РЭШТКАВЫЯ ВЫЯВЫ ГІСТОРЫІ

Ці вучымся мы на гісторыі або мінулым? Як працуюць механізмы чалавечае памяці? Гэтыя пытанні сёння актуальныя ў даследаваннях гісторыкаў і па-ранейшаму ўтрымліваюць увагу мастакоў, у тым ліку кінематаграфістаў.

На ХХІІІ Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» мне, як і шматлікім гледачам, адкрылася магчымасць паглыбіцца ў «гістарычныя гісторыі», якія ўздымалі збольшага агульную тэму – што такое прырода чалавека і як трансфармуюцца падзеі мінулага з цягам часу.

austerlitz_2

«Аўстэрліц» Сяргея Лазніцы

«Аўстэрліц» Сяргея Лазніцы задаў рытм майму «гістарычнаму» кінатыдню. 94 хвіліны дакументальнай стужкі, чорна-белай, што само па сабе набліжае да хронік часоў Другой сусветнай. На экране натоўпы людзей – з цікаўнасцю і дзелавітасцю аглядаюць былы канцэнтрацыйны лагер «Заксенхаўзен». Яны праходзяць пад надпісам «Arbeit macht frei» бадзёрымі крокамі – мужчынскімі, жаночымі, старэчымі, дзіцячымі. Экскурсіі з «пацешнымі фоткамі», фота і сэлфі, адпачынак з бутэрбродамі – там, дзе паветра і зямля ўжо набылі новую якасць. Гэтае месца – сімвал страты людзьмі чалавечнасці – затаптана мільёнамі ног, павольна ператвараецца ў атракцыён, свайго кшталту «Jurassic Park» (надпіс на майцы аднаго з «турыстаў» канцлагера).

У стужцы «Аўстэрліц» мы не бачым, што менавіта разглядаюць і фатаграфуюць людзі, камера здымае тое, што адбываецца «тут і цяпер», а яны спрабуюць убачыць «там і тады». Але наколькі гэта ўдаецца сучаснаму чалавеку? Ці ёсць на тэрыторыі мемарыяла тыя аб’екты, якія варта разглядаць так уважліва і фатаграфаваць «на памяць»? Ці так істотны вонкавы выгляд камеры, матэрыял печаў крэматорыя? Узнікае яшчэ адно пытанне – наколькі падобныя мемарыялы і выставы, скрупулёзна сабраныя гісторыкамі, здольныя перадаць тое, дзеля чаго былі створаныя, і ці дастаткова адно гістарычных фактаў і сведчанняў або ў такой працы неабходны ўдзел мастакоў – каб выявіць і паказаць нябачнае.

У праграме «Кіно перамен» арганізатары (польскі партал пра культуру culture.pl, Інстытут Адама Міцкевіча, кінафестываль «Лістапад») прадставілі «Месца нараджэння» польскага рэжысёра Паўла Лазіньскага; гэтая дакументальная карціна нарабіла шуму яшчэ ў 1992 годзе. Мінчукі першыя ўбачылі кінастужку пасля рэмастэрынгу. Фільм пра тое, як польскі пісьменнік габрэйскага паходжання Генрых Грынберг вярнуўся ў Польшчу, каб уведаць гісторыю гібелі свайго бацькі і двухгадовага брата. Бацьку забіў польскі селянін, які не збіраўся пасля вайны аддаваць «габрэйскіх» кароў, узятых на час, а дзіця было расстралянае, бо ў вёсцы, з возіркам на суседзяў, збаяліся даць прытулак «харошанькаму жыдочку» і аддалі яго ў жандармерыю…

Павел Лазіньскі расказаў: «Тэма польска-габрэйскіх адносінаў мяне ўвесь час пераследавала. Чытаючы Грынберга, я падумаў: а што калі б пісьменнік прыляцеў у Польшчу і даведаўся больш, чым ён ведае і апісаў у сваёй кнізе? Перад здымкамі я ездзіў па вёсках і шукаў сведкаў тых падзей. Тады яшчэ быў такі час, калі людзі не толькі адкрывалі дзверы свайго дома, але і свае сэрцы… Дзіўна тое, што яны ўсё памяталі! Быццам усе гэтыя гады людзі проста чакалі мяне з маімі пытаннямі, каб нарэшце расказаць тое, што ведалі і адчувалі… Я думаю, так сталася, таму што ў людзей было пачуццё калектыўнай, агульнай віны за тое, што здарылася. Вядома, былі і тыя, хто не хацеў гаварыць. Калі я паказваў гэтую стужку ў 1992 годзе на фестывалі ў Кракаве, ніхто не мог паверыць у тое, што такое сапраўды калісьці адбылося… Але, думаю, тады палякі проста не былі гатовыя прыняць такую гісторыю».

Разам з тым цяпер тэма няпростых габрэйска-польскіх адносінаў абмяркоўваецца ў Польшчы вельмі шырока і ў кінематографе, і ў літаратуры. Нядаўна з’явіліся фільмы «Іда», рэж. Павел Паўлікоўскі, 2013, «Каласкі», рэж. Уладзіслаў Пасікоўскі, 2012.

Да слова, шматлікія дыялогі ў гэтых мастацкіх карцінах былі працытаваныя з «Месца нараджэння», а Павел Лазіньскі застаецца першым рэжысёрам незалежнай Польшчы, які ўзняў тэму адказнасці за гібель габрэяў не толькі немцаў, але і палякаў. Сапраўдная дыскусія ў польскім грамадстве, па словах Лазіньскага, пачалася пасля дакументальнай стужкі Агнешкі Арнальд «Суседзі» (пра масавыя забойствы палякамі габрэяў у Ядвабнэ), калі грамадства пераканалася, што выпадкі забойстваў не былі адзінкавыя.

Павел Лазіньскі: «Як сказаў адзін з герояў майго фільма, ёсць добрыя людзі, а ёсць кепскія. Але паміж імі – большасць, тыя людзі, якім усё роўна, яны абыякавыя. Я выслухаў шмат гісторый выратавання габрэйскіх сем’яў… Я прасіў адну пані: “Скажыце мне імёны тых, каго вы выратавалі, я напішу ў Яд-Вашэм, вы атрымаеце медаль Праведніка свету”. А яна мне адказала: “О, толькі не гэта, бо я дагэтуль іду ў краму, а мне ўслед кажуць, што я купляю свой хлеб за габрэйскія грошы…” Мой фільм – пра страх, найбольш баяцца тыя людзі, якія з’яўляюцца героямі, сёння яны жывуць у тым жа страху, у якім жылі і ў вайну. Праз год адзін з удзельнікаў фільма “Месца нараджэння” раптоўна памёр, я ведаю, яму пагражалі… Хоць і прайшло шмат гадоў – застаюцца таямніцы, якія, хутчэй за ўсё, ніколі так і не будуць раскрытыя».

«Допыт»

«Допыт» Эрэзы Пэры

Ізраільскі рэжысёр Эрэз Пэры пачынаў здымкі дакументальнага кіно па матывах успамінаў каменданта лагера смерці «Аўшвіц» Рудольфа Гёсэ. Але затым Пэры адмовіўся ад ідэі дакументальнага фільма і стварыў мастацкую стужку «Допыт», якую і прывёз на мінскі кінафестываль. Гэта гісторыя допыту Гёсэ польскім следчым Янам Сенем; рэжысёр выбудоўвае ланцужок умоў, якія прыводзяць нямецкага патрыёта, паслухмянага салдата, а затым афіцэра да паступовага расчалавечвання.

Эрэза Пэры зацікавіла тэма трансфармацыі чалавека ў ката. Рэжысёр прызнаецца: «Дзённік Гёсэ ўразіў мяне. У нас, у Ізраілі, толькі ахвяры гавораць пра вайну і Халакост, ізраільская сістэма адукацыі паказвае нацыстаў выключна як монстраў. Але сучасныя дзеці даўно не вераць у монстраў, і, магчыма, яны гэтак жа не ўпэўненыя, што нацысты існавалі… Камендант канцлагера, як высветлілася, быў проста чалавекам… Аднак менавіта ён, па-мойму, і ёсць галоўны сведка Халакосту».

Для аўтара фільма самым складаным было пазбавіцца ад залішняй відовішчнасці. Са словаў Пэры, давялося «забіць кіно ў кіно». Пачатковыя цітры «Допыту» ідуць на фрагментах экспрэсіянісцкага жывапісу. Рэжысёр расказаў пра гэты прыём: «Гэта жывапіс ізраільскага мастака Ёнатана Хіршфельда. Карціна называецца “Чалавек, які хацеў стаць богам, а стаў пачварай”. Яна паказвае, як выглядае міфалогія, што стаіць за любым таталітарным рэжымам. Таксама я выкарыстаў музыку Вагнера – “Змярканне багоў”. Я хацеў пачаць сваю стужку з чагосьці звязанага з міфалогіяй ХХ стагоддзя. Фільм дэканструюе гэтую міфалогію, паказваючы, кім былі людзі, якія стаялі за ёй: за вялікай міфалогіяй заўсёды стаялі маленькія людзі».

Ці можна казаць пра дабро і зло пасля Халакосту? Рэжысёр «Допыту» прапануе грамадству размову пра крызіс маральнасці ў ХХ і ХХІ стагоддзях. Як паводзяцца людзі ва ўмовах неабходнасці маральнага выбару?

Пэры адзначыў: «Пасля гэтага фільма я стаў яшчэ больш песімістычным. Я не ведаю, што можа стаць супрацьяддзем для людзей. Праблема ў тым, што мы – частка сістэмы. Здавалася б, мусіў адбыцца вялізны скачок чалавецтва наперад дзякуючы навуцы, але замест гэтага мы робім нашае стагоддзе стагоддзем распрацоўкі тэхналогій для забойства. Што пайшло не так? Людзі цяпер намёртва ўбудаваныя ў нейкія структуры і жывуць па прынцыпе “найменшага зла”, проста выжываючы ў прапанаваных рамках. Мы можам казаць пра недахопы сістэмы – але не вольныя вызваліцца ад яе, мы па-ранейшаму “нібы свабодныя”. Прыкра, што мы так і не вынеслі ніякіх урокаў з гісторыі і паўтараем мінулыя памылкі. Абставіны мяняюцца, але праблемы застаюцца тымі ж».

На першай па ліку Еўрапейскай канферэнцыі, прысвечанай вывучэнню культуры памяці, якая адбылася ў Варшаве ў кастрычніку, гісторыкі і журналісты з Польшчы, Германіі, Беларусі, Украіны і Расіі абмяркоўвалі, якія «белыя плямы» застаюцца сёння ў гісторыі, ці вучымся мы на памылках мінулага. Трэба сказаць, гістарычны багаж у краін не аднолькавы: у кагосьці ашчадна і акуратна раскладзены па чамаданах, а ў кагосьці сарамліва звязаны ў клункі, каб незнарок не паказаць лішняга, каб развязаць было няпроста.

Прафесар паліталогіі Рэйнска-Вестфальскага ўніверсітэта Ахена Гельмут Кёніг адзначае: «Калі мы гаворым пра памяць, то заўсёды прывязваемся да нейкіх аб’ектаў, імі могуць быць тэкст або візуальны аб’ект – помнік, карціна, фільм або іншы твор мастацтва. Так, помнік паўстанню ў Варшаўскім гета, напрыклад, і знакаміты фотаздымак, дзе мы бачым укленчанага Уілі Бранта, першапачаткова з’явіліся, каб адлюстраваць нейкі жэст і помную падзею, аднак ужо доўгія гады яны ўспрымаюцца як сімвалы, іканаграфія і іканалогія пэўнай падзеі.

Увогуле такія абстрактныя паняткі, як гісторыя або памяць, вымагаюць канкрэтных аб’ектаў, якія дапамагаюць ім візуалізавацца і такім чынам захоўвацца ў грамадстве. І гэты працэс стварэння візуальнай калектыўнай памяці працягваецца».
"Powidoki" rez. Andrzej Wajda Fot. Anna Wloch www.annawloch.com

Powidoki / rez. Andrzej Wajda Fot. Anna Wloch
www.annawloch.com

Ну а кінафестываль «Лістапад» завяршыўся стужкай Анджэя Вайды «Powidoki» («Рэшткавыя выявы»). Гэта фільм пра польскага і беларускага мастака-авангардыста, народжанага ў Мінску, Уладзіслава Стшэміньскага, які змагаўся супраць палітыкі і цэнзуры ў мастацтве, і ў выніку камуністычная сістэма знішчыла яго фізічна. Гэты чалавек не пагаджаецца на кампрамісы і верны сабе і сваім прынцыпам: ужо ў пачатку фільма ён робіць дзірку ў чырвоным транспаранце, таму што мастаку неабходнае натуральнае асвятленне. У стужцы Анджэя Вайды Стшэміньскі апошні і канчатковы раз падае ў вітрыне з манекенамі-недачалавекамі, якім ён не ў змозе даць рады. У «Тэорыі бачання» Стшэміньскага ёсць панятак «паслявобраза» ўбачанага, гэта той рэшткавы вобраз, які яшчэ пэўны час стаіць у вачах, калі чалавек пераводзіць позірк на іншы прадмет.

Што ж трэба сёння, каб праявіліся «паслявобразы» мінулай савецкай эпохі ў калектыўнай памяці беларусаў, каб падзеі гісторыі перайшлі з сямейнай і забароненай таямніцы ў шэраг асэнсаваных фактаў мінулага?

Алла Шарко

Фотаздымкі прадастаўленыя прэс-службай Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад»

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology