MUT ZUR WUT

pARTisan #31’2016. Тарашкевіца

Інго Пэтц быў арганізатарам першага канцэрту N.R.M. у Нямеччыне й мноства пазьнейшых канцэртаў. Ён распавядае пра складанасьці й выклікі, зь якімі яму давялося сутыкнуцца пры правядзеньні канцэртаў беларускіх музыкаў.

1999 год, гарачае лета. Я зноў паехаў у Беларусь, як рабіў гэта ўжо некалькі гадоў. Вывучаючы расейскую мову й гісторыю Ўсходняй Эўропы, я захапіўся Беларусьсю. Гэты смутак, што, здавалася, уздымаўся над палямі й лясамі. Проста чароўна! Апрача таго, Менск дзевяностых меў у сабе нешта рэзкае, неўтаймаванае, неверагодна жывое й змагарнае, чаго мне так неставала на радзіме. І, вядома ж, Беларусь была краінай, якую ніхто ня ведаў там, адкуль я прыехаў, — на захадзе Нямеччыны, паблізу галяндзкай мяжы.

Фэст «Вольныя танцы» (ВМА), Маладэчна, гарадзкі парк, 1999. Фатаграфія Інго Пэтц

Фэст «Вольныя танцы» (ВМА), Маладэчна, гарадзкі парк, 1999. Фатаграфія Інго Пэтц

Я ўяўляў сябе першаадкрывальнікам, які дасьледуе новую тэрыторыю. Я тады ўжо так-сяк ведаў расейскую мову. Адзін сэмэстар у Валгаградзе прывёў да інтэнсіўнага знаёмства з расейскай рок- і панк-музыкай: «DDT», «Кино», «АукцЫон», «Гражданская Оборона». «Ходит дурачок по лесу»…

Для мяне найлепшы спосаб наблізіцца да нейкай мовы — праз музыку, на якой я вырас і празь якую змог накіраваць у правільнае русла свой юнацкі пратэст: мэтал, панк, хардкор, гранж.

Як бы тое ні было, я ўжо ведаў, што існуе беларуская мова. Гучыць наіўна, але пры першым наведваньні Беларусі гэта не было мне зразумела. Тады я яшчэ занадта быў заняты тым, каб справіцца з расейскай мовай і арыентавацца зь яе дапамогай у гэтым чужым сьвеце. Аднак у 1999 годзе я ўжо занурыўся ў беларускамоўны космас, і гэта было нялёгка для мяне. Бо спачатку я зусім не разумеў па-беларуску. Аднак я ўсьвядоміў, што мова была кодам доступу да таямнічага сьвету усярэдзіне іншага таямнічага сьвету. Таму што беларуская мова ўжо тады была чымсьці накшталт Сьвятога Грааля, быццам бы мова — гэта зачараваны скарб. Тое, што я наблізіўся да Беларусі й ня змог ад яе вызваліцца, зьвязана перш за ўсё з той падзеяй летам 1999 году. Сяргей Сахараў з БМА (Беларуская музычная альтэрнатыва) запрасіў мяне паехаць зь ім у Маладэчна. «Мы арганізоўваем там фэст беларускамоўных гуртоў, — сказаў ён, — табе спадабаецца».

Да таго часу беларуская музыка была вядомая мне толькі ў сваім музэйна-фальклёрным выглядзе, які мяне зусім не цікавіў. Тое, што я пачуў на тым фэстывалі «Вольныя танцы» ў Маладэчне, — здаецца, фэст быў у гарадзкім парку — агаломшыла мяне.

На сцэне стаяў субтыльны малады чалавек, мэліраваныя кароткія валасы, кудлатыя й такія ж непаслухмяныя, як і ягоны голас. У гэтым голасе было нешта дзёрзкае, нешта рэзкае й гнеўнае, але адначасова нешта мэлядычнае й неверагодна смутнае. У дадатак да гэтага — магутныя ўдарныя, агрэсіўна крычыць гітара, дрыжыць бас-гітара, якая працінае цябе да самай пячонкі. Ня мне тлумачыць беларусам, якое значэньне мае гурт N.R.M. Для мяне гэта стала каханьнем зь першага позірку, ці, хутчэй — зь першага гуку. Я ня меў ніякага ўяўленьня, пра што яны сьпяваюць. Але інтуітыўна я адчуваў: вялося пра змаганьне, пра страсьць, пра гнеў, каханьне, сум і жаданьне, пра супрацьстаяньне прыгнёту, вялося пра праўду. Для мяне добрая музыка павінна мець моцную энэргію й заяўляць нейкую пазыцыю. А музыка, якую я пачуў у той дзень летам 1999 году, была ня позай, была ня толькі забавай, яна была пазыцыяй. Я адчуў гэта. І я бачыў: Лявон, Юрась, Алезіс і Піт гралі так, што душа выходзіла зь цела. Яны гралі так, быццам гэты выступ быў іхным апошнім выступам. Добрыя выступы гуртоў становяцца экзыстэнцыйным досьведам, які можа перайначыць тваё жыцьцё, і такім экзыстэнцыйным досьведам стаўся гэты канцэрт. Прычым ня толькі для мяне. Маладыя людзі сярод публікі — многія выглядалі ў сваіх касухах, скуранках, дзіравых джынсах і берцах як панкі й мэталісты васьмідзясятых у Нямеччыне — падпявалі, яны танчылі, крычалі, вочы блішчэлі, кулакі сьціскаліся, нараджалася страсьць, успыхваў гнеў. Публіка й гурт ператварыліся ў кансьпіратыўную супольнасьць, якая імкнулася насустрач небу.

Сапраўды, гэты выступ N.R.M. — адзін з найлепшых успамінаў, зьвязаных для мяне зь Беларусьсю.
Піт Паўляў і Лявон Вольскі. Фэст «Вольныя танцы» (ВМА), Маладэчна, гарадзкі парк, 1999. Фатаграфія Інго Пэтц

Піт Паўляў і Лявон Вольскі. Фэст «Вольныя танцы» (ВМА), Маладэчна, гарадзкі парк, 1999. Фатаграфія Інго Пэтц

Пазьней беларуская музыка заняла пастаяннае месца ў маім жыцьці. Я пачаў зьбіраць і праслухоўваць касэты й дыскі, наведваць канцэрты. Нават зьехаўшы на два гады ў Новую Зэляндыю, я не забыўся на музыку N.R.M., «Zet», «Ulis», «Новага Неба», «Нейро Дюбеля», «Мроі» ці «Бонды». (Не, «Ляпіса Трубяцкога» не было ў гэтым сьпісе.) Апрача таго, я пачаў пісаць. Першы артыкул, напісаны мной пра Беларусь, быў прысьвечаны менавіта гэтай музыцы й яе складаным узаемадачыненьням з аўтакратычным рэжымам. Пасьля наведваньня фэстывалю ў Маладэчне, які, дарэчы, быў спынены міліцыяй, ня толькі ўзмацнілася маё жаданьне больш пісаць пра Беларусь, але ў мяне нарадзілася мара калі-небудзь выпусьціць дыск зь беларускай музыкай і арганізаваць у Нямеччыне канцэрт N.R.M.

У 2006 годзе гэты час прыйшоў. Тады выйшаў дыск-анталёгія «The Red Book of Belarusian Music», у тым жа годзе я арганізаваў разам з Максімам Грушавым першы канцэрт N.R.M. у Бэрліне (і яшчэ адзін у Дрэздэне). Пазьней былі яшчэ іншыя канцэрты Лявона Вольскага й «Крамбамбулі». Іншыя беларускія музыкі й гурты зноў і зноў зьвярталіся да мяне з просьбай арганізаваць для іх канцэрт у Нямеччыне. Аднак я заўжды адмаўляў — за адным выключэньнем («Троіца»). На тое былі розныя прычыны. Я не прафэсійны прамоўтэр і не арганізатар канцэртаў, я журналіст і пісьменьнік, для якога важна, каб такія выбітныя артысты, як Лявон, атрымалі прызнаньне ў Нямеччыне. У беларускай культуры ёсьць моцныя галасы (ня толькі ў музыцы), і ў іншых эўрапейскіх краінах таксама патрэбныя людзі, якія б стараліся, каб гэтыя галасы маглі быць пачутыя. Калі я пачаў пісаць пра Беларусь, а пазьней арганізоўваць канцэрты, у Нямеччыне ніхто ня меў ніякага ўяўленьня пра Беларусь, ня кажучы ўжо пра беларускую музыку ці літаратуру. Сёньня сытуацыя зьмянілася — не кардынальна, аднак усё ж трошкі зьмянілася. На сёньняшні момант зьявілася нямецкая моладзь, якая цікавіцца Беларусьсю па-за звыклымі стэрэатыпамі.

Асабіста для мяне — я ўжо згадваў гэта — пазыцыя мае вырашальнае значэньне. У асобе Лявона акурат спалучаюцца моцная пазыцыя, музычная разнастайнасьць і крэатыўнасьць з укарэненасьцю ў беларускай гісторыі й культуры, што й робіць яго ўнікальным і што палегчыла мне арганізацыю канцэртаў для яго й адпаведную рэкляму ў СМІ. Канцэрты, на якія зьбіраецца больш як 30 чалавек і якія не ператвараюцца ў прагназаваную фінансавую катастрофу. Бо выдаткі на даезд, пражываньне, ежу, тэхніку, транспарт і іншае нельга недаацэньваць. Асабліва добра кожны раз спрацоўвалі канцэрты «Крамбамбулі». Пад гэтую музыку добра танчыць і тусавацца, пры гэтым ня трэба разумець тэксты. Гэта фактар, які ні ў якім разе нельга недаацэньваць, калі спрабуеш спрагназаваць верагоднасьць пасьпяховасьці канцэрту. Проста таму, што немцы не разумеюць па-беларуску. А каб да нейкай ступені запоўніць клюб, патрэбная нямецкая публіка.

Фэст «Вольныя танцы» (ВМА), Маладэчна, гарадзкі парк, 1999. Фатаграфія Інго Пэтц

Фэст «Вольныя танцы» (ВМА), Маладэчна, гарадзкі парк, 1999. Фатаграфія Інго Пэтц

У прынцыпе я кажу выключна пра Бэрлін як патэнцыйнае месца выступу. Пры пэўных умовах гэта мог бы быць і Гамбург. Аднак амаль ува ўсіх астатніх буйных нямецкіх гарадах беларускія музыкі сутыкнуліся б зь цяжкасьцямі, бо цікавасьць да Ўсходняй Эўропы вельмі сьціплая. Аднак у Бэрліне ёсьць маладыя немцы, якія сапраўды цікавяцца Ўсходняй Эўропай і Беларусьсю. Да таго ж там ёсьць параўнальна вялікая беларуская дыяспара (што цікавіцца беларускай культурай), якая, аднак, ня мае вагі як рынкавы фактар, бо адной дыяспарай немагчыма запоўніць канцэрт больш як на 60 чалавек. Калі Лявон дае сольны канцэрт, я не магу разьлічваць на немцаў, бо яны не разумеюць па-беларуску. Пра ганарар, які б задаволіў музыкаў, арганізатара й мясцовага апэратара канцэрту, пытаньне ўвогуле ня ставіцца ў гэтых маштабах. Аднак Бэрлін мае таксама вырашальныя мінусы. Ёсьць сотні клюбаў і сцэн, дзе могуць выступіць музыканты й гурты, але ганарары альбо доля ад касавага збору, мякка кажучы, вельмі нізкія. У Бэрліне, праўда, вельмі адкрытая, інтэрнацыянальная й параўнальна ангажаваная публіка, якая цікавіцца таксама й экзатычнай музыкай. Аднак кожны вечар у сталіцы адбываюцца сотні канцэртаў, так што вельмі цяжка зацікавіць патэнцыйную публіку. Гэта значыць, што вельмі шмат часу даводзіцца інвэставаць у рэкляму канцэрту. А хто хоча займацца гэтым бясплатна?

Як правіла, гэта значыць толькі праводзіць інтэнсіўную працу па гадаваньні й інвэставаньні, выступаць з году ў год і спадзявацца, што калісьці ў цябе атымаецца міні-прарыў (што зусім яшчэ не гарантавана). А гэта, у сваю чаргу, значыць: Праца, праца, праца, Энэргія, энэргія, энэргія, расчараваньне, паразы й перадусім — ніякіх грошай. Усе гэтыя фактары й былі падставай для таго, што я зноў і зноў адмаўляўся арганізоўваць канцэрты для іншых гуртоў і музыкаў. Высілкі й клопаты занадта вялікія, а рызыка паразы занадта высокая. Гэта зусім не азначае, што беларускі гурт ня зможа сяк-так запоўніць невялікі бэрлінскі клюб. Калі вы лічыце, што вы гэта зможаце, — спрабуйце, зрабіце гэта, не спыняйцеся!

І маленькая парада: вучыце нямецкую ці хаця б ангельскую мову, каб зьвяртацца да публікі.

Напэўна, мой позірк на беларускую музыку вельмі своеасаблівы. Але мне ніколі пазьней не давялося закахацца ў нейкі іншы гурт так, як гэта было з N.R.M. — што, вядома ж, зьвязана з асабістымі ўпадабаньнямі. Праекты накшталт N.R.M. і «Крамбамбулі» мелі яшчэ й тую перавагу, што яны былі нашмат большыя за гурты, якія проста сьпяваюць свае песьні й удаюць рок-зорак. У іх была яшчэ й празрыстая, але падрыўная легенда, якая зьявілася з прычыны грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі: N.R.M. як змоўніцкая дзяржава ў дзяржаве, дзе праўдзівыя толькі твае мары й твая свабода. «Крамбамбуля» як калектыў, што ўхіляецца ад гратэскных правілаў рэальнай Беларусі праз уласную фантазію й уяўленьне, а таксама праз свабоду жарта. Менавіта гэтыя ідэі даюць нам зразумець, наколькі моцна Лявон зьнітаваны з мастацтвам. Такія легенды (якія, безумоўна, вырасьлі зь беларускага кантэксту) былі надзвычайна важнымі, каб напярэдадні канцэртаў прыцягнуць увагу журналістаў і СМІ ў Нямеччыне. Чым цікавейшая гісторыя музыкі й гурта, чым глыбейшы яе мастацкі стрыжань, чым больш яна ўкарэненая ў Беларусі, тым лепей яна «прадаецца» й тым большыя шанцы на добрую наведвальнасьць канцэрту. Толькі якасна зробленай музыкі недастаткова. Бо ёсьць дзесяць тысяч гуртоў, што граюць добра зробленую музыку.

Ingo3

Фэст «Вольныя танцы» (ВМА), Маладэчна, гарадзкі парк, 1999. Фатаграфія Інго Пэтц

Многія беларускія гурты, заснаваныя ў апошнія дзесяць гадоў, мне асабіста больш не расказваюць такія гісторыі. Выбачаюся за абагульненьне, аднак яны для мяне проста занадта прыстойныя й паслухмяныя (я маю на ўвазе не абавязкова ў палітычным сэнсе, хутчэй — у сэнсе змагарнага стаўленьня да жыцьця). Я ведаю пра складаную сытуацыю, у якой спрабуюць існаваць у Беларусі гурты й музыкі.

Але мае густы як прыхільніка субкультуры й нонканфармізму, у якіх я бачу вырашальную сілу для ажыўленьня музычнай сцэны, наўрад ці задавальняюцца.

Гурт, у якім я бачу вельмі добрыя задаткі, — гэта «TonqiXod» (пра адны толькі назвы гуртоў можна напісаць культурна-антрапалягічнае эсэ!). Сапраўды, я бы з задавальненьнем арганізаваў некалі канцэрт у Нямеччыне для гэтага гурта, які я ўважаю за вельмі шматабяцальны дзякуючы спалучэньню зьмястоўных тэкстаў і хрыплай, наравістай і свавольнай музыкі. Аднак гэтая ідэя — арганізаваць канцэрт для гурта — ёсьць задумкай ідэаліста. Бо каб хаця б прыблізна зразумець «TonqiXod», трэба ня толькі ведаць беларускую мову, але й разумець беларускія культурныя коды.

Ня можам жа мы раздаваць слухачам перад канцэртам глясарыі!

Інго Пэтц. Пераклад з нямецкай мовы Веры Дзядок

Фота з архіву І. Пэтца

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology