Карціна маслам: Naka раздасць інвестарам «Гульні ў праўду» душэўныя лоты

Гурт Naka Piano працуе над новым праектам «Гульня ў праўду», у межах якога будзе запісаны новы альбом і пройдзе яго прэзентацыя.

Узяць удзел у фінансаванні можа кожны на старонцы праекта на платформе Ulej. Cярод лотаў для інвестараў – абавязковы ў такім выпадку дыск, квіток на прэзентацыю і нават карціна маслам. Максімум душэўнасці замест формулы «тавар-грошы-тавар».

3_4_nakapiano_image02

За 12 год гісторыі Naka выпусціла 5 нумарных альбомаў: «Тебе», «Пора», «Довольна», «Малітва» і аднаймённы альбом праекта Naka Piano. Другі альбом аблегчанай, фартэпіяннай версіі гурта будзе болей артавым і эксперыментальным. У частцы кампазіцый усё ж прагучаць бубны, а прэзентацыя пройдзе ў выглядзе монаперфоманса.

Чаму «гульня» і чаму «ў праўду»? Праўда – гэта не ісціна. Ісціна нейтральна, а праўда штосці ці кагосці заўжды апраўдывае. Гэта агульнапрыняты тэрмін, які аберагае інтарэсы аднаго ці болей бакоў. Гульня ў праўду – гэта паддаўкі. Ланцужок рэфлексій удзельнікаў. У дадзеным выпадку – выканаўцы і гледача. Задача праўды – даваць адказы на пытанні. Тут галоўнае знайсці форму адказу, каб праўда засталася праўдай і не ператварылася на факт ці ісціну.

Монаспектакль. Тое, што набалела. Тое,што шукала форму для праяўлення цягам доўгага перыяду творчасці Naka і Naka Piano і зараз гатовае да крысталізацыі.

Тое, што было загублена, ці не было прамоўлена. Тое, што засталося і патрабуе выхаду навонкі. Замест радкоў складанага тэксту – яскравы монаперфоманс.

3_4_nakapiano_image11

Як? Разам са слухачамі-інвестарамі. Мастацтва мастацтвам, але музыкі, рэжысёр, дызайнер, асвятляльнік, гукарэжысёр, тэхнікі, машыністы, асістэнты і іншыя запатрабаваныя асобы не могуць жыць толькі святым духам.

Дзе? Вінны бар. Лёгкасць, нязмушанасць і распаволенасць вельмі важныя для атмасферы праекта. Вытанчанасць і чырвонае святло – абавязковыя часткі букету.

Калі? Вясной 2017 году.

Сачыце за навінамі праекта Vkontakte, Facebook, Instagram


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology