса, вядома, але ўсё ж.

Гісторыя цяперашняй генерацыі Менскага кінаклуба пачалася больш за дзесяць гадоў таму. Тады мы яшчэ не абрасталі лайкамі і рэтвітамі і кожная такая супольнасць існавала аўтаномна, бурліла і нават перабражвала ўнутры сябе.

— Мы пачалі ладзіць паказы ў галерэі Шчамялёва ў Менску. І самае галоўнае — абмяркоўваць кіно. Дзяніс Шэка (яшчэ адзін з «кардыналаў» кінаклуба. — Заўв. аўт.) сфармуляваў асноўныя прынцыпы: дэцэнтралізацыя, самаарганізацыя, самаадукацыя, — дзякуючы якім супольнасць не памерла і да гэтага часу. Для мяне гэта было нешта новае, для мяне гэта было адкрыццё. Я стаў адэптам гэтых прынцыпаў. Хацеў здымаць. І так, дзякуючы ідэі самаадукацыі, паўстаў кінакааператыў. Мы прыдумалі курсы — гісторыя і тэорыя кіно, аснова рэжысуры, аператарская праца, — распрацавалі напрамкі і сталі запрашаць спецыялістаў у кожнай вобласці. Самі мы таксама рыхтаваліся да заняткаў. З часам перайшлі ад тэорыі да камандных здымак. Знялі першы ролік на тэму Хармса, потым «Вырай» [link: https://vimeo.com/8306297] — удалы вопыт каманднай працы. На аснове гэтага досведу я сфармуляваў прынцыпы кінакааператыва.

Я пачынаю разумець, адкуль у мяне з’явіліся вобразы дзіўнай антыўтопіі. Кінакааператыўны «Вырай» — унікальнае асэнсаванне беларускай рэчаіснасці з дастаткова смелымі вобразамі. «Вырай» мне заўсёды нагадваў ранняга Лінча. Не па змесце, але па атмасферы. І як кожны прадукт андэграўнднага асяроддзя, фільм не меў рэзанансу на радзіме, хоць і быў адным з удзельнікаў «ShortMovieFest» у Італіі. У першую чаргу таму, што ў Беларусі на той момант не было належнай фестывальнай пляцоўкі для аматараў. Да пэўнага моманту.

— Працягваліся паказы ў галерэі Шчамялёва. Хлопцы з кінаклуба ўдзельнічалі ў арганізацыі чацвёртай «Кінаграні». У прынцыпе, мы саспелі да правядзення свайго фестывалю. Ад самага пачатку ў мяне была ідэя такога перадзвіжніцтва. Ідэя гэтая падалася настолькі моцнай, што стала нават неяк боязна. І я вырашыў: паспрабуем фестываль-кінакааперацыю. Тэма першага фэсту — вечны рухавік. Адсюль і назва: «Cinema Perpetuum Mobile». Ён павінен быў быць кінакааператывам, але міжнароднага маштабу. Першы фестываль добра асвятляўся ў СМІ, былі паказы ў Нацыянальным музеі. Мы палічылі гэта поспехам і вырашылі працягваць.

Калі і існуе лёс чалавека, то прычынай таму — не капрыз нябачнага сцэнарыста, а, хутчэй, ідэя, уласная ідэя. Спарадзіўшы ва ўяўнай прасторы ідэю балагана, Саша вызначыў вектар сваёй (і не толькі сваёй) доўгатэрміновай ініцыятывы.

— Упершыню я прапанаваў ідэю «вандроўнага кінаклуба» ў 2009 годзе ў «ВКонтакте». Потым у галерэі Шчамялёва я нават сабраў грошы на кінабалаган: 20 000 рублёў (на той час крыху менш $ 7. — Заўв. аўт.). Потым я апісаў ідэю. Сядзеў у бібліятэцы, рыхтаваўся да новай дысцыпліны (асноўная Сашава праца — выкладчык правазнаўчых дысцыплін ва ўніверсітэце. — Заўв. аўт). Такая туга была. Кожны дзень чытаў толькі кнігі па юрыспрудэнцыі. І вось так залпам вылілася ідэя кінабалагана на аркушы паперы. Я зразумеў, што гэта маё.

Кіналёт — гэта фургон, гэткая фурманка, поўная цудаў. Якар у рамантычнае мінулае чалавецтва. Тады свет быў вельмі вялікім, а цяпер ён такі маленькі. Да Рыа-дэ-Жанэйра ляцець тры гадзіны, і назад столькі ж — вось і ўся планета. Прылятаеш у любы буйны горад — яны ўсё збольшага аднолькавыя. Фантан, Макдональдс, метро, брэндавыя крамы — усё адно і тое ж.

Кінабалаган — гэта спосаб пазнання. Мяне цікавіць жаданне чалавека быць не аб’ектам, а суб’ектам сацыяльнай рэчаіснасці. Грамадства, у якім мы жывем, — Беларусь, і нават у цэлым постсавецкая прастора, перайшло з сялянскай абшчыны ў бальшавіцкую таталітарную дзяржаву. Але дзяржава развалілася, і што цяпер у нас засталося? Дваццацігадовы вопыт — настальгія людзей. Ад яркага святла волі вочы пачалі балець. Давайце закрыем, кажуць, назад. Зручней, кажуць, нам у цемры сядзець. І вось ізноў выключылі святло.

Толькі маленькая лямпачка, «сараковачка», свеціць дзесьці там. «Месяц», як на зоне кажуць. І — нармальна, стабільненька.

cpm2

Саша выпілоўвае ілюмінатары ў сценах свайго вынаходніцтва творча-інжынернай думкі. Для таго каб можна было прасунуць галаву і адчуць вецер прыгод. Мне адразу ж успамінаецца вобраз брэменскіх музыкаў. А ідэя ілюмінатараў здаецца метафарычнай, як і іншы намёк на свабоду, няхай нават толькі прасторавую.

Мы абмяркоўваем варыянты перасоўвання кіналёта. Можна было б запрэгчы асла, можна зрабіць сістэму веласіпеднай цягі. Але, хутчэй за ўсё, прыйдзецца звяртацца па дапамогу рабоў — ідэйных рабоў бадзяжніцтва.

— Я бачу праблемы. Праз мяне праходзіць мноства студэнтаў. Ёсць сярод іх людзі з нашага рабоча-сялянскага асяроддзя, якія адчуваюць, што яны не такія, як тыя, хто жывуць у іх асяроддзі. Але з гэтага асяроддзя яны так і не вырваліся, іхні свет абмежаваны. Так, яны бачаць, што ў іх ёсць задаткі, што яны не падобныя да навакольных. Я хачу звярнуць увагу на гэтых людзей, даць ім руку. Я сам быў такім, як яны. Нарадзіўся ў Гомелі, бацькі працавалі, была дача, яны саджалі бульбу і мяне прымушалі. Я жыў у паўмільённым горадзе, але адчуваў сябе адзінокім. Я ведаў, што ёсць такія ж, як і я, але ў мяне не было з імі ніякага кантакту.

Я бачу сваё прызначэнне ў тым, каб гэтых людзей знаходзіць і даваць ім пляцоўку для зносінаў. Да мяне пасля заняткаў падыходзяць студэнты і кажуць: «Так, мы ведалі, што ўсё ж ідэалізму ёсць месца». Але яны маўчаць. У нас жа «культура маўчання». А гэтыя людзі — лідары. Яны павядуць за сабой астатніх.

Мне цяжка зразумець, як паспяхова сумяшчаць гэтыя розныя жыцці. У адным ты — выкладчык, які прайшоў цярністы акадэмічны шлях. У другім — летуценнік, які генеруе альтруістычныя ідэі. Аднак Саша супярэчнасцяў не бачыць.

— Выкладчыцкая праца — вельмі вольная, яна не душыць. Гэта не манатонная праца. Беларускае нацыянальнае права дастаткова таталітарнае. Усе рашэнні прымаюцца цэнтралізавана, вертыкальна. У нас няма незалежнай судовай улады. У гэтым плане тут усё жудасна: няма чаму нават вучыць. Так, ёсць канстытуцыйныя прынцыпы, але яны не працуюць. І ўсё гэта адбівалася на маёй працы: я працаваў дрэнна. Уся энергія ішла на кінабалаган, на студэнтаў яе не хапала. У нашай сістэме адукацыі шмат выпадковых людзей: хлопцы прыходзяць, каб адкасіць ад войска, учарашнія школьнікі наогул не ведаюць, што яны робяць ва ўніверсітэце. Прафанацыя. Але паступова спрабуеш знайсці нейкі кампраміс. Зараз я ў сваіх лекцыях не зацыкліваюся на юрыдычным пазітывізме, а імкнуся закрануць больш лібертарныя тэорыі, натуральна-прававыя падыходы.

Мы сядзім з Сашам у ангары Цэнтра сучасных мастацтваў. На сёння праца па кіналёту скончаная, таму без усялякага сораму можна пад размову ўжываць беларускі каньяк. І тое, што каньяк мясцовага разліву, мне здаецца сімвалічным. Пасля некалькіх глыткоў цяжка сфармуляваць сваю думку: пра патрыятызм тут і цяпер, пра тое, што не варта жыць ілюзіямі французскага каньяку і гавайскіх падарожнікаў, пра шырокія магчымасці рэчаіснасці, якая з’яўляецца дадзенасцю, хоць і схільнай да бесперапынных зменаў.

Галоўнае — каб не закружылася галава. У мяне па-свойму, у Сашы па-іншаму.

— Увесь час ёсць такое хваляванне: колькі прыйдзе на мерапрыемства людзей? Да гэтага трэба дайсці, навучыцца гэтаму, прайсці праз памылкі, каб рабіць, не зважаючы на колькасць удзельнікаў, перапостаў і лайкаў. Вось цяпер, да чарговага кінапаказу, у мяне была дылема: рабіць платную рэкламу на «Фэйсбуку», плаціць за гэта грошы ці не? І я падумаў: рэклама — гэта амаральна. Што такое рэклама? Людзі атрымліваюць інфармацыю, што будзе такое мерапрыемства. Людзі прыходзяць і паводзяць сябе пасіўна, маўляў, давайце забаўляюцца. Гэта прынцып рэкламы — правакацыя пасіўнасці: вось мы прыйшлі, гатовыя спажываць.

Але тым не менш я зрабіў рэкламу. Чаму? Эгаізм. Хочацца, каб людзі прыйшлі. Потым я падумаў: я ж марную свае грошы на кіналёт, на рэсурсы. І рэклама — гэта ж таксама рэсурс. Так, гэта апраўданне, але мо праз рэкламу пра кінабалаган даведаюцца адзін-два чалавекі, якія да гэтага пра яго і не ведалі. Дый, у рэшце рэшт, калі моцна хочацца — значыць, трэба рабіць.

Кінаклуб — гэта пазасістэмная супольнасць. Існаванне і пастаяннае абнаўленне кінаклуба — сапраўды феномен і нават выключэнне. Аднекуль знаходзяцца сілы і рэсурсы, ёсць стымулы. Хлопцы рэдка ўсплываюць у СМІ, не з’яўляюцца нават лакальнымі ньюсмэйкерамі. Мерапрыемствы часцяком застаюцца без належнага фідбэку, задавальняючыся толькі міжусобнымі справаздачамі і ўражаннямі. Аднак рух працягваецца. Складваецца адчуванне, што рухавік ініцыятывы насамрэч вечны.

— Гэта натуральныя жаданні — мець свабоду выбару, несці адказнасць, быць суб’ектам, чалавекам. На першым фестывалі «Cinema Perpetuum Mobile» СМІ пыталіся, навошта мы гэта робім. Але гэта рынкавае пытанне, нават некарэктнае. І нават мэты нешта змяніць, нейкай рэвалюцыі — няма. Навошта? Калі ты выйшаў у краму, ужо змяніў свет. У дадзеным выпадку мы гаворым пра дапамогу. Палепшыць гэты свет. Калі ты зэканоміў ваду — ты палепшыў свет. Не глабальна, пра гэта ніхто не даведаецца, але гэта так. Электрычнасць зэканоміў, рухавік не ўключыў, папрасіў прабачэння перад чалавекам за тое, што на нагу наступіў, не адказаў агрэсіяй на агрэсію…

Кінабалаган — гэта спосаб быцця. Кіналёт — гэта інструмент, як і «кіно» ўвогуле. «Кіно — гэта сучаснае мастацтва. Яно папулярнае, народнае. Чытаюць не так шмат, як глядзяць кіно», — разважае Саша. Усё гэта форма гуманістычнага зместу. Прычым ідэя кінабалагана дынамічная.

— Я планую зрабіць з кіналёта нешта тыпу кавярні. Каб гэта быў самаакупальны праект. Бо, каб падарожнічаць па свеце, трэба нешта есці. А калі шчыра, я мару пра свой кабінет, у якім можна было б закрыцца. Ужо больш за 18 гадоў мару. Але пакуль няма такой магчымасці: можна закрыцца, але на што існаваць? Кабінет — ён кабінет, а не келля. Знаходзячыся ў кабінеце, працягваеш мець зносіны, але гэта не бессэнсоўныя пустыя зносіны. Ты камунікуеш з прадстаўнікамі мінулага і адпраўляеш свой мэсэдж у будучыню. Але калі б была неабмежаваная колькасць сродкаў, усё б скончылася кабінетам. Я быў бы архіначынам, вельмі шмат пісаў бы. І займаўся б тым жа — выкладаннем.

Так, форма — кінаклуб, кінакааператыў, кінабалаган. Кіналёт — гэта кабінет. Як і «Вырай» — «аўдыторыя»: менавіта такое слова было дадзена здымачнай камандзе аматараў. Пазнанне свету праз ідэю падарожнай творчасці, бесперапыннае змяненне рэчаіснасці. Perpetuum Mobile. Ён існуе! На коннай цязе, на цязе роварнай ці толькі на сумленнай ініцыятыве.

Набліжаемся да метро, Саша размаўляе па тэлефоне. Штосьці з нагоды балагана: новыя ідэі, планы і праекты. «Ці стане, нібы помнік?» — успамінаю я сваё пытанне.

І разумею, што Міністэрства Стабільнасці, якое дакладна не дало б дабро на кіналёт, існуе ў маім уяўленні, але ўжо сапраўды не ва ўяўленні Сашы.

S/T

Фотаздымкі: kinaklub.org

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology