ТЭАТР НА СУЧАСНЫХ БАРЫКАДАХ

pARTisan #30’2015

Калі ў 1988 годзе паўставаў Тэатр Бюро Падарожжаў, Польшча чарговы раз стала барыкадай, якая пачынала новую эпоху ў гісторыі.

Мы, стваральнікі тэатра, належалі да пакалення, якое адной нагой стаяла ў камуністычнай рэчаіснасці, а другой — у новай Польшчы, якая тады адкрывалася для Еўропы і свету. Пасля доўгіх гадоў клаўстрафобіі і замкнёнасці ў рамках панурага рэжыму нас падсвядома і найбольш моцна захліснула адкрытасць.

Виступ Театру "Biuro Podrozy" (Польша) з виставою Carmen Funebre

Спектакль «Carmen Funebre». Фота В. Ландар

БАРЫКАДА ПЕРШАЯ — ПАШПАРТ

Назва тэатра была рэліктам перажыванняў, звязаных з чэргамі па пашпарт, які выдавалі ў паліцыі, чэргамі па візы, прыніжэннямі, звязанымі з працэдурай дазволу на выезд у любую еўрапейскую краіну (пра іншыя кантыненты не было і гаворкі). Праз усё гэта за мяжу выяжджалі толькі найбольш адчайныя або прывілеяваныя — наменклатура, да якой не належалі ані мы, ані нашыя маладыя гледачы. Затое Тэатр Бюро Падарожжаў прапанаваў маладым людзям падарожжы ва ўяўленні, якія павінны былі хоць на хвіліну адарваць ад рэчаіснасці Польскай Народнай Рэспублікі.

Першы спектакль Тэатру Бюро падарожжаў быў старанна адцэнзураваны. Але градус грамадства ўжо падрос, і таму ніхто не прыняў да ўвагі патрабаванняў цэнзараў. Мы вырушылі да свабоды.

БАРЫКАДА ДРУГАЯ — ТРАНСФАРМАЦЫЯ

Разам з сістэмнымі, ідэалагічнымі і грамадскімі зменамі насталі змены і ў ментальнасці суайчыннікаў. Перспектыва свабоднага рынку і лёгкіх грошай, заробленых гандлем з раскладушак, ашаламіла народ. Продаж і скупка — першы спажывецкі досвед — прывёў да таго, што культура і тэатр сышлі далёка на задні плян. Рэпертуарныя тэатры пуставалі. Офавыя, або альтэрнатыўныя, як іх тады называлі, мелі маленькую аўдыторыю, якая складалася галоўным чынам са знаёмых. Змагаючыся за выжыванне, Тэатр Бюро Падарожжаў выходзіў на вуліцы да гледачоў і шукаў спосабы перамагчы барыкады з раскладушак (называных тады «сківіцамі»), на якіх вулічныя гандляры раскладалі тавары. На вуліцах квітнеў дзікі капіталізм. Мы перанесліся на вольнае паветра, у пленер, на вуліцы гарадоў і мястэчак, у публічную прастору, якая да часоў трансфармацыі была закрытая для мастацкай творчасці. Узніклі першыя пленэрныя спектаклі, якія дастаткова моцна пазначылі мову і эстэтыку Тэатра Бюро падарожжаў. З гэтымі спектаклямі мы аб’ехалі ўсю Польшчу, распаўсюджваючы новую якасць тэатра — пленэрны тэатр, які заўжды быў чаканым святам, асабліва ў малых мястэчках, дзе не было рэпертуарных тэатраў.

БАРЫКАДА ТРЭЦЯЯ — ТЭМАТЫКА

Ад самага стварэння тэатра нашай марай і мэтай было расказваць пра свет — ягоныя з’явы, факты, змены. Стомленыя мясцовай перспектывай, да якой абмяжоўвала нас ПНР, мы цікавіліся тым, што адбывалася за польскай мяжой. Такім чынам мы і наткнуліся на чарговую барыкаду — барыкаду тэматыкі. Калі паўставаў «Carmen Funebre» — спектакль пра вайну, інспіраваны падзеямі ў былой Югаславіі, мы збіралі матэрыял з дакладаў Тадэвуша Мазавецкага, прадстаўніка ААН у справе злачынстваў супраць чалавечнасці, шукалі разумення ў сустрэчах з уцекачамі з Босьніі, праз што нашыя гледачы круцілі пальцамі ля скроні. Ім складана было зразумець, навошта мы замяняем забаву на сур’ёзную дыскусію аб трагедыі, а Польшчу на Югаславію. Мы ішлі супраць плыні, цвёрда трымаючыся свайго непапулярнага погляду на фармат пленэрнага тэатра. І мы выйгралі гэтую «бітву», атрымаўшы самыя важныя ўзнагароды на фестывалі Фрындж у Эдынбургу ў 1995 годзе — Fringe First і Critics Award, а праз год — Hamada Award, таксама ў Эдынбургу.

Виступ Театру «Biuro Podrozy» (Польша) з виставою «Carmen Funebre»

Спектакль «Carmen Funebre». Фота В. Ландар

Для фестывалю Франдж мы былі пераломам. На наш спектакль прыходзілі палітыкі, мастакі, журналісты — рэдкая з’ява для маладога тэатра з Польшчы. Стывен Бэркоф, вядомы брытанскі і галівудскі актор, напісаў пра нас у газеце «Evening Standard»: «Рэакцыя польскага тэатра на вар’яцтва вайны ў Босніі — гэта адзін з найважнейшых спектакляў, які я калі-небудзь бачыў».

БАРЫКАДА ЧАЦВЁРТАЯ — АСВАЕННЕ СВЕТУ

З 1995 года нашае жыццё — падарожжы з фестывалю на фестываль. Тое, пра што мы марылі, споўнілася, і свет адкрыўся нам. Нашая назва аказалася прарочай. Еўропа стала цеснай. Мы пачалі выязджаць у Паўднёвую Амерыку. Сустракаліся з 5-10-тысячнай аўдыторыяй на пляцах вялікіх паўднёваамерыканскіх гарадоў. Шмат разоў пасля спектакля чулі каментары і пытанні: як вам удалося паставіць спектакль пра нас, паўстанцаў з Чыяпас, пра калумбійцаў, змучаных грамадзянскай вайной, аргентынцаў, траўмаваных хунтай, бразыльцаў, спалоханых уласнай брутальнасцю і гвалтам, што выліваецца з фавелаў?

Гэта атрымалася таму, што мы закранулі самыя першасныя, важныя, уражлівыя струны ў чалавеку, расказваючы яму не тэкстам, а вобразамі пра ўніверсальны досвед, якім ёсць вайна, гвалт, але і надзея.

У 2005 годзе мы паехалі ў Тэгеран. Гэта было нашае першае падарожжа на Блізкі Ўсход. Закрыты на той час, Іран асцярожна выбіраў гасьцей. Нашыя спектаклі тады другі раз прайшлі праз грунтоўную цэнзуру — тым разам імамаў, што адказвалі за захоўванне маральнасці. У адрозьненне ад спектакляў, якія граліся ў тэатральных залах, свой мы сыгралі на плошчы з вольным уваходам. На тысячах засяроджаных твараў мы чыталі эмоцыі. І зноў сустрэчы пасля спектаклю і словы: «я курд, і гэты спектакль пра мяне»; «як добра, што вы прыехалі ў Іран, нам патрэбныя такія перажыванні». Іранкі, рызыкуючы нарвацца на канфлікт з паліцыяй, падавалі руку акторам, іранцы падавалі руку акторкам (у 2005 годзе жанчына не мела права падаваць рукі мужчыну).

Потым мы вярталіся ў Тэгеран чатыры разы, заўжды захопленыя ўражлівасцю, абазнанасцю і сардэчнасцю іранцаў. Блізкі Ўсход уразіў нас. Тады яго паўсюдна і са страхам успрымалі праз прызму Аль-Каіды, але ў тыя часы ён быў яшчэ вольны ад радыкалізму, жорсткасці і бескапраміснасці Ісламскай дзяржавы. У 2008 годзе мы паехалі ў Бейрут, на мяжы прадставіўшыся настаўнікамі, бо акторы былі непажаданай прафэсійнай катэгорыяй, больш асацыяваліся з сэкс-бізнэсам, чым з мастацтвам. Наш план палягаў у тым, каб трапіць у лагер для палестынскіх учекачоў і завязаць супрацоўніцтва з палестынцамі. Гэта было няпроста і вымагала дзеянняў на мяжы закону. Складана было і таму, што палестынцы былі вельмі недаверлівыя да чужынцаў і да супрацоўніцтва з ліванскімі ўстановамі. Мы атрымалі згоду на ўваход у лагер Бурж-эль-Барайнэх — лагер, створаны ў паўднёвым Бейруце ў 1948 годзе, дзе на плошчы 1 кв. км жылі 20 тысяч уцекачоў. Без дакументаў, права на працу ў Ліване, вырачаныя на скучанае існаванне ў цесных бетонных сценах, маючы доступ толькі да салёнай марской вады. Мы праводзілі ў лагеры цэлыя дні, рэканструюючы сцэнаграфію разам з палестынцамі. Мы з імі пасябравалі. Гасцявалі ў іх дома. Урэшце з намі пачалі размаўляць нават жанчыны, якія трымаліся здалёку. Увесь лагер ведаў пра нас і прыйшоў на спектакль, які мы гралі ў адзіным адпаведным для тэатральнай прасторы месцы — маленькім пляцыку паміж найбольшай у Бейруце сартавальняй смецця і могілкамі, пад помнікам, прысвечаным Ясіру Арафату, які некалькі гадоў жыў у Бурж-эль-Барайнэх. Мы былі першым тэатрам, які паставіў спектакль у лагеры.

070

Рэпетыцыя спектакля «Carmen Funebre» у лагеры для бежанцаў

У 2009 годзе мы паехалі на Заходні Бераг, у Бетлеем, Рамалу і Джэнін. Спектаклі і спатканні з незвычайнымі людзьмі, мастакамі, якія распавядалі пра панурае існаванне ў выпаленай сонцам прасторы, акружанай ізраільскай сцяной — і размовы аб прыўкрасным мастацтве, якое расце на гэтай сухой глебе.

У 2012 годзе мы паехалі ў ірацкі Курдыстан. Першы досвед курдскай рэчаіснасці — уламанне ў наш мэрсэдэс у Сулейманіі, які мясцовая паліцыя палічыла выбуховым аўтамабілем-пасткай. З трох спектакляў, што мы сыгралі ў Сулейманіі, Эрбіі і Халабджы, найбольш выключны, бо незапланаваны, быў у Халабджы. Халабджа — гэта горад-сімвал курдскага этнацыду. У 1998 годзе рэжым Садама Хусэйна скінуў на горад хімічную бомбу. Тады загінула 5 тысяч мірных курдаў, 10 тысяч былі параненыя ці скалечаныя. Сёння гэтае забытае, спустошанае месца жыве трагедыяй 27-гадовай даўніны, у горадзе няма нават кінатэатру. Мы прыехалі, змантавалі сцэнаграфію на пустой вуліцы, падключылі ток з вулічнага ліхтара — неафіцыйна, напаўлегальна, без папярэдняй рэкламы. Навіна разляцелася як бліскавіца. На спектакль прыйшлі 4 тыс. гледачоў — галоўным чынам мужчыны; жанчынам іслам абмяжоўвае забавы. Потым яны не хацелі разыходзіцца па хатах. Дапамагалі пакавацца, дэмантаваць сцэну.

У 2014 годзе, ужо перад самым носам звар’яцелай ісламскай дзяржавы, мы сыгралі спектакль у турэцкім Курдыстане, які пачаў радыкалізавацца. У горадзе Кызылтэпе, поўным сырыйскіх уцекачоў і фрустраваных курдаў, падчас спектаклю, у сцэне, дзе ў неба падымаюцца маленькія домікі, прычэпленыя да зялёных надзіманых шарыкаў, людзі крычалі: «Кабані!» (курдскі горад, сымбаль пакутаў і барацьбы супраць джыхадыстаў, адбіты курдскай добраахвотнай арміяй пешмерга — заўвага перакладчыка). Пасля спектакля дайшло да антытурэцкіх выступаў, і ўмяшалася турэцкая паліцыя. Мы адчулі сябе як у Польшчы падчас ваеннага становішча.

Спектакль «Carmen Funebre». Фота Валерыі Ландар

Спектакль «Carmen Funebre». Фота В. Ландар

ШТО ЛЮДЗЕЙ НЕ ЗАБ’Е, ТОЕ ІХ УМАЦУЕ

Наш шматгадовы досвед паказвае, што тэатр можа ўплываць на лёс асобнага чалавека, фармаваць свядомасць і аб’ядноўваць людзей, нягледзячы на культурныя, моўныя, палітычныя ці рэлігійныя адрозненні. Самая цудоўная рэч — гэта ўдзячнасць гледачоў пасля спектаклю, слёзы, поціск рук. І памяць, бо мы ведаем: нашыя спектаклі жывуць у памяці гледачоў да сёння. Шмат каму з творцаў мы сталі ўзорам і доказам, што можна і варта ствараць незалежны тэатр у публічнай прасторы, бо сіла яго ўздзеяння — магутная. Дзякуючы такому досведу мы маем смеласць ехаць туды, дзе няма стабілізацыі і бяспекі. Дзякуючы нашым спектаклям гледачы вызваляюць свае эмоцыі і ствараюць супольнасць, аб’яднаныя перажываннямі моманту. Ім ёсць пра што памятаць, бо на момант яны становяцца героямі спектаклю.

Марта Стшалко

Познань, 12.10.2015

З 15 сакавіка па 20 сакавіка знакаміты Тэатр Бюро Падарожжаў з Познані пакажа ў Беларусі пластычны спектакль «Вот такая жизнь» («Vot Takaya Zhizn»). Падрабязней ТУТ.

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology