Лекцыя ад Паўла Касцюкевіча і новыя кнігі Альгерда Бахарэвіча і Юлі Цімафеевай

18 снежня. Лекцыя «Бабароза выходзіць на сцяжыну вайны. Шляхаводнік па габрэйскім гумары»

…першы смех у гісторыі чалавецтва вырваўся з вуснаў прамацеры Сары, жонкі Абрагама, калі Ўсявышні паабяцаў ёй, што яна зацяжарыць у 89 гадоў… Што змянілася з тых часоў у габрэйскай гумарыстычнай галіне і хто ў сыноў Ізраіля смяецца апошнім?

18
Адказы на гэтыя пытанні будзем шукаць на лекцыі пісьменніка, перакладчыка ізраільскай літаратуры, аўтара сямейнай сагі «План Бабарозы» Паўла Касцюкевіча. Убачымся 18 снежня ў шматфункцыйнай арт-прасторы ВЕРХ (Куйбышава,22). Пачатак а 14-30.
У рамках фестывалю «Сіці Ханука» і з нагоды габрэйскага Дня Волі і Пончыкаў, Ханукі

19 снежня. Новыя кнігі Бахарэвіча і Цімафеевай у кнігарні Логвінаў

Тэатр ценяў у вершах і прозе. Прэзентацыя новай кнігі Альгерда Бахарэвіча «Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры» і новага зборніка вершаў Юлі Цімафеевай «Цырк». Гасьцямі імпрэзы, акрамя аўтараў:
паэт Андрэй Хадановіч,
выдавец Зміцер Колас,
рэдактарка і перакладчыца Алена Пятровіч,
паэт і музыка Уладзь Лянкевіч,
пісьменнік, мастак і выдавец Адам Глобус,
філосаф Валянцін Акудовіч.

19 снежня ў кнігарні ЛогвінаЎ (Незалежнасці 37а). Пачатак — 19.00. Уваход вольны.

19

Крыху пра кнігі. «Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры» — такую назву мае кніга Альгерда Бахарэвіча, прысвечаная францускай сталіцы. Па адной вокладкай: эсэ пра сляды белліту на парыжскіх вуліцах, разважанні пра беларуска-францускія культурныя пустоты, апавяданне пра магілу Нестара Махно і шмат іншага: фікшн і нон-фікшн, міфы і праўда, наш Парыж — і іхні Менск…

«Цырк» — другі зборнік вершаў Юлі Цімафеевай: старыя і новыя тэксты, у якіх сплялося ўсё тое балючае, асабістае, грамадзкае і прыватнае, бачнае і непрыкметнае, што хвалявала аўтарку цягам апошніх гадоў. На арэне ўнутранага цырку Юля Цімафеева працягвае назіраць за дрэсіроўшчыцай-мовай і яе ўладай над чалавекам, за клаўнадай беларускай сучаснасці, за акрабатыкай цялеснага і паэтычнага ў сабе.

Абедзьве кнігі напісаныя сёлета, пераважна ў Парыжы, дзе аўтар і аўтарка працавалі ў культурным цэнтры Centre International de Recollettes.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology