Пабачыла свет выданне «Мінск. Нонканфармізм-1980х»

У серыі «Калекцыя пАРТызана» выйшаў фотаальбом «Мінск. Нонканфармізм-1980х», куды ўвайшлі архіўныя фотаздымкі мастакоў і мастачак, удзельнікаў неафіцыйнай мастацкай плыні часоў перабудовы, а таксама ўспаміны пра самыя знакавыя выставы, падзеі і арт-групы.  

Кніга з’яўляецца працягам аднайменнай выставы, якая была зладжаная «pARTisan» у траўні 2015 года. 

Vokladka-NonConf_035-2

«Трэба адзначыць, што «нонканфармізм» у межах гэтага выдання адсылае толькі да мастацкага поля, не кранаючы нонканфармізм як сацыякультурны феномен, звязаны з дысідэнцкім рухам у Беларусі і музычнай сферай, хоць, безумоўна, гэтыя з’явы знаходзяцца ў непасрэдным узаемадзеянні. Поле фатаграфіі, якое актыўна развівалася ў тыя гады, таксама прадстаўленае ў кнізе фрагментарна. Мінск як прастора дзеяння паўстае тут, хутчэй, як вымушанасць. І да гэтай пары сувязь паміж арт-супольнасцямі розных гарадоў Беларусі вельмі слабая, таму ахапіць з’яву беларускага мастацкага нонканфармізму цалкам пакуль не бачыцца магчымым. У гэтым плане кніга Аляксандра Малея «Віцебскі “Квадрат”: мастацкае даследаванне нонканфармісцкага руху мастакоў у Віцебску і ў Мінску (1987–2000 гг.)», якая пабачыла свет у мінулым годзе, робіць значны ўнёсак у магчымасць будучага паўнавартаснага даследавання гэтага феномена.

Падзеі, што адбываліся тады, наўпрост ці ўскосна звязаныя не толькі з сучаснымі мастацкімі працэсамі ў Беларусі. У тым часе, шмат у чым рэвалюцыйным і вызначальным, можна і трэба шукаць адказы на многія пытанні, якія хвалююць тых, хто спрабуе сёння зразумець прастору, у якой жыве, і сваё месца ў ёй». 

Выказваем падзяку Галіне Васільевай, Андрэю Дурэйку, Алене Жданені, Гузэль Заляевай, Сяргею Кажамякіну, Вадзіму Качану, Ігару Кашкурэвічу, Сяргею Кірушчанку, Ліі Кісялёвай, Ігару Корзуну, Аляксандру Малею, Валерыю Мартынчыку, Галіне Маскалёвай, Уладзіміру Парфянку, Валерыю Песіну, Віктару Пятрову, Алесю Родзіну, Дзмітрыю Строцаву, сям’і Сурскіх, Наталлі Татур, сям’і Хацкевічаў, Віталю Чарнабрысаву, Ігару Цішыну, Дзмітрыю Ярмілаву. Асаблівую падзяку выказваем Адаму Глобусу, Юрыю Ігрушы, Андрэю Плясанаву, Вользе Сазыкінай, Аляксандру Угляніцы, Вользе Архіпавай і інтэрнэт-рэсурсу «Беларускі мастацкі авангард». І, безумоўна, Інстытуту імя Гётэ ў Мінску, персанальна Франку Баўману і Веры Дзядок, якія натхнілі нас на гэтае выданне.

Альбом ужо ў продажы! Шукайце ў краме «Ў», кнігарні «ЛогвінаЎ» (пр. Незалежнасці, 37а), кнігарні «Галіяфы» (Няміга, 3, пав. 66) і іншых крамах Мінска. 

Заснаваная ў 2009 годзе, серыя «Калекцыя пАРТызана» плануе сабраць the best беларускага арту — 32 альбомы (колькасць літараў у беларускім альфабэце), якія разам складуць унікальную энцыклапедычную візуальную азбуку, галерэю найноўшага беларускага мастацтва.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology