ТОП АРТ-ПАДЗЕЙ ПА ВЕРСІІ «pARTisan»

Гэтым годам мы адмовіліся ад фармата нашай традыцыйнай апытанкі і наўпрост суб’ектыўна ўзгадаем цікавыя і значныя арт-падзеі сыходзячага 2016 года. У каментарах можна працягваць, спіс абсалютна адкрыты.  

2016.03.31_ZBOR. Рух беларускага мастацтва_09

ZBOR. Рух беларускага мастацтва. Фота з архіву А. Дурэйкі

ZBOR У КІЕВЕ

З 31 сакавіка па 6 траўня ў Кіеве ў прасторы «ІЗАЛЯЦЫІ» адбылася выстава «ZBOR. Рух беларускага мастацтва» (куратары А. Дурэйка і М. Тымінько), якая ўпершыню паказала ва Украіне зрэз сучаснага беларускага мастацтва і з’явілася важнай падзеяй для разумення працэсаў, якія адбываліся ў беларускай культурнай прасторай апошнія 25 гадоў. Па версіі аўстрыйскага часопіса ViennaContamporaryMag, праект увайшоў у TOP-10 выстаў сучаснага мастацтва цэнтральнай і ўсходняй Еўропы.

«ПОБЕДА НАД СОЛНЦЕМ» РУСЛАНА ВАШКЕВІЧА Ў ВІЦЕБСКУ

У ноч з 21 на 22 чэрвеня ў Віцебску Руслан Вашкевіч паставіў свой варыянт нашумелай сто гадоў таму футурыстычнай оперы «Победа над солнцем». Мэта мастака заключалася не ў тым, каб рэканструяваць аднайменную оперу, а ў тым, каб задаць новы спосаб інтэрпрэтацыі праблем, адной з якіх з’яўляецца праблема оптыкі і зроку. «Победа над солнцем» − перамога над візуальнасцю, над бачаннем. Зрок у нейкім сэнсе не толькі фізіялагічная дадзенасць: не абавязкова ўмець бачыць, каб убачыць. Падрабязней на 34mag.

Фота 34mag.net

Фота 34mag.net

ПРАЕКТ QAI/BY КАРАЛЯ РАДЗІШЭЎСКАГА (ПОЛЬШЧА) У МІНСКУ

У супрацоўніцтве з Сяргеем Шабохіным і Аляксеем Лунёвым, а таксама Жаннай Гладко, Алесей Жыткевіч, Ігарам Саўчанкам, Аляксеем Навумчыкам. Куратарская падтрымка: Лена Прэнц, Валянціна Кісялёва. 7 ліпеня — 2 жніўня, Галерэя сучаснага мастацтва «Ў». Ідэя QAI/BY узнікла падчас арт-рэзідэнцыі польскага мастака Караля Радзішэўскага ў Мінску ў галерэі «Ў». Натхніўшыся фатаграфічнай серыяй Ігара Саўчанкі «Invisible» («Нябачнае»), мастак зрабіў спробу пагрузіцца ў беларускую вусную гісторыю і высветліць, што з’яўляецца або можа ўспрымацца як квір ў Беларусі з мінулага і дагэтуль.

img_0007_qai_exp_2016_web

Фота В. Харытонавай. Галерэя «Ў»

ВЫСТАВА СЯРГЕЯ ГУДЗІЛІНА «КАНДЭНСАТ» У МІНСКУ

5 — 28 жніўня,  прастора ЦЭХ. Гэта першая персанальная выстава беларускага фатографа, якая аб’ядноўвае серыі розных гадоў. Выстава стала магчымая дзякуючы праграме падтрымкі маладых мастакоў прасторы ЦЭХ і краўфандынгавай пляцоўкі Talaka.By.Выстава «Кандэнсат» з’яўляецца спецыфічнай спробай глядзець на Беларусь вачыма аднаго аўтара. У сваіх інтэрв’ю Сяргей Гудзілін зноў і зноў паўтарае: «Беларусь — адна з самых нязнятых краін свету». Калі падумаць, гэта ня проста гаворка аб тым, што Беларусь застаецца terra incognito як для замежнікаў, так і для саміх беларусаў, ня толькі прыгожая фраза, гэта кропка адліку і стратэгія Сяргея Гудзіліна.

Куратары: Андрэй Лянкевіч, Антаніна Серакова. Арт-мэнэджар: Ганна Карпенка.

З’ЯЎЛЕННЕ АРТ-ВЁСКІ КАПТАРУНЫ НА КУЛЬТУРНАЙ МАПЕ

Ліпень — арт-фэст і кінашкола «ХранатопЬ», жнівень — Першы Міжнародны літаратурны фестываль «Каптаруны». Арт-вёска Каптаруны — гэта мультыкультурнае месца для фестываляў, мастацкіх рэзідэнцый і адукацыйных праграм.Каптаруны знаходзяцца на скрыжаванні чатырох культур: беларускай, літоўскай, польскай і габрэйскай, а геаграфічна — на самай беларуска-літоўскай мяжы. Падрабязней ТУТ.

Перформанс Аляўціны Кахідзэ падчас Міжнароднага літаратурнага фестываля "Каптаруны"

Перформанс Аляўціны Кахідзэ падчас Міжнароднага літаратурнага фестываля «Каптаруны»

МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ

Верасень-кастрычнік, розныя пляцоўкі Мінска і Брэста.  Імклівае пашырэнне геаграфіі, дынаміка і рост цікавасці з боку беларускай публікі ды замежных гасцей да імпрэзаў МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ прымусіў каманду перагледзець фармат фестывалю і ўпершыню за тры гады зрабіць яго тэматычным. У якасці тэмы МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – 2016 была заяўленая апазіцыя «цэнтр/перыферыя». Падрабязней ТУТ.

Калектыў LĒD. «Набыты рэфлекс», 2015 – 2016

Калектыў LĒD. «Набыты рэфлекс», 2015 – 2016

«КАНКРЭТНА-ЭМАЦЫЙНАЕ»: МІЖ ПОМНІКАМ І РЫТУАЛАМ У БРЭСЦЕ

Мастакі: Калектыў Канкрэтных Датаў (Кіеў), Воля Сасноўская (Мінск), Аляксей Талстоў (Мінск), Антон Сарокін. Куратар: Аляксей Барысёнак.

Выстава, якая праходзіла ў з 23 верасня да 16 кастрычніка ў Прасторы КХ у межах Месяца фатаграфіі ў Мінску, ахоплівала тэматыку свята, рытуалу і абраднасці ў постсавецкім горадзе, у якім цесна пераплятаюцца савецкая спадчына і рэстаўрацыя кансерватыўнай ідэалогіі. Канструяванне гісторыі праз «канкрэтныя даты» святаў, калектыўнае цела, «канкрэтна-эмацыйнае» савецкага і постсавецкага гораду – сярод асноўных сюжэтаў выставы.

Фота Рамана Чмэля

Фота Рамана Чмэля

ПРАЕКТ «10 МАЙСТЭРНЯЎ» ГАЛЕРЭІ «Ў» 

Праект «10 майстэрняў» складаўся з 10 аўтарскіх праграм мастакоў — Міхаіла Гуліна, Вольгі Сазыкінай, Аляксея Лунёва, Вікі Мітрычэнкі, Максіма Тымінько, Ганны Сакаловай і Алега Юшко, групы «Bouillon» (Грузія), Сяргея Шабохіна, Жанны Гладко, Антаніны Слабодчыкавай.  Кожная праграма ўключала публічную сустрэчу, шасцідзённы закрыты практычны курс і праект, як вынік майстэрні напрыканцы праграмы. Красавік — лістапад.

ygallery

Прэзентацыя вынікаў майстэрняў Антаніны Слабодчыкавай і Жанны Гладко. Фота В. Харытонавай

АЛЯКСЕЙ ТАЛСТОЎ VS НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЦЭНТР СУЧАСНЫХ МАСТАЦТВАЎ

У лістападзе Аляксей Талстоў падаў скаргу ў суд з патрабаваннем адкрытай інфармацыі аб закупах у калекцыю Цэнтра. Суд Цэнтральнага раёна адмовіў яму на падставе таго, што гэтая інфрамацыя з’яўляецца закрытай. Падрабязней ТУТ.

talstou

Акцыя Аляксея Талстова «Ласунак» падчас адкрыцця выставы ў Музеі сучаснага мастацтва. Фота са старонкі ФБ.

Акрамя таго хацелі б адзначыць падзякай Андрэя Дурэйку, мастака з Беларусі, які ўжо доўгі час жыве ў Германіі, за тое, што дзякуючы ягонай Хроніцы мы на працягу ўжо другога года знаходзімся ў інфармацыйным глабальным поле.

З Новым годам і да сустрэчы ў наступным!

На вокладцы: публічная лекцыя Сяргея Шабохіна, фота Ірыны Лукашэнкі. 


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology