2016: МАСТАЦТВА, ЯКОЕ ЗВЯРТАЕЦЦА Ў СУД

Падводзіць вынікі года ў культурным полі заўсёды няпроста, бо ёсць верагоднасць на кагосьці забыцца, не заўважыць, стварыць заснаваную на асабістых густах сістэму прыярытэтаў. Асабліва, на маю думку, складана сёлета. З аднаго боку, наўрад ці можна казаць пра «выбухі», год і сапраўды быў у пэўным сэнсе прадказальным, без асаблівых зрухаў. З іншага — падзей і імёнаў па ўсёй Беларусі і нават на яе межах было шмат. Таму хацелася б паразважаць не проста аб тэндэнцыях, але адзначыць некаторыя выклікі, з якімі сустрэлася нашая арт-прастора і з якімі, хутчэй за ўсё, трэба будзе працаваць у наступным годзе.

СУПОЛЬНАСЦІ

Апошнім часам усё часцей у арт-полі Беларусі паўставала пытанне супольнасці. Яшчэ колькі год таму — ці то ў 2009 годзе падчас альтэрнатыўнага Беларускага павільёна 53 Венецыянскай біенале ў Мінску, альбо ў 2012 годзе ў кантэксце маштабнага праекта «Радыус нуля» — падавалася, што гэтае пытанне вызначана: ёсць «мы» і ёсць «яны». 2016-ы радыкальна ўзрушыў гэтыя межы, стала зразумела, што больш так проста і літаральна разумець, хто такія «мы», а хто «яны», немагчыма. Як і нельга ўвогуле казаць пра нейкую цэльную арт-супольнасць. Менавіта гэта, на маю думку, і ёсць найвялікшае дасягненне гэтага года: супольнасцей стала шмат і яны розныя.

Выстава Аляксея Талстога, Сталоўка YXZ. Фота Лэсі Пчолкі, FB

Выстава Аляксея Талстога, Сталоўка YXZ. Фота Лэсі Пчолкі, FB

Чаму гэта важна? Па-першае, зразумела, ніводная пляцоўка не ў стане аб’яднаць вакол сябе не толькі дзейных асобаў, але і аўдыторыю. Тым больш патрэбна шмат увагі надаваць палітыцы адкрытасці, пра што ў нас часта забываюцца. Таму, напрыклад, важнай падзеяй некалькі гадоў таму стала з’яўленне прасторы «ЦЭХ», якая, выступіўшы альтэрнатывай галерэі сучаснага мастацтва «Ў», вывела на культурную сцэну новыя імёны і новыя супольнасці. Адразу стала зразумела, гэтага мала — не хапае не проста фізічных прастор, але менавіта разнастайных цэнтраў для таго, каб розныя супольнасці горада сталі бачнымі. Гэтым годам мапа такіх прастор значна пашырылася. Хаб «Корпус8», прастора «Верх», «Мастацкі маёнтак» Вольгі Кліп, Сталоўка XYZ, майстэрня Міхаіла Гуліна і Антаніны Слабодчыкавай — кожнае гэтае месца мае свае асаблівасці і, галоўнае, публіку. Канешне, былі свае спрэчкі і скандалы, але, мне падаецца, гэта цалкам натуральна і перадусім карысна, бо дзякуючы гэтаму актыўна ў публічнай прасторы абмяркоўваліся пытанні этыкі, салідарнасці, калабарацыі, стратэгіі — то-бок мала проста быць, неабходна дакладна сфармаваць палітыку сваёй дзейнасці. Тое, што такое патрабаванне ўнутры поля ўзнікла, якраз і характарызуе ўскладненне паняцця супольнасці ў нашым кантэксце.

Па-другое, сярод гэтых розных супольнасцей відавочна стаў фармавацца арт-рынак, са з’яўленнем якога шмат хто звязваў пэўныя кардынальныя змены. Яшчэ ў мінулыя гады запрацавалі «Дом карцін», галерэі DK і «Імёны», другім разам адбыўся «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам». Тых змен, якіх чакала альтэрнатыўнае арт-поле, зразумела, не адбылося, што таксама цалкам прадказальна. Бо, зноў жа, «мы» і «яны» — цалкам абстрактныя катэгорыі, і таму думаць, што тыя, хто не «яны», то-бок не дзяржава, ёсць таксама «мы», памылкова. Капіталізацыя мастацтва ў тым сэнсе, як гэта магчыма ў нас, цяпер цалкам адбываецца, і адбываецца імкліва, дзякуючы чаму і ўскладняюцца ўзаемаадносіны актараў унутры поля. Акрамя таго, гэта становіцца выклікам і нагодай для мастакоў таксама дакладна акрэсліць сваю пазіцыю і стратэгіі.

Зразумела, пакуль капіталізацыя адбываецца зноў жа ва ўзаемадачыненні з пэўнымі супольнасцямі, не хапае разнастайнасці гэтай капіталізацыі. Але, па маім адчуванні, хутка мы прыйдзем і да гэтага, бо ўсё больш разнастайна — з рознымі эстэтычнымі густамі і палітычнай арыентацыяй — робіцца ў нас клас пакупнікоў і інвестараў у мастацтва, хоць відавочна бракуе асобы альбо групы, гатовай падтрымаць менавіта некамерцыйны актывісцкі культурны сектар. Бо пакуль не будзе створаная сапраўдная інстытуцыйная структура (не рынак) — з пэўным канцэптам сучаснага мастацтва, прэміямі, рэзідэнцыямі, выдавецтвам, арыентаваная менавіта на якасць, а не сяброўска-сямейныя стасункі, — тыя доўгачаканыя змены ў культурным ландшафце не адбудуцца. Хоць, паўтаруся, дзякуючы прыватным ініцыятывам кропкава за гэтыя гады зроблена ўжо нямала.

ГОД КУЛЬТУРЫ

Калі аналізаваць гэты год з пункту гледжання медыйнага шуму, безумоўным лідарам сёлета стала дзяржава. Спачатку Дэкрэтам аб сацыяльным утрыманні яна стварыла амаль немагчымыя для свабоднай творчасці ўмовы. Праўда, хутка зразумеўшы абсурднасць сітуацыі, дадала яшчэ больш абсурднае палажэнне, згодна з якім, атрымаўшы адмысловы сертыфікат, творчая асоба ўсё ж можа лічыцца творчай, не ўступаючы ў афіцыйныя саюзы. Далей абсурд множыўся працай камісіі, якая выдавала сертыфікаты, і хоць медыя шмат пісалі пра фарсападобнасць такой «экспертнасці», сітуацыя не мянялася, і ўжо напрыканцы года мастакі і мастачкі сталі атрымоўваць «лісты шчасця» ад падатковай, паралельна шукаючы магчымасці з’ехаць, каб дзесьці ў іншым месцы ствараць культурную спадчыну.

Акцыя Руслана Вашкевіча на сметніку пад Мінскам. Фота Вольгі Бубіч

Акцыя Руслана Вашкевіча на сметніку пад Мінскам. Фота Вольгі Бубіч

Увесь гэты працэс праходзіў пад шыльдаю Год культуры, ад якога, што праўда, мала хто чакаў чагосьці канструктыўнага, і нават не таму, што замоўца — дзяржава. Сумневы выклікалі выканаўцы, а менавіта Міністэрства культуры, якое застаецца адным з самых рэгрэсіўных дзяржаўных органаў, што, дарэчы, адзначыў нават Прэзідэнт, не заўважыўшы шмат культуры ў гэты год: «Не хацелася б, каб наступны Год навукі прайшоў гэтак жа, як Год культуры».  Не былі зроблены нават самыя простыя рэчы, напрыклад, адмена гастрольнага пасведчання, якое блакуе развіццё незалежнай сцэны, або адстойванне правоў работнікаў культуры як на ўзроўні статусу, так і матэрыяльна. Дарэчы, цікава, ці быў выдзелены для маштабных культурных падзеяў адмысловы бюджэт, і калі так, то на што ён пайшоў — на працу камісіі альбо на стварэнне яшчэ адной абсурднай паперы, з якой жыць прыйдзецца ўжо ў наступным годзе — Кодэкса аб культуры? Бо нават кінафестываль «Лістапад», які звычайна падтрымлівае Міністэрства культуры, не атрымаў поўнага фінансавання і вымушаны быў скарачаць праграму. Год культуры, кажаце?

Але, паўтараюся, наўрад ці хтосьці чакаў іншага, хоць з песімістычнымі прагнозамі напэўна былі і аптымістычныя, як дакладна адзначыў у сваім аглядзе Дзяніс Марціновіч. Альтэрнатыўнае поле, якое на сённяшні дзень стварае самае прыкметнае і запатрабаванае, у тым ліку на міжнароднай сцэне, поле культуры працягнула руцінна працаваць, знаходзячы альтэрнатыўныя сродкі для фінансавання і магчымасці рэалізоўваць свае праекты. Не таму, што Год культуры, а таму, што, выкарыстоўваючы назву недзяржаўнага конкурсу па культурнай журналістыцы, культура важыць. Адзінае, на што сталася здатнай гэтая шыльда, — справакаваць мастака Руслана Вашкевіча, які распачаў год сваім адказам дзяржаве — выставай «Канал Культуры», паставіў супрэматычную оперу ў Віцебску і завершыў год амбітным карпаратывам на гарадскім сметніку, такім чынам візуалізуючы тое месца, якое насамрэч займае культура ў палітыцы сучаснай беларускай дзяржавы.

Я — ГРАМАДЗЯНІН

Яшчэ адной важнай тэндэнцыяй, на мой погляд, стала адкрытае дэклараванне мастаком сваёй грамадзянскай пазіцыі. Не ў межах і не праз арт-праект, а менавіта фізічна, на палітычным узроўні.

Восенню гэтага года мастак Аляксей Талстоў звярнуўся ў суд са скаргай, у якой паставіў пытанне доступу да інфармацыі аб размеркаванні бюджэтных сродкаў на закупы ў калекцыю Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Мастак акцэнтаваў увагу менавіта на грамадзянскім складніку сваёй ініцыятывы: «Я з’яўляюся грамадзянінам Беларусі, але не магу атрымаць інфармацыю пра закупленыя творы… з гэтага вынікае, што просты грамадзянін не мае ніякай магчымасці даведацца пра сітуацыю ў фондах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Магчыма, той жа стан рэчаў назіраецца і ў іншых адпаведных установах». Але, і гэта зноў жа прадказальна, суд адмовіў яму ў скарзе, таму што, як аргументаваў адказны бок, разглядае гэтую ініцыятыву Талстова трэба менавіта як перформанс і нічога болей. З аднаго боку, гэта спроба вывесці жэст мастака на ўзровень банальнасці, знівеляваць ягоную палітычнасць, з іншага — у выніку якраз атрымалася падкрэсліць палітычны патэнцыял мастацтва, якое выходзіць за межы арт-установы і не проста апынаецца на вуліцы, але — звяртаецца ў суд. Гэтая тэндэнцыя ў прынцыпе ўласцівая сучаснаму глабальнаму свету, успомніць, напрыклад, Марыну Напрушкіну, якая ў Берліне працуе з бежанцамі. І ў гэтым сэнсе мы абсалютна сінхранізаваліся з іншымі кантэкстамі.

talstou

Акцыя Аляксея Талстова «Ласунак» падчас адкрыцця выставы ў Музеі сучаснага мастацтва. Фота са старонкі ФБ.

Такім чынам, руцінная праца працягнецца, але гэта будзе, на мой погляд, не той банальны ўзровень. Відавочна, рытуалы і ідэалогія афіцыйнай беларускай культуры ўжо не працуюць, для супраціву энергіі альтэрнатыўных ініцыятыў трэба прапанаваць штосьці ўзамен, і ў гэтым сэнсе наўрад ці дапаможа падатак на літаратуру, выдадзеную не ў Беларусі, альбо на «балванкі», які быццам бы павінен абараняць аўтарскія правы. Магчыма, зусім хутка мы будзем назіраць не проста стагнацыю афіцыйнай версіі культуры, але яе канчатковы сыход. Адкрытым пытаннем застаецца, што будзе далей і ці стане магчымым поле для розных версій культуры, бо мэта не ў тым, каб штосьці перамагло, але ў тым, як зрабіць, каб розныя супольнасці змаглі камфортна суіснаваць. Магчыма, выклікам талерантнасці будзе адметны наступны год.

Ва ўсялякім выпадку, я хацела б у гэта верыць.

Таня Арцімовіч

На вокладцы: фрагмент калажу Аляксандра Сон, у межах Майстэрні Антаніны Слабодчыкавай

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology