Мастацтва памежных станаў

Аляксей Лунёў, сэрыя «Duty free»

Аляксей Лунёў, сэрыя «Duty free»

Аляксей Лунёў, сэрыя «Duty free»

Аляксей Лунёў, сэрыя «Duty free»

Аляксей Лунёў, сэрыя «Duty free»

Аляксей Лунёў, сэрыя «Duty free»

Аляксей Лунёў, сэрыя «Duty free»

Аляксей Лунёў, сэрыя «Duty free»

Аляксей Лунёў, сэрыя «Duty free»

1

Нэкрарэалізм — дзіўны павеў у савецкім мастацтве, прадуктам якога сталася вывернутая навыварат таталітарная рэчаіснасьць, шчодра запраўленая іррэальнай вераю ў сьветлае заўтра, якое вось-вось павінна было надыйсьці, але зь незразумелых прычынаў адкладалася ў неспасьцігальныя касьмічныя далячыні.

2

Нэкрарэалізм нарадзіўся ў нетрах калектыўнага розуму ленінградзкіх мастакоў, якія так і не дачакаліся надыходу камунізму, абяцанага Хрушчовым, але ўсім сваім творчым боскім нутром прадчувалі пагібель крыштальнага шару, сьпярэшчанага тоненькімі расколінамі. Як выявілася, у сэрцы гэтай мэтафізычнай сфэры крылася зусім не сьвятло, а нешта зь цёмных матэрыяў. Верагодна, з гэтай прычыны перакрэсьленая прыстаўка «сац» мэтамарфізавалася ў гучную й агрэсіўную «нэкра».

3

Лічыцца, што архітэктарам гэтых змрочных кінэматаграфічных катакомбаў стаў Яўген Юфіт. Ён быў савецкім інжынэрам і спазнаў зьсярэдзіны жыцьцё прамысловых мурашнікаў. Яўген арганізаваў паўпадпольную студыю кіно «Мжалалафільм». Пад гэтым, здавалася б, забаўным спалучэньнем літар крылася лучнасьць, у выніку якой зьявіліся ў матэрыяльным сьвеце «Лесасек», «Вясна», «Мужнасьць», «Вепрукі суіцыду». Такія раньнія й неверагодна адважныя кінапрацы, якія ўсмакталіся, нібы энэргія цёмнай матэрыі, у савецкую кінастужку. Убачыўшы гэтае нешта новае, гледачы адчуваюць шок. Верагодна, у глыбіні сьвядомасьці лунае страх быць пасаджаным у андропаўскую псыхушку.

4

Хтосьці шукае ў гэтым эпізоды зь філязофіі «нуара». Разумныя людзі кажуць, што паваенная чорна-белая дэпрэсія ў кіно нейкім чынам празь дзесяцігодзьдзі пракралася ў галаўны мозг савецкага інжынэра й адкрыла ў ім мастака, а ўжо потым і панесьліся дзівацкія кінапрацы. Нуар — вытанчаны ў дадзеным кантэксьце, а нэкрарэалізм — увесь у рыўках і радыкальных падарожжах. Нуар канцэнтруе позірк на эстэтычна дасканалым малюнку, нэкрарэалізм — прымушае міргаць вачыма й думаць, што ж ня так у гэтым сьвеце, калі падобныя, памежныя са сьмерцю, працы становяцца часткаю рэчаіснасьці, альбо папросту — рэалізму.

5

Хтосьці шукае ў нэкрарэалізьме спадчыну Фрыдрыха Мурнаў. Маўляў, гэта ўсё нямецкі экспрэсіянізм і ягоны ашалелы ўплыў. Так і ёсьць. Толькі вось жах відавочны зь цягам часу трансфармуецца ў паранаідальны страх, які закапаўся глыбока ў душы чалавека й нагадвае пра сябе ў выключна рэдкія моманты прасьвятленьня. Несьвядомае толькі адкрытае. Але, як і ядзернай энэргіяй, ім навучыліся карыстацца не адразу.

Такім чынам, атрымліваецца, што нэкрарэалізм — гэта й ёсьць адпрацаваная тэорыя несьвядомага. Выродлівая, вечная, парадаксальная, якая выходзіць за межы «нормы».

Навыкі Мурнаў і фантазія Фройда. Адушаўлёныя, яны сустракаюцца ў дзіцячым сьне й праходзяць з рэжысэрамі ўвесь цярністы жыцьцёвы шлях, пэрыядычна зазіраючы ў душы гледачоў і бесцырымонна нявечачы іх.

6

Кульмінацыяй усёй плыні стаўся фільм «Тата, памёр Дзед Мароз», створаны Яўгенам Юфітам у 1991 годзе. Калі глядзець павярхоўна на гэты твор агучанага кіно, якое нямее, то сутнасьць будзе крыцца ў трох словах: трупы, трупы, трупы. Іх перакочваньне.

Натхнёны савецкай лібэралізацыяй і паказаны на дзясятках прэстыжных фэстаў, фільм становіцца люстэркам, што вяшчае: з савецкім чалавекам штосьці ня так. Садамазахісцкія практыкі, якія ў 30-я былі знакамі ахвярнасьці й барацьбой за сьветлае жыцьцё, у 90-х скаціліся да млявапраяўнай шызафрэніі. Прыроджанага дыягназу кожнага, чыя псыхіка зь дзяцінства была дэфармаваная абліччамі ідэйна мёртвых правадыроў. Квінтэсэнцыя эпохі пышных пахаваньняў, задакумэнтаваная ў аўтарскім кіно Яўгена Георгіевіча.

7

Уся творчасьць Юфіта й ягоных паплечнікаў — пошук фармацыі новага чалавека. Вызначэньне мэтадаў яго стварэньня. «Срэбныя галовы» — яскравы прыклад, які, магчыма, намякае, што новы чалавек зусім не прадукт прыкладной навукі. Толькі духоўныя, часткова ніцшэанскія, практыкі могуць пасяліць якасна новы, мадэрнізаваны дух і вызначыць іншы шлях нашага разьвіцьця. Ці трэці варыянт — абсалютная бязмэтнасьць і надзея на вышэйшую сілу. «Рыцары паднябесься», якія здымаліся на вуліцах і ў памяшканьнях дзіўнага гораду, нясуць такую думку. Манумэнтальная назва, якая хавае за сабою брудападобную рэальнасьць. Утоеныя псыхозы, якія нагадваюць бомбу запаволенага дзеяньня. Можна толькі адтэрмінаваць, але прадухіліць, на жаль, — ніяк…

8

Сучаснаму гледачу, насычанаму эксплюатэйшэн-фільмамі, нэкрарэалізм можа падацца сумным, а акрамя гэтага — рудымэнтарнай зьяваю ў кінэматографе. У пошуках яркага й відовішчнага малюнку разбэшчаны плынямі інфармацыі глядач наўрад ці разгледзіць сутнасьць. А яна — голая ўся — паўстала перад заснулым апэратарам і спыніла час.

Фільмы гэтай эпохі пагружаюць. Найперш — тых, хто сам апынуўся ў жорнах сыстэмы. Назіраў знутры чалавечую пакуту й падгарэлыя грэнкі з працоўна-сялянскага матэрыялу. Зараз жа не прынята займацца творчасьцю дзеля творчасьці. Дзеля грошай — але не для кіно. Дзеля малюнку, але не для гісторыі.

9

Нэкрарэалізм памёр. Гэта сапраўды так. Як і рымская імпэратарская ўлада, ён проста вырадзіўся ў пэўны момант і стаўся здабыткам гісторыі. Дыягназам грамадзтву, а не павевам у сучасным мастацтве. Трывалай плятформай, якая самасфармавалася ў патрэбным месцы й у патрэбны час, а да пачатку нулявых заржавела й патанула ў інфармацыйным віры. Рыцары паднябесься памерлі, а Дзед Мароз так і не ўваскрэс.

10

Тым ня менш хочацца верыць, што прыйдзе час, калі зь бездані зноў вернуцца старанныя вучні Юфіта. Былыя джэдаі, якія сталі сітхамі мэдыяпрастораў, ускаламуцяць розум. Выклічуць сваімі працамі сапраўднае збавеньне ад сьмецьця, што даўно загрувасьціла сабою ісьціну й падзяліла на нуль сьвет тонкіх мэтафізычных матэрыяў.

У нетрах нэкрарэалізму

Калі паглыбляцца ў філязофскую канстатацыю існаваньня нэкрарэалізму як самастойнага кірунку мастацтва, то найперш трэба вывучыць савецкую таталітарную прапаганду. Пачынаць з процілеглага боку барыкады лепш таму, што ўся ідэалёгія савецкай дзяржавы ў другой палове ХХ стагодзьдзя ўяўляла сабой глябальны культ сьмерці, пабудаваны на сьмерці. Ратныя подзьвігі тых, хто пайшоў у лепшы сьвет падчас Другой Сусьветнай вайны, павінны былі быццам бы натхняць на падобныя дзеі мірнае насельніцтва. Сам кірунак узьнік у глыбінях брэжнеўскага застою, на пачатку 1980-х гадоў у Ленінградзе.

За межы гораду працы мастакоў, фатографаў і рэжысэраў выйшлі толькі ў апошнія гады перабудовы, а з наступам капіталізму ў Расеі й зусім страцілі сваю актуальнасьць, далікатна саступіўшы месца эўрапейскаму постпостмадэрнізму.

Такім чынам, адваротныя бакі памежнага стану, душэўнага перажываньня й неапраўданага бунтарства, застылага на стужцы часу, увасобіліся ў гэтай плыні. Першапачаткова — чорна-белыя фатаграфіі. Як вынік — кінастужкі й цэлыя мастацкія выставы. Перажыўшы росквіт у1990–1991 гадах, нэкрарэалізм стаўся здабыткам андэрграўнду, так і ня ўліўшыся ў мэйнстрым.

Акрамя заснавальніка Яўгена Юфіта можна назваць наступных творцаў нэкрарэалістычнай думкі першай паловы 1980-х:

Уладзімер Кустаў — расейскі радыкальны мастак, фатограф і пэрформэр. У сваіх працах з пункту гледжаньня мастацтва дасьледуе памежныя станы паміж жыцьцём і сьмерцю. Кульмінацыйны прадукт гэтых падарожжаў — інсталяцыя «Кома».

Сяргей Серп — расейскі мастак-нэкрарэаліст. Адметнасьць ягоных працаў палягае ў каляровых гамах. У адрозьненьне ад чорна-белых брутальных мастацкіх імправізацыяў многіх іншых нэкрарэалістаў, працы Сяргея Серпа вылучаюцца яркімі фарбамі, якія ствараюць эфэкт экспрэсіі. У нейкай жартаўлівай, блізкай да гульні форме ён выбудоўвае калідор ілюзіяў. Уласна, ілюзія, паводле вэрсіі нэкрарэалістаў, і ёсьць адзіным агульным паміж сьмерцю й мастацтвам.

Канстанцін Міценеў — рэжысэр экспэрымэнтальнага кіно, мэдыямастак, фатограф. Нэкрарэалізм у ягоным разуменьні называўся «паралельным кіно» і, паводле яго словаў, быў узноўлены для агаленьня ўсёй дэбільнасьці гэтага сьвету. На дадзены момант працуе ў сфэры лічбавага мастацтва, блізкага да посткібэрпанкаўскай фармацыі.

Ігар Бязрукаў — актор і рэжысэр кіно, мастак. Найбольш вядомая праца ў кіно — «Шчыгрынавая костка». Разам зь Яўгенам Юфітам працаваў над фільмам «Рыцары паднябесься» й вучыўся ў адной кінашколе.

Сёньня творы нэкрарэалістаў знаходзяцца ў мностве музэяў сьвету, а самі мастакі працягваюць працаваць у зусім розных плынях мастацтва. Многія зь іх сталі ляўрэатамі прэстыжных прэміяў у галіне сучаснага мастацтва.

Фатаграфіі © з архіва Аляксея Лунёва, пэрсанальная старонка Галерэі «Ў»

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкула выкарыстоўваньне аўтарскага візуальнага матэрыяла забароненае.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology