Гарачыя спартыўныя дакументалкі пакажуць у Мінску у межах Northern Lights Sport Doc

Дакументальныя фільмы пра цуд ісландскага футболу, імігрантаў на каньках і бокс як лекавы сродак пакажуць у Мінску з 15 па 17 снежня ў межах пазафестывальнай праграмы фестывалю кіно Паўночнаеўрапейскіх краін «Паўночнае ззянне».

Праграмай Sport Doc мы пачынаем серыю пазафестывальных паказаў фільмаў, якія мы не паспяваем паказаць пад час асноўнай праграмы фестывалю «Паўночнае ззянне» ў красавіку. У Sport Doc увайшлі тры яскравыя дакументальныя стужкі з Ісландыі, Фінляндыі і Швецыі.

15 снежня ў 19:00 праграма распачнецца паказам фільма «Тата любіць цябе» (рэж. Нінні Ракаса). Стужка прысвечаная фінскаму баксёру Юссі Койвула, які страціў бацькоў ва ўзросце 12 гадоў, а пазней брата і сястру. Толькі бокс дапамог яму вытрываць і зараз, праз 17 год кар’еры, траўма ставіць пад пытанне ўсе ягоныя дасягненні.

Юссі Койвула наведае Мінск 1 снежня у падтрымку праграмы. Ён правядзе трэніроўку і прадставіць фільм навучэнцам Школы алімпійскага рэзерву па боксе.

16 снежня ў 19:00 пачнецца паказ дакументальнага блакбастэру — фільма «Унутры вулкану — уздым ісландскага футболу» — пра каманду-сенсацыю Еўра-2016. Рэжысёр Саевар Гудмундсан пачаў здымкі, калі галоўнай мэтай ісландскай каманды было прайсці кваліфікацыю. Праз гэты фільм мы далучымся да каманды напачатку яе шляха і ўбачым нараджэнне легенды.

17 снежня ў 19:00 запрашаем вас не толькі натхніцца, але і добра пасмяяцца, бо ў гэты дзень завяршае праграму шведскі фільм «Мілыя людзі» (рэж. Карын аф Клiнтберг, Андэрс Хельгесан). У ім самалійскія бежанцы з легкай рукі журналіста Патрыка Андэрсана вучацца гуляць у хакей. Самалійцаў чакаюць 6 гарачых зімовых месяцаў падрыхтоўкі да чэмпіянату ў Сібыры, а нас — прыцягальнае відовішча цяжкай, камічнай і натхняльнай гісторыі пра чалавечнаць.

Усе паказы пройдуць на мове арыгіналу з беларускімі і/ці рускімі субтытрамі. Уваход на паказы па папярэдняй рэгістрацыі, або па бясплатным квітку, які можна ўзяць за гадзіну да паказу ў касе кінатэатра. Колькасць месцаў абмежаваная.

«Паўночнае ззянне» пашырае далягляды. 28-29 кастрычніка на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў мы правялі Northern Lights Doc Hub — двухдзённы варкшоп для беларускіх рэжысёраў-дакументалістаў, на якім яны спасцігалі тэхніку пітчынгу. А трэці фестываль «Паўночнае ззянне» пройдзе 20-23 красавіка 2017 года ў Мінску і Віцебску.

northern-lights-sport-doc


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology