Лекцыя і майстар-клас Сусаны Гюламіран (Арменія)

12 кастрычніка ў 19.00 у галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбудзецца лекцыя Сусаны Гюламіран «Дыскурс аб куратарстве / дыскурс куратараў».

Лекцыя прысвечаная храналогіі паўставання і развіцця куратарства з 1960-х да нашых дзён, а таксама сацыяльна-культурным перадумовам і ўмовам, якія задаў вектар развіцця куратарскай місіі ад захавальніка музейнай калекцыі аж да «дэмістыфікацыі» ролі куратара, «куратарскага павароту» як пачатку фармавання фігуры самадастатковага куратара — аўтара выставаў.

unnamed

Будзе закранутая тэма развіцця культуры біенале ды іншых маштабных выставаў, з постаццю куратара ў эпіцэнтры падзей, а таксама паняцце «куратарскай этыкі», якая ўвабрала ў сябе, акрамя шэрагу важных палажэнняў, таксама пытанні аб узаемаадносінах куратара і мастака, ўзаемапранікнення куратарскіх і мастацкіх практык. Лекцыя ўключае пытанні этыкі сяброўства, клопату, узаемнай падтрымкі.

Сусана Гюламіран — куратарка, крытык, заснавальніца і дырэктарка «Лабараторыі мастацтва і культурных даследаванняў» Art and Cultural Studies Laboratory (ACSL), 2007. У рамках лабараторыі С. Гюламіран запачаткавала праграму міжнароднай арт-рэзідэнцыі «Арт Камуна» (2008). Праграма сталася першай ластаўкай у арганізацыі і развіцці резідэнцыйных праграм у Арменіі, і цяпер дзейнічае на сталай аснове. У межах прадмета «Культурныя даследаванні», які С. Гюламіран выкладала на факультэце Выяўленчых мастацтваў Адкрытага Універсітэта ў Арменіі, яна ўвяла прадмет «Феміністычныя і гендэрныя даследаванні», а таксама курс вывучэння фемінісцкіх мастацкіх практык у сучасным мастацтве. З 2006 г. сябра AICA — Арменія (Міжнародная асацыяцыя арт-крытыкаў).

unnamed-2

13, 15, 16 кастрычніка ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбудзецца майстар-клас Сусаны Гюламіран «Дыскурс аб куратарстве / дыскурс куратараў». Майстар-клас будзе ўключаць у сябе двухдзённыя лекцыі і аднадзённае практычнае заданне для куратараў-пачаткоўцаў.

Першая лекцыя, якая пройдзе 13 кастрычніка, завострыць увагу на з’яве міжнародных арт-рэзідэнцый з асобным паказам праектаў тых міжнародных мастакоў, якія пачынаючы з 2010 г. былі часткай резідэнцыйнай праграмы «Арт Камуна», запушчанай «Лабараторыяй мастацтваў і культурных даследаванняў» (Art and Cultural Studies Laboratory ACSL). 15 кастрычніка лекцыя-прэзентацыя будзе прысвечана куратарскім канцэпцыям, тэматычным і тэарэтычным аспектам «Лабараторыі мастацтваў і культурных даследаванняў» (АCSL) з націскам на фемінісцкія праекты (курыраванне фемінісцкіх выставаў, фемінісцкая мастацтва супраць жаночага мастацтва, іх катэгорыі і супярэчнасці). 16 кастрычніка адбудзецца аднадзённы майстар-клас з практычным заданнем, якое будзе вызначанае зыходзячы з упадабанняў і прэферэнцый удзельніка.

Крытэры адбору ўдзельнікаў: маладыя куратары, арт-крытыкі, мастакі, якія робяць першыя крокі ў сваёй прафесійнай дзейнасці і якія гатовыя атрымаць неабходныя дзеля гэтага веды. Для ўдзелу ў курсе трэба даслаць заяўку ў вольнай форме, а таксама рэзюмэ на info@ygallery.by з пазнакай «куратарская школа_удзел у курсе Сусаны Гюламіран» да 11-га кастрычніка.

Заняткі будуць праходзіць у прасторы галерэі «Ў» (пр-т Незалежнасці 37а):

13 кастрычніка з 18.00 да 21.00,
15 і 16 кастрычніка з 10.30 да 12.30.

Удзел у курсе бясплатны.

Праект «Куратарская школа» ажыццяўляецца пры падтрымцы НДА Kulturos Ambasada, Літва.

kulturos_ambasada1


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology