Вялікая прэзентацыя «Возера Радасці» Віктара Марціновіча ў Мінску

Кампанія «Будзьма беларусамі!», літаратурны клуб GRAPHO і Галерэя TUT.BY запрашаюць 27 верасня на прэзентацыю рамана Віктара Марціновіча «Возера Радасці».

1marcinovicz_27-09

Віктар Марціновіч распавядзе пра свой «самы шчыры раман з напісаных дагэтуль» і адкажа на пытанні чытачоў, якія паспелі пазнаёміцца з ягонай пятай па ліку кнігай. Але не толькі аўтар возьме ўдзел у прэзентацыі: сваімі ўражаннямі ад кнігі падзеляцца Барыс Пастарнак, генеральны дырэктар выдавецкага дома «Время», у якім пабачыла свет рускамоўнае выданне кнігі; Барыс Пятровіч (Сачанка), старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама культуролаг Максім Жбанкоў.

Аўтар раскрые сакрэт, чаму ўжо другую сваю кнігу ён давярае перакладаць на беларускую мову толькі літаратару Віталю Рыжкову, а сам Віталь і лёгкаатлетка Аліна Талай зачытаюць фрагменты рамана, якія найбольш прыйшліся ім даспадобы.
І гэта яшчэ не ўсё! Сяргей Доўгушаў і гурт «Vuraj» аздобяць вечарыну сваім выступам. Вядоўцам мерапрыемства будзе літаратар і шоўмэн Усевалад Сцебурака.

Аўтары найбольш цікавых патанняў атрымаюць падарункі ад кампаніі «Будзьма беларусамі!». Падчас прэзентацыі можна будзе набыць і падпісаць кнігу.
Запрашаем на прэзентацыю!

27 верасня
19.00
Галерэя TUT.BY (пр-т Дзяржынскага, 57, 9 паверх)
Уваход вольны!


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology