УЗЛЁТ І ПАДЗЕННЕ КАЛГАСНІЦЫ

АД НІКІ САМАФРАКІЙСКАЙ ДА «ДЗЕВУШКІ Ў РЫСТАРАНЕ»

You can take a girl out of Louisiana,
but you can’t take Louisiana out of a girl.
(амерыканская прыказка)

Гісторыя вобраза калгасніцы – гэта пранізлівая драма з мудрагелістымі сюжэтнымі лініямі і таямніцай пераўвасаблення, і чытач проста з моста наўрад ці паверыць, што ў канве аднаго сюжэта тут, быццам выпадковыя спадарожніцы ў цягніку далёкага накіравання, побач апынаюцца Ніка Самафракійская, Вера Мухіна, «калгасніца маладая» Янкі Купалы і «дзевушка ў рыстаране» Веры Бурлак. Тым не менш гэта так.

КРЫЛЫ КАЛГАСНІЦЫ

У далёкім 1863 годзе французскі археолаг Шарль Шампузо, які толькі вярнуўся з грэчаскай экспедыцыі ў Парыж з больш чым дзвюма сотнямі фрагментаў мармуровай скульптуры безгаловай і бязрукай жанчыны, наўрад ці мог уявіць, што ў зусім іншай краіне і з зусім іншай нагоды яна стане адным з сімвалаў, якія ўвасабляюць «гаспадароў савецкай зямлі – працоўнага класа і калгаснага сялянства». Галавы ў багіні перамогі Нікі не было, але затое ў ніштаватым стане захавалася іншая «частка цела» – крылы. Менавіта яны – у спалучэнні з трапяткімі фалдамі даўгога ўбрання – падкрэслівалі рашучы імпэт Нікі: наперад, у будучыню, на бой з любымі стыхіямі і ворагамі.

Пад уражаннем ад сустрэчы з Нікай Самафракійскай, усталяванай на верхняй пляцоўцы мармуровай лесвіцы Дару ў Луўры, Арыядна Эфрон, дачка паэткі Марыны Цвятаевай, калісьці напісала: «Лесвіца гэтая… была цудоўная сама па сабе, але галоўным яе цудам было тое, што яна ўся, ва ўсёй ладнасці і зграбнасці свайго пад’ёму, ва ўсім святочным, яркім чаргаванні святла і ценю на паліраваных плоскасцях яе прыступак служыла адно п’едэсталам для фігуры, якая стаяла на верхняй пляцоўцы. Тое была статуя Самафракійскай перамогі… Перамога гэтая была настолькі вялізная, што лёгка было, адно ўсвядоміўшы яе падножжа – з каменных блокаў складзены нос карабля-трырэмы, – абмінуць яго, так і не зірнуўшы ўверх. Абезгалоўленая і бязрукая, груба знявечаная хрысціянскім варварствам, абабітая і вышчарбленая тысячагоддзямі, што прайшлі па ёй, радасная багіня спынілася падчас бегу, каб пратрубіць перамогу, і трыста год да нашай эры адбушавалы вецер агарнуў яе юнае, пераможнае цела фалдамі адзежы, вільготнай і пацяжэлай ад пырскаў прыбою, затрымцеў у яе шырока і моцна раскінутых крылах, шаршуючы іх мармуровыя пёры…» [1].

Моцна ўразіла Ніка, вядома, не толькі нашчадка зоркі Срэбнага веку. Амаль праз шэсцьдзесят год натхненне на стварэнне «эталона савецкага рэалізму» знойдзе ў феміністычнай постаці багіні Перамогі архітэктар Барыс Іафан, адзін з вядучых прадстаўнікоў сталінскай архітэктуры, аўтар неажыццёўленага праекта Палаца Саветаў і ажыццёўленых – павільёнаў СССР на Сусветных выставах у Парыжы (1937) і Нью-Ёрку (1939). Павільён на Сусветнай выставе ў 1937 годзе і стане месцам нараджэння першага эпізоду ў эпапеі ўзлёту і падзення калгасніцы – менавіта там публіка ўпершыню ўбачыць яе ў плоці і крыві. Задуму Іафана ўвасобіць у выглядзе манументальнай кампазіцыі рабочага і яго нязменнай спадарожніцы скульптарка Вера Мухіна.

«Эталон сацыялістычнага рэалізму» будзе пазней дэмантаваны і перавезены ў Маскву, дзе на доўгія гады займее прапіску на пастаменце перад Галоўным (цяпер – Паўночным) уваходам ВДНГ.
Злева: Ніка Самафракійская; справа: скульптура Веры Мухінай «Рабочы і калгасніца» open source

Злева: Ніка Самафракійская; справа: скульптура Веры Мухінай «Рабочы і калгасніца» open source

Жаночая постаць у скульптурнай кампазіцыі з хроманікелевай сталі даволі выразна перадае канатацыі, якія за савецкім часам былі неадрыўна звязаныя з вобразам калгасніцы. Гэтае слова ўжывалі для нейтральнага апісання жанчыны вёскі, што ўступіла нароўні з іншымі вясковымі жыхарамі ў калгас – калектыўную гаспадарку, ствараную ў СССР з 1918 года для сельскагаспадарчай вытворчай кааперацыі, пры якой сродкі вытворчасці (напрыклад, зямля, быдла, зерне) былі ў агульнай уласнасці [3]. Пры аналізе візуальнага рашэння помніка «Рабочы і калгасніца» ўвідавочніваецца, што акцэнт у прадстаўленні постацей мужчыны і жанчыны рабіўся менавіта на вытворчы складнік іх дзейнасці, то-бок працу. Над галовамі яны высока трымаюць услаўляльную зброю – молат і серп, што, як вядома, адначасова з’яўляліся і эмблемай Краіны Саветаў. Паставы фігур скіроўваюць гледача да думкі пра роўнасць гэтых дзвюх сфер, хоць паднятая рука мужчыны і вышэй за жаночую, серп уздымаецца вышэй за молат.

Сялянства і працоўны клас ідуць поплеч, і крылатыя калгасніцы гэтак жа важныя для будаўніцтва і росквіту сацыялізму, як і рабочыя.

СІЛА ЁСЦЬ – А ПРА РОЗУМ ПОТЫМ ПАГАВОРЫМ…

Знакавымі для разумення ролі і стаўлення да калгасніц у савецкія часы з’яўляюцца выступы Іосіфа Сталіна, які агучваў на ўвесь Саюз палітыку партыі, што, як вядома, задавала тон і стаўленню да той ці іншай сацыяльнай групы. Напрыклад, на Першым Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў-ударнікаў у лютым 1933-га Сталіным было асобна паднятае «жаночае пытанне». «Жаночае пытанне ў калгасах – вялікае пытанне, таварышы. Я ведаю, што шматлікія з вас недаацэньваюць жанчын і нават пасмейваюцца з іх. Але гэта памылка, таварышы, сур’ёзная памылка. […] Жанчыны ў калгасах – вялікая сіла. Трымаць гэтую сілу пад спудам, значыць дапусціць злачынства. Наш абавязак у тым, каб высоўваць наперад жанчын у калгасах і пусціць гэтую сілу ў справу».

Тэзіс правадыра пра сілу жанчын і іх працоўную роўнасць быў адразу падхоплены грамадскасцю і адлюстраваны ў якасці яркага лозунга, які з 1930-х можна часта сустрэць на савецкіх агітацыйных плакатах.

Сіла жанчыны як яе асноўная рыса з 1930-х у розных варыяцыях будзе неаднаразова прысутнічаць на шматлікіх плакатах. Савецкая калгасніца на іх адлюстроўваецца практычна пазбаўленай гендарных прыкмет. Як і браты-мужчыны, яна моцная, зграбная і, як сказалі б сёння, «накачаная». Дастаткова задумацца, колькі сілы трэба мець, каб адной рукой падняць поўнае вядро малака, а вось на плакаце 1950 года Барыса Аляксандравіча Зяленскага даярка калгаса імя Тэльмана Раменскага раёна Маскоўскай вобласці, герой сацыялістычнай працы Аляксандра Ананьева, здаецца, робіць гэта без асаблівых высілкаў, заклікаючы сваім прыкладам павысіць надоі ад фуражнай каровы. Такое нават сёння пад сілу хіба цяжкавагавіку, які карпатліва працуе над сваім целам.

Плакаты з выявай калгасніцы, 1930-я opensource

Плакаты з выявай калгасніцы, 1930-я opensource

Услаўленне працы калгасніц можна сустрэць і пры аналізе беларускага кантэксту перыяду савецкіх гадоў. Напрыклад, у Янкі Купалы ёсць яркі верш «Я – калгасніца…», якому не патрэбныя інтэрпрэтацыі: поле паказваецца як прыярытэтная (калі не адзіная) сфера самарэалізацыі жанчыны:

Я — калгасніца
Маладая,
Жыву весела,
Ані дбаю.

Мае дзетачкі
Позна-рана
I накормлены,
I прыбраны.
Сваю Настачку —
Дзіцё тое —
Нясу ў яслі я
Раніцою. А Данілачка
Важным хлопцам
Рады бегае
На пляцоўцы.
А як выйду я —
Іхня маці —
Ды калгаснае
Жыта жаці, —
Густа сцелюцца
Услед снапочкі.
Пяю песенькі
Аж да ночкі.

З верша Янкі Купалы бачна, што сям’я – на тле калгаснага поля – адыходзіць у жыцці савецкай жанчыны на другі план. Дзеці аддадзеныя міфічным «яслям» і «пляцоўцы», а праца на карысць калгаса займае ў жанчыны час «аж на ночкі». Візуальны бок, выяўлены плакатамі савецкай эпохі, пацвярджае: даміноўны локус калгасніцы – сапраўды поле, птушнік ці кароўнік.

Плакаты з выявай калгасніцы, 1950 opensource

Плакаты з выявай калгасніцы, 1950 opensource

Дык што ж адбылося з часоў росквіту СССР, што пераўтварыла канатацыі слова «калгасніца», якія ўсхвалялі яе вітальную сілу, трываласць і энергію, а таксама роўнасць у правах з рабочымі мужчынамі, у фактычна прыніжальнае азначэнне? Ужо ў 1990-х «калгасніцамі» пачынаюць называць неадукаваных, безгустоўна апранутых дзяўчат і жанчын з вёсак, што вульгарна выпінаюць сваю жаноцкасць, імкнучыся часта не да стваральнай працы на карысць радзімы, а да матэрыяльнага дабрабыту, дасяжнага пасля пераезду ў горад і шлюбу з забяспечаным мужчынам-гараджанінам, што, у сваю чаргу, дазволіць ім займець больш высокі сацыяльны статус.

Горад учорашніх калгаснікаў і калгасніц сапраўды вабіў. Прычым даўно. Яшчэ ў канцы 1920-х беларуская паэтка Акіліна Мялешкіна ў вершы «Вясна» марыла:

Сэрца бадзёрыць юнацкі мой май
І вабіць п’яняючай ласкай.
Колькі не смейся, о, поле! выбачай —
Больш горад заве сваёй казкай.

І мара гераінь, кшталту дзяўчыны, чый голас мы чуем у «Вясне», пра пераезд атрымае ўсе шанцы на ўвасабленне ў другой палове ХХ стагоддзя. Гэтыя шанцы калгаснікам і калгасніцам дасць сама дзяржава. Вясковых жыхароў пачнуць актыўна запрашаць на забудову і засяленне разбураных пасля вайны гарадоў, выдаваць жытло і гіганцкія льготы на вучобу ў вышэйшых, нават вельмі прэстыжных навучальных установах. Як адзначае беларускі палітолаг, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Валер Карбалевіч, прывілеяваныя ўмовы паступлення ў ВНУ для абітурыентаў з вёскі ўяўляюць з сябе частку палітыкі, якую можна назваць выключна згубнай для будучыні краіны. Цуду ў стылі Элізы, што засвоіла пад кіраўніцтвам прафесара Хігінса і слушную, «каралеўскую» версію ангельскай мовы, і манеры прадстаўнікоў адукаванага класа, у Беларусі не адбудзецца – дастаткова параўнаць прахадныя балы некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў. Колькі гадоў на некаторыя спецыяльнасці проста «бяруць усіх»?

У артыкуле «Адукацыя ці адукацыйшчына?» Валер Карбалевіч дае сваё тлумачэнне спецыфікі беларускай сітуацыі ў пытанні ўзаемаадносінаў горада і вёскі: «Паколькі ўзровень падрыхтоўкі вясковых вучняў ніжэйшы, чым гарадскіх, то прэзідэнт запатрабаваў стварыць ім прывілеяваныя ўмовы як пры паступленні ў ВНУ (прычым на найбольш прэстыжныя спецыяльнасці), так і на перыяд навучання. Гэты новы курс Лукашэнка абгрунтаваў палітычнай неабходнасцю: “Сённяшнія выхадцы з вёскі – гэта будучая эліта нашага грамадства… таму дзяржава будзе рабіць стаўку менавіта на вясковую моладзь”. Узнікаюць натуральныя пытанні: чаму людзі з больш слабой агульнаадукацыйнай падрыхтоўкай, якім неабходна ствараць аблегчаныя ўмовы на перыяд вучобы ў ВНУ, – гэта будучая эліта? Чаму дзяржава будзе рабіць стаўку не на самых таленавітых і прасунутых, а на слабых ільготнікаў? […] Даюцца льготы вясковым выпускнікам за кошт гарадской моладзі не толькі пры паступленні ў ВНУ, але і пры прасоўванні ў эліту. Галоўным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі абвешчана “выратаванне сяла”» [6].

Аднак ці хоча, ды, што яшчэ істотней, ці можа гэтае самае калгаснае сяло «ратавацца»? Ці хапае ў яго інтэлектуальных рэсурсаў, каб жыць горадам не толькі вонкава (спрабуючы пераймаць модныя тэндэнцыі «прыгажосці і стылю»), але і ўнутрана, рэканструюючы парадыгму каштоўнасцяў і каштоўнасных арыентацый. Або тыя апынаюцца пахаванымі пад тоўстым слоем касметыкі і леапардавымі топамі – неабходнай баявой размалёўкай для прываблівання менскай прапіскі?

Адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў з’яўленні цэлай хвалі «антыкалгаснага» культурніцкага руху, які захліснуў Беларусь у канцы 1990-х.

Мастакі, пісьменнікі і паэты высмейвалі «ўжо не веснякоў, але яшчэ не гараджан», якія шуганулі на дадзены зверху зялёны маячок скараць сталіцу. І самы ў гэтым сэнсе, бадай, яркі і доўгатэраміновы праект – творчы калектыў мастака Аляксея Хацкевіча і музыканта Сяргея Міхалка «Саша і Сірожа», чый спектр дзейнасці быў даволі шырокі і за 9 год свайго існавання прыдбаў вялізную масу прыхільнікаў. Персанажы Сашы і Сірожы імітавалі лінгвістычныя асаблівасці маўлення прыехалых у горад «калгаснікаў» (сумесь ужо не беларускай, але яшчэ не рускай мовы), імправізавалі дыялогі сяброў -«калдыроў», здзіўленых сталічнымі цудамі, іранізавалі над іх звычкамі, вялі сваю перадачу на тэлебачанні і нават запісалі два альбомы («Ска-ты!», 2005 і «Опера для ленивых», 2003) [7].

Тым не менш у якасці фінальнага акорда трансфармацыі вобраза калгасніцы хацелася б прывесці іншы твор беларускага аўтарства – верш паэткі Веры Бурлак, у якім як мага больш красамоўна выяўлены архетып беларускай калгасніцы-мінчанкі і яе невыкараняльных жыццёвых прыярытэтаў.

Отведитя миня в ристаран.
Чесно слово, я много не съем.
Покладу я всё лишнее взад,
А быть может, не буду совсем.
Посадите миня за столом
И меню мине дайте в руку.
Я ж красивая с этим минём,
Положимши ногу на ногу.
Пусть ко мне подойдёт офицант.
«Что вам, девушка?» – «Мне? Ничаво».
На туфле моей красненький бант.
Что за дело мине до яво?
Мне ж, по тайне признаюсь я вам,
Красоту свою некуда деть.
Отведитя миня в ристаран,
Чтоб людям на миня поглядеть.

Вольга Бубіч

1 – http://www.manwb.ru/articles/arte/architecture/nika/

2 – https://ru.wikipedia.org/wiki/Рабочий_и_колхозница

3 – https://ru.wikipedia.org/wiki/Колхоз

4 – https://www.marxists.org/russkij/stalin/t13/t13_39.htm

5 – Наталья Лебенина «Мужчина и женщина: тело, мода, культура. СССР – оттепель». Из серии «Библиотека журнала «Теория моды»

6 – http://old.sn-plus.com/!_old-site_!/arhive/march/1/str/1-02.htm

7 – https://ru.wikipedia.org/wiki/Саша_и_Сирожа

7 – http://prajdzisvet.org/articles/critique/belaruskaya-zhanochaya-paeziya-mizhvaennaga-peryiyadu-i-farmavanne-novaj-zhanchyinyi.html

На вокладцы: з плаката да выставы «Калгас. Лактоз. Осмас» (ЦЭХ), аўтарка Аляксандра Каль

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology