Bulbahuana: альбом для гарадскіх вар’ятаў ад Buben Naruszewicz Baisan

Авангарднае трыа Buben Naruszewicz Baisan прадстаўляе дэбютны альбом Bulbahuana.

Рэліз арыентаваны на гарадскіх вар’ятаў, ліміту сярэдняй рукі і філфак: харш-лірыка спакусліва сплятаецца з імправізамі Нарушэвіча і электронікай Бубена. У адрозненне ад сваіх папярэднікаў Iamb’n’bass i Skweee Belarus рэліз напалову англійскі. Калектыў, які дазваляе сабе люта імправізаваць на жывых выступах, запрашае ўсіх на прэзентацыю 18га лютага ў Мінску. (vk)

BNB - Bulbahuana cover

Vlad Buben — заснавальнік шэрагу музычных плыняў, адзін з бацькоў беларускай электроннай сцэны, альтэрнатыўны івэнт-прадусар. Стваральнік ТВ-шоў для MTV і шэрагу радыё-праектаў. Працы Бубена выдаваліся на 58 лэйблах па ўсім свеце, жывыя выступы адбыліся ў некалькіх дзесятках краінаў. Улад працуе ў шырокім дыяпазоне жанраў — ад дыска і тэхна да брэйк-кору і індастрыэла. З 2010 года супрацоўнічае з буйным дыстрыб’ютарам Believe Digital.

Леанід Нарушэвіч – авангардны музыка, знаны майстар інтуітыўнай імправізацыі. Заснавальнік і нязменны лідэр гурта «Князь Мышкин» з 1991, арганізатар фэста альтмузыкі «Сіні перац». У бэк-каталагу — тузіны альбомаў, што выходзілі на Wood Records, Geometria, Akatzia i Haze. Канцэртная траса — дзесяткі музычных і культурніцкіх фестываляў ва Ўсходняй і Заходняй еўропе. Адзін з рэдкіх беларускіх музыкаў, што гралі ў перадачы «Антропология», уладальнік Рок-Кароны «за адданасць жанру».

Baisan (Алесь Плотка) — характэрны выхадзец з гомельскага андэрграўнду, паэт, перакладчык і крыэйтар, лаўрэат і дыпламант беларускіх літпрэмій. Быў заўважаны як выканаўца ў JazzLatex, Samadhi Boom, TerraKod, аўтар для  Bigi і IvoryGod. Песні на словы выконваюць Gods Tower, Naka і Yellow Brick Road. Псеўданім Baisan паходзіць з марскога слэнгу, азначае«зямляк» і рэпрэзентуе ідэю беларусаў свету. Выдаў кнігу паэзіі «Байсан» і стварыў сімвал Vieršnica.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology