Re1ikt выпусцiў альбом пра адметнасцi беларусаў

Мінскі фолк-рок-гурт Re1ikt прэзентуе новы альбом «Kufar».

Рэліз адбыўся роўна праз год пасля выхаду дыска «Лекавыя травы», прызнанага беларускімі экспертамі найлепшым рок-альбомам 2015 года. Ён запісваўся ў польскай Studio-X вядомага гукарэжысёра і саўндпрадзюсара Марціна Кілбашэўскага ў Ольштыне і атрымаўся такім жа лірычным і атмасферным.

re1ikt_photo

«Мы сабралі ўсё тое каштоўнае, чым могуць ганарыцца беларусы: нашы традыцыі, наша прырода, наша культура, нашы перамогі, наша ўменне сябраваць і рабіць добрыя справы талакой», — распавядае пра канцэпцыю новага альбома Алесь Дземідзенка.

У «Kufar» патрапілі «Дробненькі дожджык» са зборніка «Песні Матчыны з Вушаччыны» — песня, якую напявала маці Рыгора Барадуліна, вясельная «Сваточкі», запісаная музыкамі ад Марыі Сямёнаўны Амос ў вёсцы Халопенічы Крупскага раёна, аўтарскія творы, натхнёныя роднымі краявідамі. Акрамя таго, у альбом увайшоў сапраўдны стадыённы хіт «Разам!» — гімн, створаны музыкамі Re1ikt для футбольнага клуба «Крумкачы», першае жывое выкананне якога адзначылася сенсацыйнай перамогай маладой каманды над мінскім «Дынама».

На дыску ёсць і два цікавыя дуэты: з саксафаністам Паўлам Аракелянам («Крамбамбуля», Лявон Вольскі) гурт запісаў джаз-рокавую кампазіцыю «Толькі снег» на лірычны верш Янкі Купалы, які паэт прысвяціў жонцы, а з Сяржуком Доўгушавым (Vuraj) — народную песню «Вэлытай» з беларускага Палесся.

Грошы на выданні альбома «Kufar» былі сабраныя ў выніку краудфандынгавай кампаніі, у якой паўдзельнічалі больш за 80 чалавек з розных краін свету: Беларусі, Польшчы, Сербіі, Канады, ЗША. Сума ахвяраванняў склала 2 453 рублі. Гэтых сродкаў хапіла не толькі на тое, каб выпусціць дыск, але і прафінансаваць здымкі кліпа да песні «Дробненькі дожджык», які ўдзельнікі Re1ikt абяцаюць прэзентваць публіцы ў хуткім часе.

Прэзентацыя альбома «Kufar» адбудзецца ў сталічным клубе «Бруге» 10 снежня. Музыкі рыхтуюць вялікі сольны канцэрт з удзелам цікавыя гасцей і, вядома ж, сюрпрызамі.

Re1ikt — гурт, які працуе ў напрамку world music, cпалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. У кампазіцыях каманды знітаваліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology