НІХТО Ў ГЭТЫМ ГОРАДЗЕ ТАКУЮ МУЗЫКУ НЕ СЫГРАЕ

pARTisan #31’2016. Тарашкевіца

З гісторыі менскай электроннай сцэны 19902000-х

Адразу трэба адзначыць, што ў межах такога нарысу прэзэнтаваць поўную карціну беларускай клюбнай культуры немагчыма. Немажліва ўявіць галасы ўсіх удзельнікаў сцэны: музыкаў, дыджэяў, прамоўтэраў, арт-дырэктараў клюбаў, публікі, журналістаў, уладальнікаў лэйблаў. Відавочна таксама, што ўсе пазначаныя ў тэксьце тэмы патрабуюць далейшага асобнага падрабязнага вывучэньня.

Дадзены артыкул галоўным чынам ахоплівае некаторыя, на мой погляд, значныя (але ня ўсе) моманты зараджэньня й разьвіцьця менскай электроннай сцэны з пачатку 1990-х да сярэдзіны 2000-х. Ён базуецца на гісторыях некалькіх асобаў, актыўных удзельнікаў сцэны, якія, натуральна, прадстаўляюць свае суб’ектыўныя інтэрпрэтацыі й пэрспэктывы. Выбар менавіта гэтых герояў таксама не аб’ектыўны. Як і ў многіх іншых сфэрах, усярэдзіне беларускай электроннай сцэны адбываецца барацьба за сымбалічную ўладу, за пазыцыі ініцыятараў / заснавальнікаў руху, за ўпісанасьць у гісторыю. Зь іншага боку, некаторыя значныя дзеячы таго часу, наадварот, па розных прычынах адмаўляюцца распавядаць пра яго, спасылаючыся на страту цікавасьці, зьмену галіны дзейнасьці, на раздражненьне ад настальгіі па 1990-м.

ПАЧАТАК

Рэйв-культура зарадзілася напрыканцы 1980-х у ЗША, адкуль пераправілася ў Злучанае Каралеўства (спачатку ў Манчэстэр, а потым у Лёндан), і пасьля распаўсюдзілася па ўсёй Эўропе. Важнымі фактарамі яе зараджэньня былі постіндустрыялізацыя й уплыў культуры амэрыканскіх чорных гета (у прыватнасьці, у выпадку Дэтройцкага тэхна) [1]. Электронная музыка мае значна больш даўнюю гісторыю, з зараджэньня на пачатку ХХ стагодзьдзя да пэрыяду яе фармаваньня як напрамку на стыку 1960-х і 1970-х.

У Менску, як і ў многіх іншых постсавецкіх гарадах, электронная й клюбная сцэна зьявілася неўзабаве пасьля развалу СССР. Першая паўнавартасная электронная вечарынка (дзе ў асноўным ігралі progressive trance і acid house) адбылася ў навагоднюю ноч з 1992 на 1993 гады ў манэжы «Дынама». Яе правядзеньне ініцыявала група прыяцеляў [2], натхніўшыся рэйвам «Gagarin Party» ў Маскве, якi адбыўся ў 1991 годзе на ВДНГ у павільёне «Космас». Інфармацыя распаўсюджвалася пры дапамозе флаераў галоўным чынам сярод знаёмых, таму на вечарыну прыйшло менш за сто чалавек, і тым ня менш быў дадзены старт сталічнаму клюбнаму руху. У прыватнасьці, гэтая група людзей, да якіх пазьней далучыўся Аляксей Кутузаў («DJ I.F.U.»), стварыла першую менскую промагрупу «F.U. Entertainment» (філіял маскоўскай). Іхныя наступныя мерапрыемствы ўжо ад імя промагрупы адбыліся ў 1993 годзе ў кавярні на вуліцы Бэрсана й у музычнай школе на вуліцы Чыгладзэ. Неўзабаве промагрупа разьмесьцілася ў Альтэрнатыўным тэатры.

%d1%81%d1%82%d1%8078_img037

DJ I.F.U. (Аляксей Кутузаў). Навагодняя ноч 1999-2000. Канцэрт і выстава ў загарадным доме. З архіву А. Кутузава

Верагодна, першым калектывам, які пачаў выкарыстоўваць электроніку яшчэ ў 1991 годзе, быў «The R.A.F. Golf Club» (Глеб Галушка й Петручы). Самі яны не суадносілі сябе з тэхнакультурай і рэйвам, іграючы выключна на «жывых» канцэртах [3]. З 1996–1997 гадоў электронныя музыкі пачалі выступаць са сваімі праектамі: «Safety Matches» (з 1997 распаўся на «Energun 22», цяпер «Energun», і «Канструктар»), «Autism», «Vacuumable», «HDDn Name», «Stereonoize Gallery», «Dull Green Lab», «Impedance», «Romantic Sap», «Rabbit X», «Elements of Sci-Fi», «Alex Coostoff», «Атака с бреющего полета», «Hyperliberzon & Synchrophazatrone», «Sea Robot of Love», «The Sacred, Romantic Sub» (Гомель), «Rabbit Eggs» (Віцебск), «I/DEX» (Наваполацк), Уладзімер Банько; Валік Грышко й «Drum XTC» (выкарыстоўвалі электронную музыку). Ужо ў 1997 годзе Аляксей Кутузаў і Граф («БК», «Vacuumable» — да 1997 году з Аляксеем Кутузавым) арганізавалі фэстываль электроннай музыкі «Future Sound of Minsk» ў клюбе «Салют», дзе выступілі 15 праектаў і які наведала каля 600 чалавек.

Па словах прадусара й электроннага музыканта Ўладзіслава Бубна (у сярэдзіне 1990-х прыходзіць у нойз і тэхна-індастрыял з панк-року, група «Barfly’s dreams*», праекты «Bachus», «Fat Not Dead», «I Me Mine, Shamaniac» і іншыя), большая частка электроннай сцэны была «мэляманская», гэта значыць, натхніўшыся замежнай музыкай, людзі пачыналі самі спрабаваць рабіць нешта падобнае. У гэтым асяродзьдзі было мала людзей з клясычнай музычнай адукацыяй, але даволі шмат з тэхнічнай, такім чынам яны звычайна маглі атрымаць доступ да неабходных тэхналёгіяў (кампутару, праграм) і ўмелі зь імі абыходзіцца. У першай палове 1990-х інфармацыю пра электронную музыку знайсьці было нялёгка, і шукаць трэба было мэтанакіравана. Інтэрнэт быў вельмі павольны, і да канца 1990-х далёка ня ўсе маглі яго сабе дазволіць.

Хтосьці пачынаў слухаць электронную музыку за мяжой і прывозіў адтуль касэты, хтосьці глядзеў даступныя музычныя каналы.

У Менску касэты можна было купіць ці абмяняць у мэляманскіх клюбах, якія вандравалі па розных пляцоўках гораду — ад заводу «Гарызонт», трактарнага заводу да кінатэатру «Вільнюс», — альбо праз паштовыя заказы (mail orders): вы куплялі пару касэтаў і атрымлівалі флаер-каталёг зь іншымі запісамі, якія можна было замовіць па пошце за грошы ці абмяняць. Гэтая сыстэма цалкам дзейнічала на ўзаемным даверы.

З 1997-га артыкулы пра электронную музыку пачала друкаваць «Музыкальная газета»: рэцэнзіі на альбомы (спачатку на замежныя, а зь іх зьяўленьнем — на мясцовых музыкаў), водгукі на мерапрыемствы, інтэрвію, расповяды пра электронныя стылі, а пазьней і першыя спробы аналітычных аглядаў. Для рэйвэраў культавым выданьнем тых гадоў быў расейскі часопіс «Птюч» (пачаў выходзіць у 1994-м), які прывозілі з Масквы ці Пецярбургу. Часопіс «Легіён» (выходзіў з 1993-га) побач з асьвятленьнем мэталу ў першых нумарах друкаваў матэрыялы аб розных напрамках незалежнай музыкі, у тым ліку нойз і індустрыяльнай музыкі. Пазьней выданьне амаль цалкам пераключылася на мэтал-сцэну, часам, аднак, надаючы ўвагу экстрэмальнай электроннай, індустрыяльнай і гатычнай музыцы.

Напрыканцы 1990-х пра такую музыку таксама можна было даведацца з праграмы «DJ Commando Labella» на радыё «Мір». На тым жа радыё Уладзіслаў Бубен вёў праграму «Закінуты сьвет» пра мэтал, рок і экспэрымэнтальную, у тым ліку экстрэмальную электронную музыку. А на радыё «Стыль» выходзіла праграма «Чорная пятніца», цалкам прысьвечаная гэтай тэме. «DJ Commando Labella» арганізоўвалі вечарынкі зь цяжкай электроннай музыкай (тэхна-індастрыял, ibm, сінт-готык), на якія яны ў 1998–99 гадах запрашалі мясцовых музыкаў. Акрамя гэтага, яны пісалі музычныя рэцэнзіі, якія рэгулярна зьяўляліся нават у эўрапейскіх часопісах. У 1993 годзе пачынае працу радыё «Бі-Эй», дзе Барыс Штэрн і Тамара Лісіцкая рэгулярна ставілі электронную музыку й запрашалі ў этэр дзеячаў беларускай электроннай сцэны. Напрыканцы 1990-х зьявіўся форум пра электронную музыку Оxidiser.net, вакол якога працавала яшчэ й аднайменная промагрупа. «Гэта была рэальная скарбніца інфармацыі, можна было задаць любое пытаньне  і ўсё кам’юніці табе адразу адкажа», — згадвае Аляксей Кутузаў.

Першыя запісы траплялі да менскіх дыджэяў з Галяндыі й Нямеччыны ці Масквы. Дыджэі былі своеасаблівымі фільтрамі, уводзячы новую моду па меры таго, як самі адкрывалі для сябе новыя напрамкі.

«У гэты час у Менску, ды й у Беларусі, было мала дыджэяў, таму натуральна — што гралі дыджэі, тое й было папулярна, бо іншых варыянтаў атрыманьня музычнай інфармацыі практычна не было. Такім чынам, як толькі тусоўка дыджэяў пераходзіла на іншы стыль музыкі, зьмяняліся й прыхільнасьці клябераў», — зазначае Дзяніс Сініцын.

ІНСТРУМЭНТЫ

У 1990-я кампутары, на якіх можна было пісаць музыку, у Беларусі былі рэдкасьцю й каштавалі дорага. Хтосьці меў да іх доступ на працы. Але тым ня менш нават добры на тыя часы кампутар мог счытваць аўдыётрэк ноч, акрамя таго, патрэбныя былі гукавыя карты. У танных мадэлях быў закладзены толькі стандартны набор midi-гукаў, а ў дарагіх, якія каштавалі ў раёне 350 даляраў, аб’ёмы памяці дазвалялі загружаць зьнешнія сэмплы й апэраваць імі. Навучыцца карыстацца прасунутымі картамі было нялёгка, і часьцей за ўсё гэта адбывалася экспэрымэнтальным шляхам.

У 1996 годзе прадусар электроннай музыкі, заснавальнік першага ў Беларусі лэйблу электроннай музыкі «Delta 9» Вадзім Міліцын (праекты «Autism», «On The Edge», «Disposable», «Ephemeris», «Robotov-Millentrop», «Spastic Fingers») быў адным зь першых у Менску, у каго зьявілася такая карта. Папрасіць парады было папросту няма ў каго, а даступнага інтэрнэту тады яшчэ не было. Сынтэзатары й драм-машыны дастаць было прасьцей, хоць якасьць зноў-такі не заўсёды была здавальняльнай. Напрыклад, музыка й саўнд-дызайнэр Яўген Рагозін (праекты «Stereonoize Gallery» /канец 1990–2004, з 2004 evgenirogozin / minimal techno, «Pafnutiy’s dreams», «Primary noise», пэрформанс-праект «Gesamtkunstwerk») згадвае, што, хоць б/к савецкі аналягавы сынтэзатар «Палівокса» каштаваў, як пара ягоных заробкаў (ён працаваў гукарэжысэрам у ТЮГу за 20 даляраў у месяц), некаторую апаратуру можна было пазычыць альбо ўзяць у тэатрах ці школах: «У мяне было некалькі драм-машын “Roland”, драм-машынка “Vermona”, пара сынтэзатараў “Палівокса”, FM-сынтэзатары “Yamaha”, нейкі FM-сынтэзатар савецкі… Справа скончылася тым, што да 2001 году мы езьдзілі на канцэрты ў дзьвюх таксоўках».

Вадзім Міліцын і Дзмітры Юшчанка (Autism) /1995. З архіву В. Міліцына

Вадзім Міліцын і Дзмітры Юшчанка (Autism) /1995. З архіву В. Міліцына

Да таго як у 1997 годзе, працуючы над альбомам «Membrana», Вадзім Міліцын цалкам перайшоў на кампутар, ён пісаў музыку, спалучаючы партыі, сыграныя на клявішах «Yamaha», з шумамі савецкіх аналягавых сынтэзатараў «Альтаір» і «Электроніка».

Піянэры тэхна ў Беларусі «Energun» — тэхна-музыкант Дзяніс Сініцын (праекты «Safety Matches», «Energun 22», «Energun»), Сяргей Максімчук і Ягор Саскавец (да 2004), да 1997 году выступалі як «Safety Matches» (Яўген Някрасаў, Дзяніс Сініцын, Ягор Саскавец) спачатку спрабавалі пісаць музыку на кампутары ў праграме «SoundClub», але ўшытых гукаў неставала, і тады яны сталі ствараць іх на старых аналягавых сынтэзатарах («Альтаір», «Палівокса», «Аліса»), запісваючы на кампутар і ўжо на ім робячы трэкі, паступова пераходзячы на больш дасканалыя праграмы («FastTracker»). Нарэшце ў 2001 годзе пры садзейнічаньні Аляксея «Axess Denied» яны перайшлі на віртуальны сынтэзатар «Reaktor». Сёньня «Energun» выкарыстоўваюць розныя, у тым ліку аналягавыя, інструмэнты: акрамя Korg Volca Bass і Keys, Korg EMX1, сэмплераў Korg ES-1 і digitech JamMan solo і ноўтбука, яны да гэтага часу працуюць са старымі сынтэзатарамі «Палівокса» і «Аліса».

Хтосьці экспэрымэнтаваў з даступнымі сродкамі альбо зьбіраў апаратуру сам. Уладзіслаў Бубен лічыць, што «шумавой авангарднай музыкай можна займацца, маючы фантазію, не абавязкова купляць дарагія тэхналёгіі». На ягоную думку, гэтая вымушаная вынаходлівасьць дазваляла атрымліваць больш разнастайны гук і нечаканыя эфэкты. Напрыклад, у 1996 годзе ён пісаў нойз пры дапамозе бабіны магнітафону (робячы петлі на плёнцы) і рэвэрбэратара. Хоць ад інструмэнтаў ён таксама не адмаўляўся, запісаўшы ў 1997 годзе сумесна зь Яўгенам Шмулеўцавым альбом праекту «Shamaniac», выкарыстоўваючы драм-машыну «Лель» і клявішы «Yamaha». «Тады кожны хацеў быць першапраходцам беларускай электроннай музыкі, хоць бы ў якой-небудзь яе частцы. З прычыны абмежаванага доступу да інфармацыі тады ўсё зьдзіўляла, нават праекты, якія сёньня, магчыма, лічацца мэйнстрымам», — распавядае Яўген Рагозін.

Калі, нарэшце, напрыканцы 1990-х — на пачатку 2000-х тэхналёгіі сталі прасьцейшыя й даступнейшыя, у Беларусі зьявілася вялікая колькасьць электронных музыкаў. Як згадвае музыкант і арганізатар Ягор Куноўскі (з 2002 «Dreamlin chill out», «lounge» зь Дзянісам Карабковым, DJ Egor Kaway, лэйбл «Gizmo Lab Records», промагрупа «Electrokids»), «“Dreamlin” зьявіўся ў той момант (2000), калі ў мяне кампутар зьмяніўся на прыдатны да таго, каб на ім пісаць ужо нешта ўсьвядомленае. Тады мы пераспрабавалі ўсе даступныя на той момант праграмы: Fruity Loops, Acid Music Studio, Reaktor».

Калі празь некалькі гадоў «Музыкальная газета» правяла конкурс сярод беларускіх электронных музыкаў, на яго было пададзена 170 заявак. Хоць некаторыя ўдзельнікі й пачалі пісаць музыку толькі дзеля гэтага конкурсу, лічба ўражвае.

Менскія дыджэі даволі доўга гралі з касэтаў, таксама з прычыны фінансавай сытуацыі: як прыгадвае Аляксей Кутузаў, адна кружэлка каштавала каля 10 даляраў, і, каб стварыць сэт, трэба было ня менш за 200–300 даляраў (што было ў некалькі разоў больш за месячную зарплату), пры гэтым купіць іх можна было толькі за мяжой. Акрамя таго, прафэсійныя дыджэйскія круцёлкі каштавалі вельмі дорага, і нават калі б яны стаялі ў клюбе, навучыцца зводзіць на іх у такіх умовах было не магчымым. DJ Ярык з дапамогай знаёмага майстра перарабіў пару касэтных магнітафонаў «Радыётэхніка» з высоўнай касэтай так, каб можна было рэгуляваць хуткасьць прайграваньня пальцам, гэта значыць зрабіць магчымым зьвядзеньне. Пазьней знаёмы зноў перарабіў для яго пару савецкіх прайгравальнікаў «Вега», уставіўшы пітч-кантроль, каб мяняць хуткасьць прайграваньня й зводзіць, тым ня менш гэта было нашмат складаней, чым на прафэсійнай апаратуры. Толькі напрыканцы 1990-х у клюбах пачалі зьяўляцца прафэсійныя вінілавыя прайгравальнікі, а дыджэі сталі пераходзіць на вінілы. Іграць з дыскаў і кампутараў пачалі прыкладна з другой паловы «нулявых».

Такім чынам, у 1990-я дыджэяў у Менску было даволі мала. Трэба было «здабываць» музыку, а значыць мець магчымасьць падарожнічаць і купляць альбо перапісваць касэты, а пазьней набываць кружэлкі й вучыцца зводзіць на непрызначанай для гэтага апаратуры.

ЭКАНОМІКА, ПРЫБЫТАК

Выдавалі музыку часта самі, спачатку на касэтах, а пазьней на дысках. Першым лэйблам электроннай музыкі ў Беларусі, які паўплываў на разьвіцьцё клюбнай сцэны ў краіне, быў «Delta 9», створаны ў 1996 годзе Вадзімам Міліцыным. Лэйбл праіснаваў прыкладна чатыры гады. Ягоная гісторыя пачалася з таго, што Вадзім запісваў дома касэты ўласных праектаў «Autism» і «On The Edge», а потым раздаваў іх сябрам. Пазьней на «Delta 9» выходзілі альбомы беларускіх калектываў «Vacuumable», «Energun 22», «DJ I.F.U.», «Dullgreen Lab», «-ED» і шэрагу іншых. У 1999 годзе на лэйбле было ўжо больш за дзесяць праектаў. Тым ня менш наклады заставаліся мізэрнымі: кампакт-дыскі выдаваліся дзясяткамі, касэты — максымум парай сотняў асобнікаў. Напрыканцы 1990-х зьяўляецца яшчэ адзін значны лэйбл «I & I Group Records», які выпускае электронную музыку, у прыватнасьці, міксы беларускіх дыджэяў.

Яўген Рагозін і Ўлад Бубен стварылі лэйбл «DIS productions» (які выпускаў у тым ліку «Stereonoize gallery», «OverVoltage», «Panie Kahanku»), у 2001 годзе на ім выйшаў зборнік беларускай электроннай музыкі з удзелам 18 музыкаў «Welcome to Dis», куды ўвайшлі «Stereonoize Gallery», «Exnistagm», «Dromos», «Fatal Delusion», «Attaca Subito», «Revolt of Mind», «DYA», «Figurative Theatre», «Fox, Solaris», «NT-NS» ды іншыя.

1_%d1%81%d1%82%d1%8081_buben

Адзін з першых канцэртаў праекта Buben- post industrial/break core/noise ў Pall Mall club, Менск 1999. З архіву Улада Бубна

У 2002 годзе Ягор Куноўскі (да гэтага часу выдае музыку, але ўжо на i-Tunes і Spotify) распачаў дзейнасьць лэйблу «Gizmo Lab Records», які ў асноўным выпускаў зборнікі беларускай электронікі (брэйкбіт, драм-н-бас, трып-хоп, чылаўт: «Randomajestiq», «Stone People», «Synthetic Dreams», «DJ IFU», «Luna:r», «Dreamlin», «Lost © luster», «CherryVata») і супрацоўнічаў з лэйбламі ў Маскве, што дазваляла выпускаць дыскі вялікімі (тысячнымі) накладамі. «Аднойчы мне напісалі з Уладзівастоку, што купілі ў кіёску нашу музыку», — згадвае Ягор Куноўскі.

Першы альбом на i-Tunes лэйбл выпускае ў 2005 годзе.

У Менску дыскі й касэты часьцей за ўсё прадаваліся ў музычных шапіках і, напрыклад, у «Падземцы», у клюбах мэляманаў, а штосьці проста дарылася сябрам. Часам на вечарынках раздавалі флаеры з інфармацыяй пра тое, дзе можна набыць запісы. Напрыканцы 1990-х запусьціўся анлайн-рэсурс Mp3.com, дзе можна было разьмяшчаць музыку; спампоўка аднаго трэку там каштавала 10 цэнтаў. Індастрыял альбо нойз нярэдка выдаваўся невялікімі накладамі на тых жа лэйблах, што й мэтал — часта яны мелі шырокую міжнародную сетку дыстрыбуцыі.

У цэлым наўрад ці можна было казаць пра значны прыбытак як для музыкаў, так і для лэйблаў. Вадзім Міліцын успамінае, што сабекошт аднаго кампакт-дыску складаў прыкладна даляр, што для таго часу было нятанна. Пры гэтым часта адбываліся збоі ў працэсе запісу дыскаў, што выклікала дадатковыя фінансавыя страты. У месяц можна было прадаць ня больш за 20–30 дыскаў. Такім чынам, галоўнае было не патрапіць у сур’ёзную страту. Для таго ж, каб адправіць свае запісы на замежныя лэйблы, часам іх перапісвалі наўпрост з кружэлак. Па словах DJ Дашы Пушкінай, адрасы вінілавых крамаў у Бэрліне яна выпісвала з часопісу. У той час усе лэйблы прымалі дэма толькі на фізычных носьбітах, таму паміж адпраўкай дыску й выхадам рэлізу магло прайсьці ад паўгода да паўтара.

Музыка й прадусар Валянцін Грышко (стварыў свой музычны праект, уваходзіў у склад арт-групы «Беларускі клімат», дзе нароўні з жывымі інструмэнтамі й вакалам выкарыстоўвалася й электроніка), які падпісаў кантракт зь «Містэрыяй гуку» у 1999 годзе, прызнаецца, што супрацоўніцтва, хутчэй, не было пасьпяховым, хоць запісы прадаваліся й у 2000-м альбом перавыдаваўся: «Я ніколі не займаўся камэрцыяй, музыка заўсёды была задавальненьнем, хобі, і калі я падпісаў кантракт і зразумеў, што пачынае адбывацца з маёй музыкай, з маім поглядам, я нават пашкадаваў, што гэты кантракт падпісаў: цяпер я буду ў другой іпастасі». Зь іншага боку, па словах Ягора Куноўскага, калі музыка на CD была папулярная, то часам яму ўдавалася за пару тыдняў забясьпечваць сябе толькі з продажу дыскаў лэйблу. Такім чынам, практычна ўсе музыкі адзначаюць, што камэрцыйнага складніку ў электроннай музыцы ў той час не было. Выступамі таксама зазвычай не зараблялі, а толькі акуплялі выдаткі. «Я музыкай не зарабляў. Усё рабілася на такім запале, што наўрад ці зараблялі нават гаспадары клюбаў, для ўсіх гэта было фанам», — зазначае Яўген Рагозін.

Уладзіслаў Бубен успамінае, што ўсё заробленае (з дыскаў альбо выступаў) адразу ж трацілася. А Вадзім Міліцын кажа, што за выступы, як правіла, не плацілі (у лепшым выпадку аплачвалі таксі), таму што самі арганізатары зараблялі на вечарынках капейкі. Так, напрыклад, Дашы Пушкінай за выступы звычайна плацілі блізу 5 даляраў (уваход на вечарыну каштаваў каля 10). Аднак яна прызнаецца, што ў той час не задумвалася пра грошы, бо была падлеткам і жыла з бацькамі, то бок ня мела патрэбы ў прыбытках, а таксама была шчасьлівая ад таго, што нарэшце стала дыджэем: «Я заўсёды была далёкая ад грошай, нейкіх арганізацыйных момантаў, дзякуй Богу, тады мяне забясьпечвалі бацькі (яна стала выступаць зь 15 гадоў. — Заўв. аўт.), гэта цяпер я гэтым зарабляю на жыцьцё. А тады я была проста ўдзячная хлопцам (Яраку й Каню), што яны ўзялі мяне ў сваю каманду й ставяць мяне побач з сабой на вечарынках… Я гэта рабіла ня дзеля грошай, а таму што была цалкам утрапёная».

Па словах Ягора Куноўскага, іх промагрупа «Elektrokids» (паўстала ў 2002), як правіла, рэгулярна атрымлівала ня вельмі вялікі, але прыбытак, пры гэтым заўсёды плаціла музыкам.

Як адзначалася вышэй, электронныя музыкі пачалі зьяўляцца ў Менску толькі зь сярэдзіны 1990-х, таму першапачаткова клюбная культура была пераважна засяроджаная вакол дыджэяў, якія да таго ж часта выступалі арганізатарамі вечарынак, зьбіраючыся ў промагрупы. Так, Аляксей Кутузаў, пачаўшы дыджэіць і арганізоўваць вечарынкі ўжо ў 1991 годзе (з 14 гадоў) [4], у 1990-я зьмяніў некалькі промагрупаў: пасьля «F.U. Entertainment» разам з DJ Міцем і DJ Палёным ён арганізаваў Intensive music club, потым разам з Графам яны заснавалі прома-групу «Vacuum Centre», а потым у 1998-м пачала дзейнасць Liveground Sound System, у якую ўваходзілі 10 чалавек з розных сфэраў дзейнасьці (дыджэі, музыканты, дызайнэры) і якая займалася digital hardcore, drum’n’bass, techno, electro, breakbeat, downtempo, ambient, IDM. Першым «жывым» электронным калектывам, які выступаў на вечарыне разам з дыджэямі ў 1996 годзе, быў «Safety Matches» (пазьней распаўся на «Energun 22» і «Канструктар»). Пасьля такая практыка стала адносна рэгулярнай.

img038

DJ I.F.U. (Аляксей Кутузаў) 1998. З архіву А. Кутузава

Аднак на стыку 1990-х і 2000-х узрасла колькасьць клюбаў і вечарынак, якія не былі зацікаўленыя у запрашэньні музыкаў. Музыканты сталі арганізоўваць мерапрыемствы самі. «Пачалося з таго што мы зь Дзянісам Карабковым сталі пісаць музыку (для праекту “Dreamlin”. Заўв. аўт.), і калі мы напісалі ўжо дастаткова, каб спрабаваць выступаць, аказалася, што менавіта ў гэты момант ніхто больш ня робіць вечарынак з музыкамі», — распавядае Ягор Куноўскі.

Тады, як успамінае Ягор, у 2002 годзе ў Менск прыехаў Сяргей Прасаловіч (які мае дачыненьне да руху 1990-х і пераехаў у Швэцыю) і сабраў музыкаў з 1990-х і 2000-х у межах адной вечарынкі «Elka.Minsk.2002». Гэта дало штуршок новай хвалі электроннай музыкі. У прыватнасьці, там пазнаёміліся будучыя члены «Electrokids»: Віталь Пушчын (T-Trider), Антон Макаранка (Мурзілка), Ягор Куноўскі, Наташа Empty — у асноўным займаліся брэйк-бітам, драм-н-бейсам, idm, electro і чылаўтам. Іншымі значнымі промагрупамі «нулявых» былі «Euthanasia», якая працуе з тэхна, трансам і хард-корам; «Discoteq»; «TLH» (Techno Live Here), якія таксама займаюцца тэхна; працягвалі дзейнасьць і групы 1990-х — «Liveground Sound System» і «Oxidiser» (тэхна і хаўс).

Групы праводзілі як рэгулярныя вечарынкі на некалькіх танцпляцах, так і вялікія фэстывалі й оўпэн-эйры на 1000 чалавек.

У прыватнасьці, «Electrokids» ладзілі фэстываль «Сыстэма электроннага вар’яцтва» (СЭБ). Першапачаткова на іхніх мерапрыемствах ігралі толькі «жывыя» музыкі, але вечарыны адбываліся ўсё часьцей, і аўтарскага матэрыялу стала не хапаць, таму музыкі пачалі дыджэіць. Дзейнасьць «Electrokids» разьвівалася хутка, і, па словах Ягора Куноўскага, у нейкі момант на іхныя вечарынкі стаў прыходзіць практычна «ўвесь горад». Таксама неўзабаве яны наладзілі сувязь з музыкамі й прамоўтэрамі ў іншых буйных гарадах. Тым ня менш гэта не было бізнэсам — хутчэй, ініцыятывай групы таварышаў, таму яны не прывозілі камэрцыйных выканаўцаў, а таксама збольшага таму група спыніла актыўную дзейнасьць: калі сябры пасталелі й пачалі працаваць альбо стварылі сем’і, надаваць столькі часу хобі ўжо не было магчымасьці. Цікава, што, па словах Аляксея Кутузава, які, акрамя дыджэінгу, быў адным зь першых, хто стаў сыстэматычна займацца арганізацыяй вечарынак у складзе розных промагруп, штуршком для пачатку такой дзейнасьці таксама паслужыла ўсьведамленьне таго, што, апрача яго й ягоных паплечнікаў, «ніхто ў гэтым горадзе такую музыку не сыграе».

Працяг будзе.

Вольга Сасноўская

[1] Noys В. Dance and Die: Obsolescence and Embedded Aesthetics of Acceleration.

[2] Цяпер нябожчык DJ Клаўс, які сябраваў зь вядомым піцерскім прадусарам Іванам Салмаксавым, Аляксандар Лісіца (які прывёз кампакт-дыскі для вечарынкі з Ізраіля) і Айрат Хузін, да якіх далучыліся Аляксандар Манешын і Саша Кролік.

[3] Хоць у 1995 годзе Аляксей Кутузаў і DJ Ярык сабралі гэтыя розныя музычныя тусоўкі ў межах адной вечарыны ў тэатры «Вольная Сцэна»: спачатку быў спэктакаль, пасьля канцэрт «The R.A.F. Golf Club», «Drum XTC» і Валіка Грышко, затым электронны праект Графа «66 Beats Against The Human» й, нарэшце, дыджэй-сэт «DJ I.F.U.» на ўсю ноч.

[4] Спачатку ён круціў бабіны па запрашэньні сябра сястры на дыскатэцы ў ДК Чыгуначнікаў, а пасьля сумесна адкрыў клюб у ДК прафтэхадукацыі «Юнацтва» на вуліцы Фабрыцыўса (па яго словах, зарабляючы пры гэтым даволі шмат), дзе ён ставіў толькі замежную, у тым ліку андэрграўндную, музыку, таму ягоная дыскатэка прыкметна вылучалася сярод іншых.

На вокладцы: DJ I.F.U. (Аляксей Кутузаў), DJ Митя и DJ Палёный. Альтэрнатыўны тэатр 1993. З архіву А. Кутузава

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology