Сустрэча з Альгердам Бахарэвічам у «Акадэмкнізе»

22 сакавіка ў кнігарні «Акадэмкніга» пройдзе сустрэча з Альгердам Бахарэвічам.

Пісьменнік прадставіць сваю апошнюю кнігу — «Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры», якая выйшла напрыканцы 2016 году ў выдавецтве Зміцера Коласа, і адкажа на пытанні чытачоў. Кожны ўладальнік кнігі зможа атрымаць на сустрэчы аўтарскі аўтограф.

afisha_akademkniha2_sm

Альгерд Бахарэвіч напісаў «Бэзавы і чорны» ў Парыжы, дзе атрымаў летась літаратурную стыпендыю ў міжнародным Цэнтры Рыкале. Выданне для Беларусі незвычайнае: пад адной вокладкай змешчаныя эсэ, прысвечаныя беларускім»слядам» ў францускай сталіцы, апавяданне «Магіла Нестара Махно», біяграфічныя нататкі, вершы, спроба містычнага літаратуразнаўства. Якое месца займаў Парыж у творчасці беларускіх класікаў і пісьменнікаў савецкага часу, што гэтае месца значыць для сучаснай беларускай літаратуры, хто мы для Еўропы і што такое Еўропа для нас — вось асноўныя тэмы гэтай кнігі. Сам аўтар называе яе «антышляхаводнікам«па Парыжы.

Кніга «Бэзавы і чорны» паспяхова паўдзельнічала ў прэміі «Кніга году», дзе заняла другое месца, падзяліўшы яго з «Айчынай» Уладзімера Арлова і Паўла Татарнікава. Другое месца сярод усіх намінаваных кніг аддалі ёй і эксперты кніжнага галасавання на Радыё Свабода.

«Кніга таленавітая, рызыкоўная ды шматслойная. Якая нават у сваёй непаслядоўнасці ды мазаічнасці вабіць пазначэннем вектара супольнага руху — праз інерцыйную „парыжскасць“ да самадастатковай еўрапейскасці», — піша пра «Бэзавы і чорны» Максім Жбанкоў.

«У „Бэзавы і чорным“ Бахарэвіч ізноў паўтарае, што пісьменнік не павінен быць добрым. Але як бы ён ні крытыкаваў такі падыход, „БіЧ“ атрымалася добрай кнігай. Магчыма, самай добрай з напісаных Бахарэвічам», — адзначае ў сваёй рэцэнзіі Дзмітры Гурневіч.

Сустрэча пройдзе ў вялікай залі кнігарні.
Пачатак — а 18.30.
Уваход вольны.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology